У Польшчы затрымалі яшчэ савецкага «злодзея ў законе»
У Польшчы затрымалі 79‑гадовага грамадзяніна Расіі, якога спецслужбы лічаць савецкім «злодзеем у законе». Аперацыя прайшла напрыканцы красавіка ў Мазавецкім ваяводстве пры ўдзеле паліцыі, службы бяспекі і памежнікаў, піша Euronews.
Фота: x.com/CBSPolicji
Па матэрыялах следства, мужчына мог кіраваць дзейнасцю злачыннай групоўкі на тэрыторыі Польшчы, у тым ліку арганізоўваць злачынствы і кантраляваць размеркаванне атрыманых грошай. Польскія ўлады сцвярджаюць, што ён меў статус «злодзея ў законе» яшчэ з 1982 года і займаўся наглядам за падкантрольнымі крымінальнымі структурамі.
Таксама паведамляецца, што мужчыну шукаў Інтэрпал.
З-за адсутнасці ў затрыманага дзейнага пашпарта суд накіраваў яго ў спецыяльны цэнтр для іншаземцаў пад аховай. Польскія ўлады плануюць дэпартаваць яго ў Расію, але зрабіць гэта змогуць толькі пасля афіцыйнага пацвярджэння асобы.