БЕЛ Ł РУС

Сын Калаўра кінуў хлебную працу і ўзначаліць першы беларускі крыптабанк

19.05.2026 / 18:33

Nashaniva.com

Уладзімір Калаўр, прадстаўнік знакамітай беларускай банкаўскай дынастыі, сышоў з пазіцыі дырэктара па развіцці Альфа-Банка, каб «будаваць боінг». 

Сын Паўла Калаўра, да мінулага тыдня аперацыйны дырэктар Альфа-Банка (працаваў там у 2022‑2026 гадах), расказаў на сваёй старонцы ў Linkedin пра свой апошні працоўны дзень у ранейшай кампаніі. 

«Прыйшоў час рухацца далей. Далучаюся да вялікага і амбіцыйнага праекта па стварэнні першага крыптабанка ў Беларусі», — напісаў Калаўр. 

Уладзімір Калаўр. Фота: Linkedin.

У апісанні яго профіля дадалася пазнака «СЕО» (генеральны дырэктар) у кампаніі WhiteFinance. Як можна зразумець, гаворка ідзе пра праект крыптабіржы WhiteBird, якая раней ужо заяўляла пра свае планы стаць першым беларускім крыптабанкам. 

Уладзімір Калаўр заклікае раіць яму прафесіяналаў у сферы крыптабанкінга, якія маглі б далучыцца да каманды і дапамагчы «пабудаваць боінг». 

Пра магчымасці з’яўлення ў Беларусі крыптабанкаў гаварылі даўно, а прававая база для гэтага з’явілася напачатку 2026-га. 

Крыптабанкі будуць апераваць і крыпта– і фіятнымі валютамі. Сярод магчымых паслуг — выдача крэдытаў пад забеспячэнне крыптавалюты, выпуск крыптакарт, дазвол захоўваюць сродкі прадпрыемстваў у крыптавалютах і іншае. 

Афіцыйна падкрэсліваецца, што такі ліберальны падыход зацвярджае Беларусь як сусветнага лідара сферы. Але ў рэальнасці развіццё крыптасферы адбываецца вымушана і пад ціскам санкцый, накладзеных на цэнтральныя традыцыйныя беларускія банкі. 

Па факце, сёння беларускія крыптаплатформы выкарыстоўваюцца рознага роду бізнэсам перадусім для аплаты санкцыённых тавараў крыптавалютай, а таксама для адкрыцця рахункаў нерэзідэнтам і канвертацыіі рубля ў крыптавалюту і назад.

У 2024 годзе ў крыптабіржы WhiteBird змяніліся ўласнікі, і цяпер яе, у банкаўскіх колах, звязваюць з прозвішчам аднаго з даўніх людзей пры Лукашэнку. 

Тым часам бацька Уладзіміра, былы старшыня Нацбанка Павел Калаўр, як лічыцца, цяпер працуе фінансавым дарадцам у ценявога варацілы Лукашэнкі Мікалая Вераб'я. 

Чытайце таксама: «Калаўра мы не пакрыўдзілі»: стала вядома пра новае месца працы былога старшыні Нацбанка

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула