Украіна адкрыла дарогу сваім дронам для ўдараў па Расіі, знішчыўшы прыфрантавую СПА
Маштабныя бамбаванні расійскіх НПЗ, партоў і вайсковых прадпрыемстваў, кульмінацыяй якіх стаў найбуйнейшы за ўсю вайну ўдар па Маскве і вобласці ў ноч на 17 мая амаль 600 дронамі, сталі магчымыя дзякуючы новай стратэгіі Узброеных сіл Украіны. Новыя дроны сярэдняй далёкасці моцна «прарэдзілі» супрацьпаветраную абарону, размешчаную на акупаваных тэрыторыях і ў прымежных раёнах самой Расіі. Адны толькі такія ўдары не могуць пераламаць ход вайны, мяркуюць вайсковыя аналітыкі, але яны змяняюць і яго, і дынаміку канфлікту, піша The Moscow Times.
Фота: Генштаб УСУ
У апошнія месяцы УСУ накіроўваюць усё больш рэсурсаў на ўдары сярэдняй далёкасці — па зоне, размешчанай прыкладна за 30—200 км за перадавой. Знішчаючы дронамі сродкі СПА і тылавыя аб’екты забеспячэння фронту, Украіна зрывае прасоўванне расійскіх войскаў і адкрывае шлях для дальнабойных беспілотнікаў і ракет, якія б’юць па НПЗ, нафтасховішчах, партах, вайсковых заводах, расказалі агенцтву Reuters два ўкраінскія камандзіры, два спецыялісты па дронах і тры вайсковыя аналітыкі.
«Удары сярэдняй далёкасці адыгрываюць зараз вырашальную ролю» ў нанясенні дальнабойных удараў па Расіі на адлегласць да 2000 км, сказаў Reuters Роберт Броўдзі, камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў нядаўна, што колькасць удараў сярэдняй далёкасці ў параўнанні з сакавіком павялічылася ўдвая, а з лютым — у чатыры разы.
Выданне The Wall Street Journal называе гэта «верагодна, галоўным змяненнем у ходзе баявых дзеянняў гэтай вясной». Расце колькасць дронаў сярэдняй далёкасці, такіх як украінскія FP-2 і «Чаклун V», амерыканскі Hornet. УСУ таксама выкарыстоўваюць для ўдараў спадарожнікавую сувязь Starlink, якой больш няма ў расійскім войску.
Інтэнсіўная дзейнасць у сферы даследаванняў і распрацовак, а таксама рост колькасці кваліфікаваных пілотаў прыносіць свае плады, сказаў газеце кіраўнік падраздзялення БПЛА 1‑га корпуса Нацыянальнай гвардыі Украіны «Азоў», які апублікаваў відэазапісы паспяховых удараў па аб’ектах расійскай тылавой інфраструктуры.
Паводле слоў Роберта Броўдзі, ягоныя беспілотныя сілы знішчылі сёлета не менш за 129 сістэм СПА на акупаваных Расіяй тэрыторыях. У выніку, заявіў ён на мінулым тыдні, расійская армія адчувае іх дэфіцыт і вымушаная выкарыстоўваць састарэлыя комплексы і радыёлакацыйныя станцыі, якія былі «на ўзбраенні яшчэ ў 1960‑х гадах».
Як расказаў Reuters камандзір 7‑га батальёна 414‑й асобнай брыгады беспілотных сістэм, яго падраздзяленне займаецца ў асноўным знішчэннем цэляў на адлегласці да 100 км ад лініі сутыкнення. Найбольш каштоўныя, паводле яго слоў, — радыёлакацыйныя ўстаноўкі і зенітна-ракетныя сістэмы СПА, такія як «Бук», «Тор» і «Панцыр».
Беспілотнікі змянілі характар канфлікту настолькі, што лінія фронту, магчыма, ужо не з’яўляецца месцам, дзе вырашаецца вынік вайны, адзначае Bloomberg. Зараз на самых перадавых пазіцыях знаходзіцца ўсяго па тры ўкраінскія салдаты на кіламетр, «яны сталі дакукай», сказаў агенцтву Мікалай Бялескаў, галоўны кансультант Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў у Кіеве.
Для абароны яны там і не асабліва патрэбныя — УСУ навучыліся надзейна спыняць расійскіх салдат з дапамогай дронаў, у выніку чаго з канца зімы лінія фронту амаль не змянілася.
Найважнейшае тое, што Украіна, якая цярпела ад масавых налётаў расійскіх дронаў і ракет па яе гарадах і электрастанцыях, цяпер сама можа бамбіць энергетычныя і вайсковыя аб’екты ў расійскіх рэгіёнах. І сродкі СПА акупантаў значна менш замінаюць яе дальнабойным дронам і ракетам, у зоне дасяжнасці якіх апынулася каля 70% расійскага насельніцтва.
У выніку настроі ў расійскай Z-супольнасці становяцца ўсё больш змрочнымі, канстатуе Іван Філіпаў, які вывучае яе з пачатку вайны.
«Нават улічваючы ўзровень вольніцы, якая пануе ў Z-прасторы, тэксты на тэму «мы рухаемся да паразы» пісаць усё ж такі небяспечна», але Z-аўтары ўсё ж спрабуюць данесці да чытачоў думку, што «вайна ў тупіку, перспектывы туманныя, а перамога немагчымая», адзначае Філіпаў:
«У выніку я чытаю кіламетры тэкстаў ад самых розных аўтараў, пачынаючы ад тэхнароў і інжынераў, якія займаюцца беспілотнікамі, і заканчваючы вайскоўцамі, у якіх аўтары быццам бы фармальна пішуць пра тое, што неабходна для перамогі, а на справе — апісваюць непазбежную паразу».
Чытайце таксама:
Уладзімір Зяленскі пракаментаваў налёт на Маскоўскі рэгіён
У Бранскай вобласці ад удара дрона загінуў падарожнік, які ў камуфляжы ішоў пехатой у Бразілію