Як ніжнік крыў кральку. Забытая мова беларускіх картачных гульняў
У беларусаў была свая адметная картачная тэрміналогія, якая часта разыходзіцца з расейскай. У жывых гаворках захаваўся ўнікальны, самабытны свет, дзе карты не тасуюць, а габлююць, і дзе валетаў і дам называлі ніжнікамі ды кралькамі.
Карціна Поля Сезана «Гульцы ў карты» (1892—1893 гады) выдатна перадае напружаную атмасферу мыслення за картачным сталом. Фота: Wikimedia Commons
Вярнуць з нябыту гэты пласт лексікі вырашыла суполка «RэЗервацыЯ» — група перакладчыкаў, якіх яднае супольная мэта стварэння якасных беларускіх лакалізацый гульняў. Яны сабралі і сістэматызавалі картачную лексіку ў невялікі, але надзвычай змястоўны слоўнік.
Масці і маскі
Для нас сёння звыклымі з’яўляюцца французскія назвы картачных масцей, але беларуская народная традыцыя захавала і іншыя найменні. Чорныя пікі часцей за ўсё называліся «віна» (націск на першы склад). Прыметнік: віновы. Або віноўкі: «Я табе дам віноўку, і ты знімеш».
Трэфы практычна паўсюдна называліся жалуды, ці скарочана жлуды, а ў некаторых рэгіёнах мелі альтэрнатыўную назву — хрэсці, прыметнік: храстовыя. Масць, вядомая нам як бубна, мела таксама мілагучную назву — звонкі. Напрыклад, фіксуецца такі выраз: «Кідай звонку».
Чырву называлі таксама чарвонкамі, або чырвенямі.
Многія з гэтых назваў засталіся ад старажытнай еўрапейскай сістэмы сімвалаў старой нямецкай калоды, якая была вядомая на беларускіх землях раней за французскую.
Ніжнікі, вышнікі і шапяркі
Звыклыя нам ігральныя карцінкі таксама мелі ўласную іерархію. Тое, што мы сёння называем валетам, у беларусаў раней было ніжнікам. Гэтая назва лагічна паходзіць ад нямецкага «Unter». Адпаведна, дама фігуравала ў гаворках як вышнік (ад нямецкага «Ober») або краля і кралька. Апошняе слова пайшло ад польскага «krala» — каралева.
Самі ж дробныя карты мелі зборную назву малодкі. Дасведчаныя жанчыны пры варажбе абавязкова адкідалі іх убок, каб яны не псавалі сур'ёзны расклад: «Мая бабуля адкідае ўсе младкі, калі гадае на даму».
Кожная лічба мела сваё азначэнне. Васьмёрку маглі назваць асьмаком ці восемкай: «А я твайго карыля казырнай восемкай пабіў». Сямёрку — сямак ці сёмка, семка, а шасцёрку — словам шапёрка, шыпёрка.
Агулам калоду карт называлі таліяй.
Габляваць і пускаць буслікаў
Карціна Мікеланджэла Караваджа «Шулеры» (каля 1594 г.), на якой адзін з мужчын пускае буслікаў у чужую калоду, а яго напарнік звычайны калтыга — мяняе карту за спінай. Фота: Wikimedia Commons
Калі людзі садзіліся за стол, карты тасавалі. У гэтага слова былі і сінонімы — іх габлявалі, тусавалі ці мітусілі.
«Не люблю я іграць, калі банк трымае Андрэй Нагнётка. Як пачне габляваць карты, як стане выкладаць іх! Проста як бы жылы выцягвае з цябе». (З дзённіка пана Жылака — Якуб Колас)
«Нашто ты іх [карты] мітусіш? Не матусі».
Каб сказаць, што нехта даў у масць, гэта значыць пахадзіў або адказаў картай той самай масці, казалі ўлісціўся: «Во як лоўка ў цябе ўлісціліся!»
Не прынята было пускаць буслікаў у чужыя карты, гэта значыць спрабаваць падгледзець чужы расклад: «Што ты буслікаў пускаеш у мае карты?».
Калі ж гулец разумеў, што яму няма чым адбівацца, ён замест пас мог сказаць годзе.
Узятка са стала абазначалася словам бітка. Прайграўшы партыю ў дурня, або, як яго называлі беларусы, у кепікі, гулец атрымліваў кеп, гэта значыць пройгрыш, а для поўнага і знішчальнага пройгрыша было слова кікс.
«З вялікага абрання ды выйшаў кікс. Гулялі мы ў карты, дык я выйграў, а ўсе засталіся з кіксам».
Тых жа, хто свядома спрабаваў змахляваць, называлі калтыгамі.