«Вымерла і вымерла». Расійскі блогер Штафанаў выказаўся пра беларускую мову. Комікі Мірзалізадэ і Крывец зарубіліся з ім
«У вас два шляхі: альбо змірыцца з тым, што беларуская мова памірае, альбо звярнуцца да дзяржаўнага гвалту», — заявіў Штафанаў.
Прэв'ю відэа Аляксандра Штафанава
Спрэчка пра беларускую мову і імперскасць расейцаў завязалася паміж беларускімі стэндап-комікамі Ідракам Мірзалізадэ і Пашам Крыўцом за аднаго боку і расійскім блогерам Аляксандрам Штафанавым з другога.
Пачалося з таго, што комікі ў выпуску свайго шоу «Нізкія розумы» вырашылі абмеркаваць постаць Штафанава. Яны назвалі яго «падданым імперыі» і «імперскім карнетам».
«Губкі ў яго такія правільныя. Такія вельмі правільныя, імперскія губы. Удумлівыя. Адразу відаць — чалавек строгіх поглядаў», —
выказаўся Мірзалізадэ. Трохі пазней ён патлумачыў, чаму яму не падабаецца блогер:
«Проста я часам чытаю (…) тэзісы яго некаторыя, асабліва пра мовы. Я думаю: а ты, можа быць, ад***шся ад таго, як наогул з мовамі ў Беларусі ці ва Украіне? Ты хочаш быць падданым імперыі — абмяркоўвай толькі праблемы сваёй імперыі».
Рэакцыя Штафанава: Ніякімі метадамі, акрамя як дзяржаўным гвалтам, беларускай мовы не выратаваць
Аляксандр Штафанаў у адказ на гэты запісаў відэа, у якім адрэагаваў на крытыку стэндапераў.
«Ідрак Мірзалізадэ вызначае сябе як беларуса — гэта яго права, ён безумоўна беларус. Але чаму я меншы беларус у гэтым кантэксце, мне не вельмі зразумела. Таму што ў мяне мацярынская лінія ўся з беларускай вёскі ў Мінскай вобласці. І вывучаў я беларускую мову, і глыбока я ў тэме праблем беларускай мовы», — заўважыў на пачатку Аляксандр, які школьныя гады правёў у Віцебску.
Далей блогер паспрабаваў падлавіць комікаў: яны абмяркоўваюць беларускую ідэнтычнасць і крытыкуюць яго «імперскасць», карыстаючыся пры гэтым рускай мовай. Блогер звярнуў увагу на невялікі сюжэт з ток-шоу, дзе стэндаперы разважаюць пра меркаванне Бяляцкага аб неабходнасці выдання за мяжой кніг беларускіх аўтараў на беларускай мове. Там Ідрак заўважае:
«Лёгка сказаць, але насамрэч, калі ты робіш перадачу ці робіш штосьці на беларускай мове, ты разумееш, што, на жаль, пакуль попыт не такі, які можа мець моцны эфект».
«І таму вы гаворыце на рускай мове. Бяда. Вось калі б была нейкая дзяржава ў вас у руках і можна было б гвалтоўна прымусіць гаварыць на беларускай — гэта было б здорава. А так, добраахвотна — мы самі не хочам гаварыць на беларускай. Хоць справядлівасці дзеля яны робяць нейкія шоу «Гутаркі» (вымаўляючы гэтае слова, Штафанаў зрабіў націск на другім складзе. — НН) на беларускай мове.
Можаце мяне паклікаць, я з вамі магу на беларускай мове правесці шоу. Ну, праўда, мая беларуская мова, вядома, будзе… неймаверная, але я думаю, што ў вас там не моцна лепшая, калі шчыра. Ну, хоць калі яны рэгулярна робяць шоу, вядома, напэўна, яна лепшая. Але я думаю, што мы на адным узроўні суржыку будзем гаварыць беларускага», — пракаментаваў Штафанаў.
На думку блогера, сітуацыя з беларускай мовай не зменіцца без ужывання «дзяржаўнага прымусу».
«У вас два шляхі: альбо змірыцца з тым, што беларуская мова памірае, альбо звярнуцца да дзяржаўнага гвалту», — заявіў Штафанаў.
Пасля ён дадаў пра трэці шлях — ствараць стымулы, каб людзі гаварылі па-беларуску.
«А потым вы глядзіце на гэтыя стымулы: квоты, абавязковае вяшчанне 55 адсоткаў на такой вось мове. Ахрэнець стымулы. Не працуюць ніякія стымулы. (…) Працуе прымус дзяржаўны. Украіна гэта насамрэч наглядна паказала.
Пачалі пасля 2014 года актыўны дзяржаўны прымус (і да гэтага насамрэч таксама дзесяцігоддзямі быў актыўны дзяржаўны прымус, за выключэннем перыяду пры Януковічу і, можа быць, там трохі перыяду пры Юшчанку). Сталі ўкраінізавацца. Яшчэ і як бы гэта наклалася на вайну, з-за чаго там уся інфраструктура зарабіла цудоўна. І можна было перавесці значную частку нацыі на ўкраінскую.
У Беларусі сітуацыя значна горшая. Колькасць людзей, якія цяпер размаўляюць на беларускай мове ў Беларусі, меншая, чым колькасць людзей, якія гавораць на мове ацтэкаў у Мексіцы.
І ніякімі іншымі метадамі, акрамя як дзяржаўным гвалтам, беларускую мову не выратаваць. Усё. Без дзяржаўнага гвалту, прычым такога актыўнага, добрага гвалту — з моўнымі патрулямі, з абавязковым выкладаннем на беларускай мове ў школах, з прыбіраннем рускай мовы са школ, з абавязковымі квотамі па тэлебачанні, радыё, па квотах у рэкламе, з абавязковым перайменаваннем устаноў…
Вось з усім гэтым цудоўным багажом, з абавязковай мовай у сферы абслугоўвання — без гэтага ўсяго яна памрэ. Вось проста пройдзе пакаленне-два, яна памрэ. Проста не будзе на ёй ніхто гаварыць», — давёў сваю пазіцыю блогер і звярнуўся да комікаў:
«Вы хочаце гвалтаваць людзей, каб выратаваць мову? Ці вы хочаце гуляць у моўных актывістаў, якія як бы добраахвотна выратоўваюць мову? Не, вы не хочаце гуляць у моўных актывістаў, якія добраахвотна выратоўваюць мову. Таму што вы гаворыце на рускай мове і самі выдатна разумееце чаму — таму што так зручней. Вось і ўсё».
Для пацвярджэння свайго меркавання Штафанаў прывёў цытату Мірзалізадэ з таго ж стэндапа: «Ты будзеш працягваць рабіць якасна, але для таго, каб працягваць рабіць якасна на беларускай мове, на жаль, пакуль неабходна рабіць на мове, на якой усе беларусы гавораць і слухаюць».
Далей Штафанаў задаўся пытаннем да моўных актывістаў — навошта яны хочуць адрадзіць «гістарычную мову».
«Чаму вы спыняецеся толькі на аднаўленні беларускай мовы? Чаму б вам не адрадзіць… Бо насамрэч беларуская мова — гэта ж таксама зборная салянка, беларуская мова забіла насамрэч лакальныя розныя дыялекты. (…) Давайце адновім 30 гістарычных моў! Бо можна знайсці 30 моўных нормаў розных нават унутры маленькай Беларусі. Ва Украіне я наогул прапаную на 100 моў іх падзяліць», — прапанаваў блогер.
Штафанаў разважае: калі мова важная для людзей, то распаўсюджвайце, але без дзяржаўнага рэсурсу.
«Сядзіце ў сябе — кружкі моўныя, факультатывы ў класах — няхай будуць добраахвотныя класы беларускай мовы. У Duolingo беларускую мову вывучайце. Дзеля Бога! Займайцеся. Адчапіцеся ад дзяржаўнага гвалту. Людзей не гвалтуйце і займайцеся чым хочаце».
Адказ стэндапераў
Відэа-адказ Штафанава не застаўся без увагі Крыўца і Мірзалізадэ. У сваім чарговым выпуску яны працягнулі завочную спрэчку.
«У гэтым відэа напісана «Я імперац?». На што мы адразу адказваем — так», — заявіў Ідрак.
«Ён падкрэслівае такі момант, што мы хочам гвалтоўную беларусізацыю. Я не ведаю, ці дакладна ён нас дзесьці глядзеў, але я паслухаў яго, і я захацеў гвалтоўную беларусізацыю. Інакш вось такія вырадкі ходзяць па нашых вёсках», — працягнуў комік.
Ідрак звярнуў увагу на праблему падмены паняццяў, якая, на яго думку, уласціва шмат каму з расійскіх спікераў. Калі беларусы, украінцы ці казахі спрабуюць вярнуць сваю мову і пашырыць яе выкарыстанне, гэта падаецца як нешта гвалтоўнае і ненармальнае. Пры гэтым замоўчваецца галоўнае — руская мова сама распаўсюджвалася праз прымус.
Ідрак патлумачыў, што яго першапачатковая крытыка Штафанава звязана з наступным выказваннем блогера:
«Як носьбіт беларускай мовы, які правёў значную частку дзяцінства ў беларускай вёсцы, меў у школе нармальныя адзнакі па беларускай мове і літаратуры, хачу адказна заявіць: вымерла і вымерла».
Па словах коміка, Штафанаў «нібыта нармальна, аб’ектыўна тлумачыць, чаму гэта нармальна».
«Але праблема ў чым? Праблема ў тым, што гэта не проста выміранне мовы, а свядомае сціранне ідэнтычнасці. То-бок гэта неабходна для таго, каб любой дзяржаве было камфортна пазбавіцца ад любога чалавека, бо ў яго няма ніякай ідэнтычнасці. (А мова — гэта адзін з крытэрыяў ідэнтычнасці, усяго толькі адзін з многіх). Напрыклад, як у Расіі, у велізарнай колькасці расіян цалкам сцёртая ідэнтычнасць. І калі нешта з кімсьці адбываецца, усім абсалютна ўсё адно», — акцэнтуе ўвагу Ідрак.
Крывец жа адказаў, чаму беларусы ці ўкраінцы на рускай мове тлумачаць расейцам, чаму ім важныя нацыянальныя мовы.
«Імперцам не зразумець, што адэкватныя людзі, калі з імі размаўляюць на замежнай мове і разумеюць, што гэты іншаземец не ведае тваёй роднай мовы, яны пераходзяць на яго мову, каб данесці гэтую пазіцыю. І толькі многія грамадзяне Расійскай Федэрацыі, калі іх не разумеюць, не пераходзяць на мову гэтага чалавека, а проста пачынаюць гаварыць гучней», — паіранізаваў Крывец.