Гісторыя дзяржСМІ пра «абстрэл» беларуса ў Польшчы выклікала бурны смех у сацсетках
У трэдсе дзяржаўнага СМІ, які размясціў гэты ролік тэлебачання, амаль усе каментары — іранічныя. Ёсць і прыклады добрага гумару, якія сабралі сотні лайкаў.
Скрын відаэ
Некалькі дзён таму дзяржаўныя медыя распаўсюдзілі сюжэт пра здарэнне з 60‑гадовым жыхаром Слоніма непадалёк ад горада Сыцаў у Ніжнесілезскім ваяводстве. Следчы камітэт сцвярджае, што на беларуса напалі польскія сілавікі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі.
Паводле версіі СК, мужчына атрымаў цяжкія раненні галавы і канечнасцяў, а ў ягоным аўтамабілі налічылі ажно 29 кулявых адтулін. Аднак, нягледзячы на раненні і стан машыны, беларус нібыта здолеў праехаць сотні кіламетраў і перасячы мяжу, пасля чаго быў шпіталізаваны. Рэакцыя людзей у сацсетках паказвае, што ў гісторыю не паверылі.
У трэдсах дзяржаўных СМІ, якія размясцілі гэты ролік дзяржаўнага тэлебачання, амаль усе каментары — іранічныя.
«Ад стваральнікаў блокбастараў «пацукі ў водаправодзе» і «жалезам па шкле»; Ад стваральнікаў «а я вам зараз пакажу, адкуль рыхтаваўся напад», што наогул кураць аўтары гэтага відэа?», «Мы ўжо наслухаліся аповедаў і пра 4 пазіцыі, і пра 150 джыпаў з кулямётамі, і пра 167 вагнераўцаў, якія прыжыліся ў лясах і вылазіць адтуль не жадаюць».
Многія правялі паралелі з падзеямі 30‑гадовай даўніны — «замахам» на Лукашэнку пад Лёзна падчас перадвыбарчай кампаніі 1994 года:
«Метадычка з 90-х)))) У лукашэначку таксама стралялі ў свой час, але ён выжыў! Гэта культурны код, напісаны бацькам».
«Гады ідуць, а гэбня і селянін не могуць нешта новае прыдумаць», — рэзка дадае яшчэ адзін каментатар.
Асаблівы скепсіс выклікае лагістычны бок гісторыі: як пашкоджаны аўтамабіль змог бесперашкодна мінуць польскую мяжу?
«Значыць, у Польшчы стралялі паліцыянты. Потым паранены кіроўца на пашкоджанай машыне праехаў праз усю Польшчу (больш за 700 км) да мяжы, і пра яго там забыліся, не звярнулі ўвагі на аўто)) трызненне))»;
«Ага, а як ён польскіх памежнікаў на абстралянай машыне прайшоў? Ці яны такія бяруць пашпарт яго афармляць: «a czemu u was samochód w dziurach?» (а чаму ў вас машына ў дзірках?), а кіроўца адказаў, што ўцякаў ад польскай паліцыі? Нават не ведаю, каму задаць усе тупыя пытанні ў сваёй галаве… сорамна пытацца», — дзівяцца людзі.
Людзі лічаць афіцыйную версію абсурдам: «Мяне расстралялі! Але я не здаўся!» — жартуе нехта.
«Калі мне сумна, адкрываю навіны і гляджу казкі», — дадае іншы карыстальнік.
«Другая серыя неймавернага баевіка: мяне расстралялі, але я не здаўся. У галоўнай ролі: шпіц Умка», «Па машыне адкрылі агонь Нік і Майк», — працягваюць жартаваць беларусы.
Многія каментатары невысока ацэньваюць якасць працы прапагандыстаў:
«Ахахаха… якое тупое трызненне», «Мурашкі па спіне ад крайняга дэбілізму вашых калег», «Сцэнар пісалі мянты з наркакантролю?».
Акрамя тэкставых каментароў, карыстальнікі распаўсюджваюць мемы.
Чытайце таксама:
Гродзенская міліцыя паведаміла пра шпіталізацыю мужчыны з агнястрэльнымі раненнямі
Следчы камітэт расказаў падрабязнасці, як беларус атрымаў раненне на тэрыторыі Польшчы