БЕЛ Ł РУС

Джон Траволта нечакана атрымаў ганаровую ўзнагароду ў Канах

16.05.2026 / 18:02

Nashaniva.com

72‑гадовы амерыканскі акцёр Джон Траволта нечакана атрымаў ганаровую «Залатую пальмавую галінку» на Канскім кінафестывалі. Узнагароду яму ўручыў мастацкі кіраўнік фестывалю Цьеры Фрэмо перад прэм’ерай дэбютнага рэжысёрскага фільма Траволты «Прапелер: Начны рэйс у адзін канец».

Джон Траволта з узнагародай. Фота: AP Photo/Andreea Alexandru

Акцёр быў відавочна расчулены — ён не змог стрымаць слёз і прызнаўся, што зусім не чакаў такога прызнання.

Траволта адзначыў, што гэты вечар стаў для яго сапраўдным сюрпрызам, а Фрэмо адказаў, што арганізатары загадзя планавалі такую нечаканасць.

Сёлета акцёр прыехаў у Каны, каб прадставіць свой першы фільм як рэжысёр. Паводле яго слоў, гэта самая асабістая работа ў яго кар’еры. Стужка расказвае пра падарожжа хлопчыка і яго маці ў Галівуд у эпоху росквіту авіяцыі. У фільме таксама знялася дачка акцёра Эла Блю Траволта.

Арганізатары фестывалю раней паведамлялі, што ганаровыя ўзнагароды таксама атрымаюць рэжысёр Пітэр Джэксан і спявачка ды актрыса Барбра Стрэйзанд. Але ў Канах ужо стала традыцыяй уручаць яшчэ адну нечаканую «пальму» — летась яе атрымаў Дэнзел Вашынгтон.

Фільм Траволты з’явіцца на платформе Apple TV 29 мая.

Раней Траволта ўжо дэманстраваў на Канскім кінафестывалі фільмы «Крымінальнае чытво» (1994), «Яна такая прыгожая» (1997) і «Асноўныя колеры» (1998). Тады ён выступаў як акцёр.

Чытайце таксама:

Галоўная рэдактарка «Белсата» знялася ў фільме-фаварыце Канскага кінафестываля

Спыніў дзейнасць беларускі часопіс пра кіно «На экранах»

Фільм беларускага рэжысёра пакажуць на фестывалі ў Германіі

Каментары да артыкула