Захісталася крэсла пад міністрам архітэктуры і будаўніцтва
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын 21 мая правёў нараду, прысвечаную праблемам у будаўнічай галіне, і жорстка раскрытыкаваў вынікі працы ў рэгіёнах, паведамляе прэс-служба ўрада.
Аляксандр Студнеў. Фота: БелТА
На сустрэчу выклікалі прадстаўнікоў профільных ведамстваў і мясцовых уладаў, у тым ліку кіраўніцтва абласцей і Мінгарвыканкама. Падчас нарады абмяркоўвалі тэмпы будаўніцтва, выкананне дзяржаўных праграм і выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Аказалася, што за першыя месяцы 2026 года ў шэрагу рэгіёнаў істотнага прагрэсу няма.
Асобную ўвагу прэм’ер звярнуў на працу чыноўнікаў, адказных за будаўнічую сферу, у тым ліку міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Студнева.
Ён запатрабаваў хутка выправіць сітуацыю і папярэдзіў, што калі па выніках пяці месяцаў гэтага года не будзе паляпшэнняў, то магчымыя і кадравыя рашэнні — фактычна гаворка ідзе пра магчымыя звальненні, у тым ліку на ўзроўні міністра.
Аляксандр Студнеў займае сваю пасаду не вельмі доўга — ён быў прызначаны міністрам у сакавіку 2025 года.
Улады цяпер робяць акцэнт на паскарэнні ўводу жылля і выкананні дзяржаўных будаўнічых планаў. На 2026 год пастаўлена задача ўзвесці каля 4 мільёнаў квадратных метраў жылля. Гэта менш, чым летась, калі пабудавалі каля 4,4 мільёна «квадратаў».
Асноўныя праблемы назіраюцца ў рэгіёнах, дзе часта зрываюцца тэрміны будаўніцтва і затрымліваецца асваенне фінансавання. У сувязі з гэтым сітуацыю ўзялі пад жорсткі кантроль на ўзроўні ўрада.
Чытайце таксама:
У Мінску перадумалі зносіць хрушчоўкі. Рэнавацыя закране двух-трохпавярховыя дамы
У Мінску амаль тысяча хрушчовак — імі хутка зоймуцца
Колькі арэнднага жылля цяпер будуецца ў Мінску? Адзін з дамоў — для сілавікоў
Даўгабуд МАЗа ў Мінску ператвараюць у архіў з перадавымі тэхналогіямі