«У каго з мастакоў можна заказаць свой партрэт, а не камень у шкляным кубе?»
Прачытаў навіну, у якой гаворыцца пра дапамогу «беларускім мастакам у эміграцыі». Хацелася б, вядома, бачыць канкрэтны спіс, якога кшталту дапамога патрэбная мастакам, а яшчэ больш — чаму ім патрэбная дапамога, піша ў сябе ў фэйсбуку архітэктар Уладзіслаў Чаховіч.
Сяргей Грыневіч. Фрагмент карціны, выстаўленай на беларускай выставе Венецыянскага біенале. Паводле фота са старонкі Сяргея Грыневіча ў фэйсбуку
Я разумею, калі гаворка ідзе аб прафесіях, звязаных са словам: пісьменнікі, паэты, спевакі ў эміграцыі страцілі доступ да аўдыторыі, а на іншых мовах так пісаць не ўмеюць; журналісты і публіцысты — усе, лічы, экстрэмісты; навукоўцы спрабуюць убудавацца ў еўрапейскую навуку, але зноў жа моўны бар’ер, неактуальнасць для еўрапейскай навукі сферы даследаванняў, адарванасць ад прадмета свайго вывучэння, бібліятэк, музеяў, архіваў; нават мае калегі, архітэктары і рэстаўратары (нечакана!), без выдатнага ведання мясцовай мовы, мясцовага заканадаўства, нарматываў, будаўнічай практыкі і без магчымасці самастойна весці будоўлю страчваюць магчымасці для працы; et cetera.
Але ж іншае, пластычнае мастацтва, мае ўніверсальную мову, прынамсі, у межах еўрапейскай цывілізацыі, якая ахоплівае добрую палову свету. Калі твае творы разбіралі ў Беларусі і гэта табе дазваляла жыць на адным мастацтве там, то тую ж, калі не большую, любоў ты мусіш знайсці і тут, у еўрапейскай эміграцыі. Калі не, то, можа, варта задумацца пра тое, што ты займаешся «самавыяўленнем», якое цягне тваё жыццё на сацыяльнае дно, але нікому не патрэбнае ў рэчаіснасці? Ізноў жа, пра якую дапамогу ідзе размова? Гэта паліятыўная дапамога творцам, якія не могуць прызнацца самі сабе, што займаюцца ерундой? Тады гэта больш нагадвае хваравітую залежнасць па тыпу лудаманіі, калі чалавек працягвае верыць, што вось-вось — і адыграецца. Ці збіраем мы грошы на дапамогу лудаманам у эміграцыі? Здаецца, што не.
Што за дапамога патрабуецца беларускім мастакам на шосты год пасля 2020 года і на чацвёрты год пасля 2022 года? Зняць новую рэхаб-вілу, дзе яны будуць займацца нічым? Аплаціць іхнія даўгі, нажытыя праз уласную непрыстасаванасць да жыцця? На фарбы, мастыхіны, пластылін, паперу і палотны, дапамогу ў здыме студый — то не шкада зусім, калі гэта дазволіць камусьці пачаць усё з нуля. Але таймлайн падказвае, што дапамога рэальна паліятыўная.
Я зноў і зноў буду вяртацца да тэзіса, што грошы — кроў мастацтва. «Мастацтва дзеля мастацтва», якое тлумачыла эстэтычную каштоўнасць мастацтва нават без унутранага сэнсу ці дыдактычных задач, і пагарда да густаў буржуа ў эпоху постмадэрнізму вырадзіліся ў несмяротную гідру «ўсе вінныя нам толькі па факце таго, што мы нешта робім, а што робім, то не вашая справа, вы яшчэ не дараслі да такога». Цыкл гэтага паразітызму даволі замкнёны: адны ствараюць барахло, арт-крытыкі арт-барахла даносяць да грамадства з дапамогай мудрагелістай лексікі неймаверную важнасць гэтага арт-дзеяння, грамадства адчувае сорам за сваю адсталасць, тым самым ствараючы глебу для новых стваральнікаў барахла і яго арт-крытыкаў. Схема настолькі паспяховая, што можна прадаць прылеплены скотчам банан за кучу бабак — часам знаходзіцца той самы лох-нуварыш, на якім усё гэта і трымаецца. Нагадвае кантрабанду цыгарэт — не важна, колькі канфіскуюць, тыя партыі, што праскочуць, з лішкам пакрыюць усе ранейшыя няўдачы.
Але гэтая логіка «паймець» грамадства загнала мастацтва ў тупік. Авангард парваў са старым мастацтвам, вяртацца да рэалістычнага жывапісу ці ордарнай сістэмы сёння лічыцца адным з найстрашнейшых грахоў у выяўленчым мастацтве і архітэктуры. Трэба ствараць новае мастацтва: абстрактны жывапіс, абстрактную скульптуру, дэканструктывізм, шкло-бетон-метал, рэды-мэйд, арт-інсталяцыі, перформансы — вось гэта свежа, вось гэта нова!
Абстрактны «Чорны квадрат» Малевіча створаны ў 1915 годзе, «Фантан» Дзюшана — у 1917 годзе, павільён Германіі Міс ван дэр Рое — у 1929 годзе. Вашае сучаснае мастацтва настолькі ж сучаснае і такое ж актуальнае, як кубачак з вензелямі са святкавання 300‑годдзя дому Раманавых (1913).
За сто гадоў паспелі змяніцца барока, ракако, класіцызм, рамантызм і рэалізм. А нам праз сто гадоў пасля авангарду зноў паказваюць пісуар з назвай, якая не адпавядае яго зместу. Вось гэта свежа, вось гэта нова! Не, гэта калі не заняпад, то працяглая стагнацыя.
Вымерлі цэлыя віды мастацтва, дзе патрэбны талент, майстэрства і рамесная праца. Засталіся тыя, дзе поспех вымяраецца нахабствам.
Але людзі працягваюць успрымаць старое мастацтва, пачуццёва перажываючы перад карцінай XVIII стагоддзя страсці не меншыя, чым становячыся часткай дзёрзкага сучаснага перформанса. І вось гэтага старога ніхто не можа даць — для сучасных мастакоў гэта дэкаданцкі зашквар — пісаць рэалістычны партрэт, батальную сцэну ці, даруй Божа, букет кветак.
На іх месца прыходзяць такія, як Нікас Сафронаў, які дрэнны не тым, што піша рэалістычныя партрэты, а тым, што робіць гэта абсалютна безгустоўна.
Гэта дзве крайнасці: з аднаго боку — авангард стогадовай нясвежасці і рознае арт-смецце, непатрэбнае ў масе сваёй нам, сярэдняму класу, ні ў нашых сціплых кватэрах, ні ў музейных галерэях; з іншага боку — безгустоўшчына, да якой схільныя нуварышы, якія выбіліся ў вярхі з нашага сярэдняга класу. А паміж імі амаль анічога.
Мы тут, вядома, самі вінаватыя: гэта расплата за сацыяльную роўнасць. Мы павесілі князёў, расстралялі цароў, выгналі біскупаў з палацаў, а тыя каралі, што ацалелі, вымушаны весці паказное дэмакратычнае жыццё. Няма заказчыкаў для вялікага мастацтва, няма ўзору для новых фабрыкантаў.
Праблема найбольш відавочная, калі звярнуцца да сучасных народных мастацтваў: музыкі, кіно і відэагульняў. Так, балаўство кшталту 4′33″ Джона Кейджа, калі музыкальны твор не змяшчае ніводнага гуку, бывае, яно трапляе ў падручнікі і масавую культуру, але на гэтым усё. Так, ёсць агульнапрызнаныя шэдэўры, ёсць папулярная безгустоўшчына, ёсць цікавыя нішавыя рэчы, але ніхто не будзе слухаць шэсць гадзін, як цвіком шкрэбаюць шкло, ці глядзець кіно без герояў і сюжэту. Такое проста знікне або будзе адным сказам у пераліку прыколаў блогера на Ютубе.
І ніхто не зможа пераканаць вас, што гэта вы чагосьці не разумееце ў мастацтве, бо вам будзе відавочна, што перад вамі творчасць фрыкаў. Але чамусьці з пластычнымі мастацтвамі гэта перастае працаваць — чамусьці гэта глядач дэбіл, што не разумее мастацтва, а не аўтар, які стварыў херню.
Я спачатку не звярнуў увагі на беларускі павільён на Венецыянскім біенале, але пасля інфармацыйны ціск аказаўся занадта вялікім, азнаёміўся і нават паспрыяў пашырэнню інфармацыі пра яго. Павільён, вядома, не наватарскі, «проста, але з густам», я б так сказаў. Але што мяне прымусіла задумацца, дык гэта амаль поўная адсутнасць у гэтым павільёне іншых відаў мастацтва, акрамя глыбока сімвалічных інсталяцый. Амаль няма жывапісу, няма графікі, скульптуры, распісаных куфраў.
Добра, першы раз мы знаёмім публіку з беларускай бядой, але стала вельмі цікава: ці ёсць бачанне новага павільёна? Што будзе там? Ці будзем мы з разу ў раз даваць цікаўным еўрапейцам укладаць пальцы ў крывавую рану на нашых рэбрах, ці вырвемся за межы трагічнага ў нейкі іншы космас?
Мне бачыцца, што беларускай эміграцыі варта было б мець сваё мастацкае «біенале», на якім можна было б паказаць і даказаць, што «беларускія мастакі ў эміграцыі» чагосьці вартыя, а не проста небаракі на ператрымцы грамадзянскай супольнасці. Колькі б нашы медыя ні пісалі пра беларускіх мастакоў, па праўдзе, я дагэтуль не ведаю, у каго з мастакоў у эміграцыі можна заказаць свой партрэт, а не камень у шкляным кубе з «кУчЯ смЫслОв». Выстаўкі патрэбныя, каб мы ведалі рынак і імёны, бо грошы — кроў мастацтва. Адзіную дапамогу, якую вы можаце аказаць мастаку ў эміграцыі, — купіць яго твор (або не купіць).