«Настаўнікі аж слязьмі зайшліся». 400 амерыканскіх вучняў заспявалі песню на беларускай мове
Больш за чатыры сотні вучняў хору ў амерыканскім горадзе Такома выканалі песню гурта NaviBand на беларускай мове. «Белсат» паразмаўляў з арганізатарамі канцэрту пра тое, як гэта атрымалася.
Скрыншот відэа выступу
Хор Tacoma refugee choir спявае ў горадзе Такома (штат Вашынгтон) ужо дзесяць гадоў і складаецца з імігрантаў, бежанцаў і любых ахвотных. Спачатку ў яго ўваходзілі 22 бежанцы з гэтага гораду, потым колькасць удзельнікаў вырасла да 800 чалавек з больш чым 70 краін свету. За час свайго існавання хор выступіў для больш чым 50 тысяч чалавек на грамадскіх і дзяржаўных мерапрыемствах па ўсёй Амерыцы.
Адна з удзельніц хору — беларуска Кацярына Марыневiч — спявае ў Tacoma refugee choir ужо чатыры гады. Дзяўчына расказала «Белсату» пра тое, як да яе прыйшла ідэя навучыць удзельнікаў хору спяваць на беларускай мове.
«Мы спяваем песні пра тугу па доме на тых мовах, на якіх гавораць удзельнікі хору. Напрыклад, мы спявалі на мангольскай, в’етнамскай, іспанскай, суахілі, тагальскай мове. Я ўжо чатыры гады ў хоры і ўвесь гэты час не магла знайсці песню на беларускай мове, якую мы змаглі б праспяваць усе разам. Спачатку думала, можа быць, «Калыханку» развучыць, але потым зразумела, што людзі хутчэй паедуць дахам, чым яе вывучаць. А пасля выхаду апошняга альбома NaviBand я пачула песню Life — і гэта ідэальна супала!»
Якраз вясной мінулага году хор шукаў новую песню для канцэрта на замежнай мове. У гэты час выйшаў новы альбом гурта NaviBand, а на ім — першая аптымістычная песня гурта з 2020 года.
«У той жа вечар я дасылаю песню на YouTube у чат нашага хору і кажу, што знайшла патрэбную нам песню. І ўсе ў адказ: «Так-так, вельмі класная!», а на наступны дзень дырэктар хору кажа: «Супер, мы бяром вось гэтую песню». Так мы пачалі развучваць яе хорам. Песня ўсім вельмі спадабалася, але ўдзельнікам хору было вельмі цяжка прамаўляць беларускія словы, хоць яны вельмі стараліся», — кажа Кацярына.
Беларускамоўная песня Life летась стала апошняй на фінальным канцэрце хору — яе спявала ўся зала.
«Увогуле, гэтая песня вельмі спадабалася хору, і мы атрымалі вельмі добры фідбэк. З таго часу мы спявалі яе на шматлікіх мерапрыемствах, у тым ліку перад губернатарам штата і на мерапрыемствах, дзе была кангрэсвумэн. Перад тым як пачаць спяваць, я заўсёды кажу прамову і тлумачу, чаму мы яе спяваем. Кажу пра тое, што беларусы цяпер знаходзяцца па ўсім свеце і што гэта першая песня гурта пасля ад’езду, якую яны змаглі напісаць аптымістычна. Я хачу, каб людзі разумелі сэнс песні і тое, што Беларусь цяпер перажывае цёмныя і страшныя часы, але пры гэтым мы ўпэўненыя, што будзем працягваць танцаваць і ўсё роўна застанемся разам. І не было ніводнага канцэрта, калі б людзі не падыходзілі да мяне са слязамі на вачах і не казалі: гэта было нешта!»
Хор таксама вучыць спевам вучняў школ у горадзе Такома і напрыканцы навучальнага года робіць вялікі сумесны канцэрт. Настаўнікі з вучнямі ў 2026 годзе таксама выбралі для выканання беларускамоўную песню.
«Гэтая песня вельмі моцна запала ў душу настаўнікам, яны аж слязьмі зайшліся, калі яе пачулі, і захацелі, каб мы развучылі яе з вучнямі. Пасля я тры месяцы вучыла гэтай песні дзяцей з малодшай, сярэдняй і старэйшай школы. Мы таксама паказвалі ім прэзентацыю пра Беларусь, расказвалі, чаму спяваем гэту песню. Дзецям яна настолькі спадабалася, што многія потым падыходзілі да мяне і казалі: «Мы не можам перастаць яе спяваць».
Хор Tacoma refugee choir спявае ў горадзе Такома (штат Вашынгтон) ужо дзесяць гадоў і складаецца з імігрантаў, бежанцаў і іншых ахвотнікаў. Фота: арганізатары
Музыкі з NaviBand таксама арганізавалі з вучнямі званок праз Zoom, дзе расказвалі пра сябе і пра тое, што іх музыку нельга слухаць у Беларусі. Як і многія іншыя музыкі, яны знаходзяцца пад забаронай у сваёй краіне і маюць «экстрэмісцкія» старонкі ў сацсетках, таму нават праслухоўванне іх песень улады могуць палічыць несанкцыянаваным пікетаваннем. Музыкі расказалі гісторыі пра тое, што некаторыя школьнікі ў Беларусі хацелі праспяваць іх песні на школьных канцэртах, але ім гэтага не дазволілі. Цяпер замест школьнікаў у Беларусі песні на беларускай мове спяваюць амерыканскія школьнікі.
«На здзіўленне, у дзяцей увогуле аказалася цудоўная беларуская мова і вымаўленне! Дзеці са старэйшых класаў нават захацелі спяваць першы куплет сола, і пяць ці шэсць чалавек у выніку ўзялі па радку, а ўсё астатняе спяваў хор з чатырохсот дзяцей. Увогуле, гэта быў цудоўны, нейкі неверагодны момант. Гэта мара, пра якую я нават не адважвалася марыць — што буду ў Амерыцы вучыць дзяцей спяваць на беларускай мове», — кажа Кацярына.
Чытайце таксама:
У Беларусі абнавілі чорны спіс артыстаў — цяпер там 179 пазіцый. Хто трапіў
Найлепшыя беларускія трэкі за 2025 год? Вы будзеце ашаломленыя