БЕЛ Ł РУС

Новы герой у Расіі: Дзіма з Ішыма выйшаў з бара, а прачнуўся за 300 км — у Цюмені, у вагоне з вугалем

15.05.2026 / 13:20

Лаўрын Кулеш

«Я адпачываў у Ішыме ў мясцовым бары. Раніцай мне трэба было ісці на работу, і я як самы адказны чалавек прыняў рашэнне ісці дадому пешшу, каб, так бы мовіць, праветрыцца».

Дзмітрый Клімаў. Скрын відэа: this__man007 / Instagram

Гісторыя, якая больш нагадвае сюжэт экстрэмальнай камедыі, зрабіла жыхара расійскага горада Ішым Дзмітрыя Клімава сапраўднай зоркай інтэрнэту.

Усё пачалося з таго, што ў сацсетках з’явіліся відэапаведамленні-кружочкі, якія Дзіма запісваў свайму сябру Саню. На кадрах бачны малады чалавек, твар якога цалкам пакрыты чорным вугальным пылам. Знаходзячыся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, Дзіма спрабуе растлумачыць сітуацыю:

«Саня, я, відаць, не выйду на работу. Шэсць гадзін раніцы. А я кудысьці еду ў вагоне на вугалі. Я не ведаю, куды я еду і калі прыбуду».

У наступных відэа Дзіма паведаміў Сані, што знаходзіцца ў Цюмені, і яшчэ раз сказаў, што не зможа выйсці на працу.

«Я зусім не разумею, як у вагоне з вугалем я прыехаў у Цюмень. Чаму? А калі б я прыехаў не ў Цюмень, а ў якую-небудзь Абхазію? І што б я рабіў?» — заўважае малады чалавек.

Паміж Ішымам і Цюменню — амаль 300 кіламетраў, якія хлопец пераадолеў у якасці «зайца» сярод паліва.

Пазней, калі Дзмітрый вярнуўся дадому, ён распавёў падрабязнасці гэтай незвычайнай ночы. Паводле яго слоў, усё адбылося ў ноч з 8 на 9 мая, калі ў Расіі святкуюць Дзень Перамогі.

«Я адпачываў у Ішыме ў мясцовым бары. Раніцай мне трэба было ісці на работу, і я як самы адказны чалавек прыняў рашэнне ісці дадому пешшу, каб, так бы мовіць, праветрыцца», — напісаў Клімаў у сваім Instagram.

Аднак план «праветрыцца» пайшоў не паводле сцэнарыя. Дзіма шчыра прызнаецца, што не памятае, як трапіў на чыгунку: «Якім чынам я там апынуўся, вядома толькі кактэйлю «Тэкіла Бум». Акрамя тэлефона, у мяне з сабой нічога не апынулася».

Відэа Дзмітрыя імгненна сталі віруснымі. 

«Ігар, які бухі ідзе дахаты, пасля гэтага героя нервова курыць збоку», — заўважаюць карыстальнікі.

Самім жа «героем» зацікавіліся праваахоўныя органы. Транспартная паліцыя за парушэнне правіл паводзін на чыгуначным транспарце прызначыла падарожніку штраф сумай 2000 расійскіх рублёў — гэта каля 26 даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула