Яўка на выбарах у КР: проста людзям нецікавыя бойкі за пусты мех
Гісторык Аляксандр Пашкевіч адгукнуўся на вынікі выбараў у Каардынацыйную раду парадаксальна — допісам двухгадовай даўніны. Яго тлумачэнне надае і аптымізм: спрацавалі здаровыя грамадскія інстынкты.
Я стараюся па магчымасці не паўтарацца і не пісаць увесь час адно і тое ж, але сёння зраблю выключэнне і слова ў слова прадублюю пост двухгадовай даўніны. Актуальнасці ён зусім не страціў нават часткова, а нечага прынцыпова новага, што прымусіла б змяніць ці падкарэктаваць ранейшую думку, таксама не нарадзілася.
«Я адзін з тых, думаю, шматлікіх беларусаў, якія не галасавалі на выбарах у Каардынацыйную раду прынцыпова: і маючы для гэтага практычную магчымасць, і ўсведамляючы гэту магчымасць.
Прычына — разуменне таго, што з часоў нацыянальнага ўздыму 2020‑2021 гадоў прамінула шмат часу, і ўмовы радыкальна змяніліся. Нягледзячы на ўсе складанасці, і цяпер засталося нямала сфер, у якіх беларусы, неабыякавыя да лёсу сваёй бацькаўшчыны, могуць рабіць інвестыцыі ў будучую новую Беларусь. Культурная, медыйная, адукацыйная, праваабарончая, нават эканамічная сфера. А вось магчымасці рабіць нешта сапраўды карыснае ў сферы практычнай палітыкі сціснуліся да самага мінімуму.
Пакуль у рэгіёне нестабільнасць і адпаведна будучы лёс Беларусі — адкрытае пытанне для заходняга свету, безумоўна ёсць сэнс у існаванні Офіса Ціханоўскай. Ва ўсякім разе зразумела, якія ягоныя функцыі. А вось для ўсяго астатняга беларускага палітычнага, у тым ліку (а мо і перадусім) для Каардынацыйнай рады, на жаль, нішаў цяпер няма.
Бо няма ніякіх рычагоў і механізмаў, каб праводзіць у жыццё патэнцыйна прынятыя Каардынацыйнай радай рашэнні. А без гэтага ўся яе дзейнасць будзе пустой гаварыльняй. І людзі гэта добра адчуваюць — хтосьці на свядомым, хтосьці на падсвядомым узроўні. Што знаходзіць адлюстраванне ў тым ліку і ў выніках галасавання, перадусім працэнтах яўкі.
На сваім уласным — і не толькі сваім, але таксама шматлікіх сяброў і знаёмых, — прыкладзе магу сказаць, што для многіх справа тут не ў зняверванні, адрыве ад беларускага парадку дня і нежаданні нешта рабіць для беларускай будучыні, не ў «хатаскрайніцтве». Жаданне нешта рабіць ёсць, няма жадання ўпісвацца ў гэты канкрэтны праект.
Паколькі рэальна незразумела, што ад яго карыснага можа быць на выхадзе.
Не магу пагадзіцца з тым, што Каардынацыйная рада важная як пляцоўка для трэніроўкі нейкіх палітычных навыкаў. Што тыя, хто пройдзе праз яе, нібыта будуць мець вялікі досвед і стануць больш палітычна канкурэнтаздольнымі, чым тыя, хто такога досведу не мае. Калі гэта гавораць, мне ўспамінаецца беларуская «старая апазіцыя», то-бок тыя беларускія актывісты, якія гадамі і дзесяцігоддзямі займаліся палітыкай у лукашэнкаўскай Беларусі пры фактычнай адсутнасці для гэтага ўмоў. Па логіцы, набыўшы багаты шматгадовы вопыт партыйнага і іншага будаўніцтва, у 2020 годзе яны павінны былі б яго скарыстаць і паўсюль весці ў тагачасных падзеях рэй.
Між тым мы бачылі зусім адваротнае — той багаты «вопыт» аказаўся зусім не запатрабаваным, а на ключавыя палітычныя ролі, з не вельмі шматлікімі выключэннямі, выйшлі зусім іншыя людзі. Якія не саступілі сваіх пазіцый у супольнасці і пасля, калі грамадскі ўздым спаў. Упэўнены, што гэтак жа сама будзе і на новым вітку гістарычнага развіцця, калі для Беларусі і беларусаў адкрыецца новае акно магчымасцяў. Новы час вылучыць новых палітычных лідараў, як гэта заўсёды ў такіх выпадках бывае, у інкубатарах іх не выгадуеш.
Таму, як па мне, лепш цяпер у гэтыя цацкі і не гуляцца. Практычнай карысці з гэтага яўна не будзе, а ідэйна-натхняльная функцыя гэтай дзеі пры ўдзеле ў галасаванні ўсяго некалькіх тысяч чалавек таксама сумнеўная.
Шкоду ж я бачу перадусім у тым, што калі рэальна карыснай дзейнасці праводзіць аб'ектыўных магчымасцяў няма, а структура існуе, то яна мусіць прынамсі рабіць імітацыю такой дзейнасці. І найбольш лагічны ў такіх умовах выплеск энергіі — шумныя публічныя бойкі за пусты мех. А гэта моцна дэмаралізуе ўсю супольнасць».