Імперскі гумар: расійскі гуру адносін Сацья Дас пажартаваў, чаму хоча захапіць Беларусь
«Каб была маленькая такая тэрыторыя, дзе добрыя людзі робяць для мяне сырочкі глазураваныя», — кажа скандальна вядомы лектар і пасміхаецца.
Сацья Дас. Фота з яго інстаграма
У інстаграме завірусілася відэа, знятае, імаверна, падчас візіту Сацьі Дасу ў Мінск. У ім ён нахвальвае беларускія прадукты.
— У мяне сёння быў музей. Я хадзіў у супермаркет ваш. Вы ж дурныя, вы ж не разумееце, у якім шчасці жывяце. А я заўсёды прыязджаю і хаджу ў прадуктовую краму як у музей.
Далей гуру адносін распавядаў, як зграбаў з прылаўкаў згушчонку.
— І стаяць такія, ведаеце, два дэбілы: «Вы што, у нас у Беларусі вельмі дрэнна ўсё! У нас тут дрэнна!». Гарыце ў пекле, дэбілы!
Наступны прыступ любові да Беларусі накрыў скандальнага лектара, калі ён пабачыў глазураваныя сыркі. Уразіў яго і каўбасны аддзел:
— А можна атрымаць палітычны прытулак? Дык у мяне думка ўзнікла захапіць вашу краіну, разумееце? Каб была маленькая такая тэрыторыя, дзе добрыя людзі робяць для мяне сырочкі глазураваныя. Імперскі гумар, імперскі гумар!
За суткі відэа набрала ў інстаграме 365 тысяч праглядаў і каля 22 тысяч лайкаў.
Нагадаем, шалёна папулярны ў сацыяльных сетках блогер Сацья Дас насамрэч носіць імя Сяргей Якаўлеў (але яму не падабаецца, калі нехта да яго звяртаецца так).
Ён нарадзіўся ва Украіне (у Дняпры). Пасля школы паступіў у тэхналагічны тэхнікум, выбраўшы спецыяльнасць тэхнолага грамадскага харчавання. Потым была армія. Пасля дэмбелю мужчына прачытаў кнігу «Бхагавадгіта» і вырашыў стаць крышнаітам. Ад аднаго з настаўнікаў Сяргей і атрымаў тое імя, якое выкарыстоўвае ў якасці псеўданіма, — Сацья Дас.
А пасля 30 гадоў настаў зорны час мужчыны. Ён вырашыў, што можа вучыць людзей, як правільна трэба жыць: і як адносіны будаваць, і як дзяцей гадаваць.
У рэкламе Сацью Даса часта называюць псіхолагам. Але, наколькі вядома, ён не мае адпаведнага дыплому. На яго сайце пазначана, што мужчына — спецыяліст па сямейных адносінах, папулярны лектар, філосаф і пісьменнік.
Сацья Дас асабліва не стрымліваецца ў выразах, але яго дэманстратыўная нахабнасць прываблівае мільёны прыхільнікаў. На асноўную старонку «гуру адносін» у інстаграме падпісаныя 2,2 мільёна чалавек, ва «Укантакце» — 1,9 мільёна.
Дарэчы, сярод фанатаў «гуру адносін» хапае і прыхільнікаў Лукашэнкі. На старонку Сацьі Даса ў інстаграме падпісаныя артысты Алёна Ланская, Ганна Трубяцкая і Іван Зданюк, жонка прапагандыста Ігара Тура.
Мабыць, найбольшую славу Сацью Дасу прынёс выступ у расійскім Ноўгарадзе ў 2023 годзе. Тады ён ударыў па галаве жанчыну, якая вырашыла спрачацца з лектарам падчас выступу, яе ж сумачкай.
Летась мужчына прыязджаў з лекцыяй у Мінск і выступаў у Falcon Club Arena.