БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Латвіі даручыў сфармаваць урад апазіцыянеру

16.05.2026 / 23:34

Nashaniva.com

Прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс даручыў прадстаўніку апазіцыі Андрысу Кулбергсу паспрабаваць сфармаваць новы ўрад.

Андрыс Кулбергс. Фота: facebook.com/andris.kulbergs

Цяпер Андрыс Кулбергс павінен правесці перамовы з партыямі і прапанаваць склад урада, які пасля яшчэ мусіць зацвердзіць парламент краіны. Прэзідэнт Латвіі лічыць, што хуткае фарміраванне новага ўрада краіны лепш, чым сітуацыя, калі цяперашні кабінет працягваў бы працаваць у статусе выканаўцы абавязкаў да новых выбараў.

Асобна падкрэсліваецца, што працэс трэба правесці ў сціслыя тэрміны, бо да парламенцкіх выбараў засталося няшмат часу. Кулбергс павінен ужо да 25 мая прадставіць справаздачу аб ходзе перамоў, магчымым складзе кааліцыі і асноўных напрамках працы ўрада.

Партыя «Аб’яднаны спіс», якую ён прадстаўляе, зараз з’яўляецца найбуйнейшай апазіцыйнай сілай у парламенце, што і паўплывала на рашэнне прэзідэнта.

Сам Кулбергс прыйшоў у палітыку адносна нядаўна — у 2022 годзе, да гэтага ён быў вядомы як бізнэсмен і эксперт у аўтамабільнай сферы. У парламенце ён актыўна ўдзельнічае ў дыскусіях і займаўся расследаваннем праблем, звязаных з буйнымі інфраструктурнымі праектамі.

Папярэдні ўрад на чале з Эвікай Сіліня падаў у адстаўку пасля распаду кааліцыі. Гэта адбылося на фоне палітычных спрэчак, у тым ліку вакол сітуацыі з адстаўкай міністра абароны, што ў выніку прывяло да крызісу ўлады.

Новы ўрад павінен працаваць да чарговых парламенцкіх выбараў, якія запланаваныя на восень 2026 года.

Чытайце таксама:

Прэм’ер-міністарка Латвіі падала ў адстаўку на фоне распаду кіроўнай кааліцыі

МЗС Украіны: У Латвію заляцелі ўкраінскія дроны з-за працы расійскай РЭБ

Латвія збіраецца цалкам скасаваць аўтобусныя паездкі ў Беларусь

Каментары да артыкула