Пад Гроднам фатографу ўдалося зняць лютую бойку двух баброў ВІДЭА
Пад Гроднам у прыватным сектары з’явіліся агрэсіўныя бабры, якія нават пабіліся паміж сабой. Відавочцам гэтай незвычайнай сутычкі стаў фатограф-энтузіяст Аляксандр Марозік, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна».
Скрыншот з відэа
Аляксандру Марозіку пашчасціла пабачыць рэдкую для старонняга вока сітуацыю, калі два вялікія бабры зладзілі ў вадзе моцную бойку: навокал ляцела гразь, стаяў шум, вада разляталася ва ўсе бакі.
Жывёлы былі настолькі захопленыя высвятленнем адносін, што нейкі час не звярталі ўвагі на чалавека. Аднак як толькі яны заўважылі фатографа, адразу разбегліся ў розныя бакі — такім чынам ён нібыта іх і разняў.
На думку Аляксандра, гэта былі не шлюбныя разборкі, бо перыяд размнажэння ў баброў ужо скончыўся. Хутчэй за ўсё, яны змагаліся за тэрыторыю, якую гэтыя жывёлы вельмі пільна ахоўваюць і могуць жорстка абараняць ад чужынцаў.
Дакладнае месца Аляксандр не раскрывае, каб туды не пачалі масава прыходзіць людзі. Ён таксама папярэджвае, што набліжацца да баброў небяспечна, бо яны могуць сур’ёзна параніць, калі палічаць, што нехта парушае іх межы.
Чытайце таксама:
Каля мінскага аэрапорта заўважылі бабра ВІДЭА
У цэнтры Бабруйска выратавалі зайца, які трапіў у пастку ВІДЭА
У Мінску актыўна абжываюцца бабры. Чаго ад іх больш — карысці ці шкоды?