Грамадства55

У Мінску актыўна абжываюцца бабры. Чаго ад іх больш — карысці ці шкоды?

На берагах Свіслачы ад Нямігі да Драздоў жыхары сталіцы раз-пораз заўважаюць абгрызеныя ствалы дрэў. Пейзаж для Мінска хоць і незвычайны, але адразу зразумела: гэта «творчасць» баброў. У раёне Лошыцкага парку яны нават пабудавалі на рацэ плаціны. Чаму гэтыя жывёлы так вольна адчуваюць сябе ў вялікім горадзе? Пра гэта журналіст агенцтва «Мінск-Навіны» распытаў у спецыяліста.

Рачныя будаўнікі

— Бабры дасягнулі мяжы ёмістасці асяроддзя для жыцця ў дзікай прыродзе, — патлумачыў старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біялагічнымі рэсурсамі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Павел Велігураў. — Пік іх колькасці на тэрыторыі нашай краіны — 64,4 тысячы асобін — прыпаў на 2012 год. Цяпер яна стабілізавалася на аптымальным узроўні 50—60 тысяч.

Асвоіўшы амаль усе прыдатныя месцы для жыцця ў дзікай прыродзе, бабры пачалі перамяшчацца бліжэй да вёсак і садовых таварыстваў. Пасля гэтыя звяркі сталі з’яўляцца ў больш буйных населеных пунктах. І, нарэшце, дабраліся да сталіцы. Магчыма, гэтаму паспрыяла і паляпшэнне стану навакольнага асяроддзя горада, хоць спецыяльныя даследаванні на гэту тэму не праводзіліся.

Гаварыць пра высокую колькасць баброў у Мінску пакуль рана. На тых участках рэк, якія мы вывучалі, зафіксавана некалькі сем’яў — у сярэднім па дзве асобіны ў кожнай. У раёне Драздоў і Камсамольскага возера колькасць гэтых жывёл, безумоўна, вышэйшая. Затое на бетонных набярэжных Свіслачы верагоднасць іх з’яўлення нізкая.

Што не з’ем, тое надгрызу

— Як адчуваюць сябе бабры ў гарадской рацэ і чым яны тут харчуюцца?

— Пры выбары месца для жыцця чысціня вады для іх не надта важная, — падкрэсліў вучоны-біёлаг. — Пасля будаўніцтва плаціны ўтвараецца бабровая сажалка, у якой асядае глей. Часам з-за нізкай хуткасці плыні такі вадаём амаль цалкам зарастае раскай і іншымі раслінамі. Бабры ў ім адчуваюць сябе выдатна.

А ў параўнанні з такімі сажалкамі Свіслач — вельмі чыстая рака.

Па словах Паўла Велігурава, гэтыя водаплаўныя — сапраўдныя вегетарыянцы. Вясной і летам яны ядуць снітку, трыснёг, гарлачыкі, аер, асаку, крапіву і іншыя лугавыя, водна-балотныя расліны і іх карэнішчы. З задавальненнем ласуюцца лісцем і маладымі парасткамі вярбы і парэчак. Увосень пераходзяць на драўняна-хмызняковы корм.

Зімовае меню баброў у асноўным складаецца з воднай расліннасці, а таксама з кары і драўніны падтопленых імі з восені паваленых дрэў: вярбы, асіны, чаромхі, бярозы. Значна радзей у іхнім рацыёне сустракаюцца дуб, ліпа, арэшнік, ясень. Калі з ежай зусім цяжка, могуць харчавацца карой елкі і вольхі.

Зімуюць гэтыя жывёлы ў нары. Выходзяць толькі для таго, каб прынесці для ежы кару і галінкі дрэў, нарыхтаваныя з восені. Цягнуць іх у нару і адразу ж ядуць.

Калі вадаём пакрываецца лёдам, бабёр можа днямі не з’яўляцца на паверхні. А з сярэдзіны студзеня да канца лютага ў яго шлюбны сезон.

Рукі прэч

Сустрэч з чалавекам бабры стараюцца пазбягаць. Яны выбіраюць даволі ўтульныя месцы, дзе адносна няшмат людзей. Вячэрне-начны лад жыцця гэтых звяркоў таксама памяншае верагоднасць кантакту: калі яны актыўныя, чалавек звычайна спіць або, прынамсі, не знаходзіцца каля ракі. Хоць небяспека пры сустрэчы з гэтымі вадаплаўнымі грызунамі, безумоўна, існуе.

«Як і любая дзікая жывёліна, бабёр можа паводзіць сябе непрадказальна, — адзначыў суразмоўца. — Вядомы выпадак, калі ён пракусіў нагу чалавеку, які яго патрывожыў, пашкодзіўшы сцёгнавую артэрыю. Пацярпелы загінуў ад страты крыві да прыезду хуткай дапамогі. Як і ўсе сысуны, бабры могуць пераносіць шаленства. Таму спрабаваць кантактаваць з імі пры нечаканай сустрэчы не варта».

Па словах Паўла Велігурава, найбольш бяспечна гэты звер адчувае сябе ў вадзе. І пры сустрэчы з чалавекам на беразе ракі ён, хутчэй за ўсё, будзе імкнуцца нырнуць. Таму не варта знаходзіцца паміж ім і вадой. Лепш спакойна, без рэзкіх рухаў і крыкаў адысці ўбок, вызваліўшы жывёліне шлях да ракі. А вось сустрэча з плывучым бабром фізічнай небяспекі для людзей не ўяўляе. Хіба што, заўважыўшы чалавека, грызун нырне пад ваду, гучна і нечакана пляснуўшы хвастом па вадзе.

У падкормцы бабры не маюць патрэбы. Але калі вельмі хочацца, можна пачаставаць іх галінкай вярбы або асіны, сакавітымі травяністымі кармамі. Аднак трэба разумець: пасля гэтага прагнаць іх з гэтых мясцін будзе значна складаней.

Дрэвам і сеткі хопіць

Ці патрэбныя бабры ў гарадскім асяроддзі? Павел Велігураў лічыць, што да месцаў іх пражывання можна арганізоўваць адукацыйныя экскурсіі для студэнтаў і школьнікаў. Ды і астатнія аматары дзікай прыроды напэўна ўзрадуюцца магчымасці паназіраць у Мінску за гэтымі звяркамі і пафатаграфаваць іх.

Бабровыя сажалкі таксама з’яўляюцца рэзервуарамі для ўлоўлівання воднага глею і іншых часціц. Яны стрымліваюць эрозію глебаў і павышаюць эфектыўнасць экасістэмы населенага пункта ў плане выкарыстання і захавання важных макраэлементаў.

Мінусаў ад дзейнасці «новых гараджан» насамрэч няшмат. Як паказала практыка, каб абараніць ад баброў дрэвы і кустоўе, дастаткова абгарнуць ствалы сеткай-рабіцай. Яна ж будзе перашкаджаць падкопам берагавых схілаў.

Затое суседства з такімі звяркамі — выдатны паказчык добрага навакольнага асяроддзя. І калі, напрыклад, гарады Канады славяцца тым, што там па вуліцах ходзяць алені, дык няхай ля набярэжных Свіслачы селяцца бабры. Выдатны прыродны сімвал Мінска і жывая рэклама чысціні яго экалогіі.

Каментары5

  • Ну-ну
    18.01.2026
    На першым і другім фота нутрыя, калі што :) але яны таксама мімімішныя.
  • fixed
    18.01.2026
    гэта «творчасць» баброў
    гэта «назацьверджаная и неузгодненная з министэрствами и ведамствами творчасць низкага мастацкаха узровнб» баброў
  • steel
    18.01.2026
    Хай абавязваюць прэдседяцеля Бабруйску ўтаймаваць сваіх...

Цяпер чытаюць

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club6

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Усе навіны →
Усе навіны

Два беларускія нобелеўскія лаўрэаты сустрэліся ў Варшаве ФОТАФАКТ5

Прэзідэнцкі спартыўны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі стварыў мерч для беларускіх ВНУ2

«Я не ведаю нічога больш страшнага, чым каханне». Пра што гаварыла Алексіевіч на Maldzis Фэсце16

Кароткі дамен Telegram перастаў працаваць па ўсім свеце4

У Беларусь вернецца карціна мастака Парыжскай школы Якава Балглея3

Месца памерлага сенатара Ліндсі Грэма ў Сенаце ЗША зойме яго сястра

З бензінам бяда, а елі на бардзюры: былая фрыстайлістка Асоль Слівец з чатырма дзецьмі вяртаецца з адпачынку ў Расіі10

Збой на БЧ: цягнікі з Полацка і Брэста затрымліваюцца на некалькі гадзін3

ФСБ абвінаваціла рэпера Kyivstoner у падрыхтоўцы атакі беспілотнікаў на прадпрыемства ў Падмаскоўі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club6

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць