БЕЛ Ł РУС

Расіяне абурыліся, што ў Кыргызстане іх ацэньваюць як каланізатараў. Кыргызы кажуць, што ацэньваць інакш «архіскладана»

18.05.2026 / 22:21

Nashaniva.com

Паміж гісторыкамі Расіі і Кыргызстана ўзнікла падрабязная дыскусія пра тое, як у школьных падручніках трэба трактаваць агульную гісторыю, асабліва перыяду Расійскай імперыі і СССР, піша расійскае выданне РБК.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: The Print Collector/Getty Images

На спецыяльным пасяджэнні ў Расійскім вайскова-гістарычным таварыстве, на якім прысутнічалі прадстаўнікі дзвюх краін, эксперты з расійскага боку прааналізавалі некалькі кыргызскіх падручнікаў для 8, 9 і 11 класаў. Яны заявілі, што знаходзяць там шмат нібыта недакладнасцяў і інтэрпрэтацый, з якімі не згодныя. Паводле іх, розніца ў ацэнках звязана, маўляў, не толькі з рознымі поглядамі паміж краінамі, але і з рознымі навуковымі падыходамі ўнутры саміх гістарычных школ.

Асноўная спрэчка закранула савецкі перыяд і ролю Расіі. Калі ў расійскіх падручніках ён падаецца як час развіцця і прагрэсу, то ў кыргызскіх адзначаецца, што разам з гэтым існавалі і праблемы — напрыклад, абмежаванне нацыянальнай самастойнасці.

Найбольш вострую рэакцыю з расійскага боку выклікала выкарыстанне ў кыргызскіх падручніках тэрмінаў «каланіялізм» і «калонія». Расійскія эксперты лічаць, што гэта нібыта не зусім карэктна і мае негатыўную афарбоўку. Яны прапануюць замяніць гэтыя словы на больш нейтральныя — напрыклад, «адміністрацыя» або «адміністрацыйнае кіраванне», сцвярджаючы, што гэта зменіць успрыманне падзей.

Дырэктар Інстытута гісторыі, археалогіі і этналогіі Нацыянальнай акадэміі навук Кыргызстана Абылабек Асанканаў у адказ заўважыў, што расійскі бок паставіў перад кыргызскімі партнёрамі «архіскладаную задачу — адмовіцца ад слова «калонія». «Мне давялося паглядзець тэрміналогію па калоніі, імперыі, шавінізме», — сказаў Асанканаў.

«Калонія — гэта выкарыстанне працоўных рэсурсаў, багаццяў і тэрыторыі, гэта тры галоўныя характарыстыкі калоніі па ўсім свеце». Якая б калонія ні была — гэта адсутнасць самастойнасці, дзяржаўнасці, выкарыстанне прыродных багаццяў і працоўных рэсурсаў, заўважыў навуковец. «Нам вельмі складана адмовіцца ад гэтага тэрміна», — рэзюмаваў кыргызскі акадэмік.

Пры гэтым кыргызскі бок адзначыў, што савецкі перыяд у мясцовых падручніках не разглядаецца выключна негатыўна. Наадварот, прызнаецца, што менавіта ў той час сфармаваліся дзяржаўныя інстытуты, сістэма адукацыі і прамысловасць, што ў выніку прывяло да набыцця суверэнітэту. Але адначасова яны заклікалі не пераносіць гістарычныя ацэнкі мінулага на сучасную палітыку і не ідэалагізаваць гісторыю.

Расійскія прадстаўнікі, у сваю чаргу, адзначылі, што ў розных краінах пасля распаду СССР пачалі фарміравацца ўласныя гістарычныя наратывы, і часта ў іх Расія паказваецца як імперыя або прыгнятальнік. Яны лічаць гэта перабольшваннем і падкрэсліваюць нібыта станоўчы ўклад у развіццё рэгіёнаў.

Чытайце таксама:

Вядомы брытанскі відэаблогер склаў рэйтынг краін былога СССР. Беларусь паставіў на першае месца. Чаму?

Прэм'ер Кыргызстана загадаў чыноўнікам хадзіць без пінжакоў, каб ашчаджаць электрычнасць

Беларусь будзе заахвочваць працоўную міграцыю з Кыргызстана

Каментары да артыкула