Беларуска выйграла падарожжа за 12 тысяч рублёў і вырашыла яго прадаць
Выданне «Моцныя навіны» заўважыла на «Куфры» аб’яву аб продажы выйгрышнага сертыфіката на падарожжа ў ААЭ на 12 тысяч рублёў.
Аўтар аб'явы — Таццяна з Мінска. Дзяўчына піша, што выйграла пуцёўку ў рэкламнай гульні крамы «Маяк». Аднак сама ляцець у падарожжа не збіраецца, таму выставіла сертыфікат на продаж — за 10 тысяч рублёў. Грашыма выйгрыш па ўмовах гульні забраць нельга.
Ва ўмовах сертыфіката сказана, што ён дае права на паездку ў Дубай для аднаго або двух чалавек. Сюды ўваходзяць: прамы пералёт, трансфер, пражыванне ў гатэлі 4 зоркі і вышэй, харчаванне, экскурсіі і страхоўка. Калі кошт паездкі акажацца вышэйшым — можна самім даплаціць. Дамову на тур трэба паспець заключыць да 30 мая, а паляцець можна да канца года.
Дзяўчына ўдакладніла, што замест ААЭ можна паляцець у любую іншую краіну — умовы конкурсу гэта дазваляюць.
«Моцныя навіны» хацелі ўдакладніць у аўтара, ці ўпэўненая яна ў тым, што сертыфікат можа выкарыстаць любы іншы чалавек і ці можа яна даказаць сапраўднасць дакумента, але адказу ў паведамленнях так і не атрымалі. А нумара тэлефона ў аб’яве няма.
Чытайце таксама:
У свеце ёсць адзінае ўнікальнае месца, адкуль вада можа патрапіць у тры акіяны
Маршрут выхаднога дня на захад ад Мінска: дух барока, унікальныя мазаікі і скрыжаванне рэлігій
Мінімальная норма — 100 кіламетраў у дзень: жыхар Пінска аб'ехаў на ровары ўсе раёны Беларусі
Ахвотным наведаць Афганістан цяпер можна зрабіць гэта прасцей