Пад Санкт-Пецярбургам на матацыкле разбіўся расійскі мільярдэр
У Ленінградскай вобласці Расіі ў выніку ДТЗ загінуў буйны прадпрымальнік Міхаіл Смірноў, якога расійскія СМІ называюць мільярдэрам. Праўда, мільярдэрам ён быў толькі рублёвым.
Міхаіл Смірноў і месца аварыі
Аварыя адбылася 20 мая ў Прыазёрскім раёне, на трасе Пяскі — Саснова — Падгор’е. Паводле звестак паліцыі, матацыкліст на Triumph не справіўся з кіраваннем на павароце, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з аўтамабілем Haval. Ад атрыманых траўмаў ён памёр да прыезду хуткай дапамогі.
Пазней розныя крыніцы пацвердзілі асобу загінулага — ім быў Міхаіл Смірноў, былы саўладальнік і кіраўнік рады дырэктараў «Балтыйскай паліўнай кампаніі». Яму было 53 гады, і ён павінен быў неўзабаве адзначыць 54‑ты дзень нараджэння.
Паводле паведамленняў расійскіх СМІ, Смірноў быў звязаны з буйным бізнэсам у сферы экспарту нафтапрадуктаў і бункіроўкі суднаў, а таксама ўдзельнічаў у кіраванні і развіцці шэрагу кампаній. Яго імя фігуруе ў дзясятках юрыдычных асоб.
Таксама адзначаецца, што ён раней узначальваў розныя інвестыцыйныя і фінансавыя структуры і быў звязаны з буйнымі расійскімі карпарацыямі.
У 2024 годзе Смірноў заняў 108‑е месца ў рэйтынгу мільярдэраў Расіі па версіі выдання «Деловой Петербург» з капіталам 7,79 мільярда расійскіх рублёў (каля 109 мільёнаў даляраў). Асноўным актывам называлася кампанія «Нява Ойл».
Чытайце таксама:
Дачка Умара Джабраілава не верыць у самазабойства бацькі. Яна звязвае яго смерць са справай Эпштэйна
Сваякі былога гендырэктара «Уралкалія» Баўмгертнера сцвярджаюць, што яго на Кіпры забілі