БЕЛ Ł РУС

«Не бачыла ніводнага смажанага сабаку». Беларуска расказала, як адпачыла ў В’етнаме

23.05.2026 / 21:58

Nashaniva.com

В’етнам апошнім часам стаў папулярным турыстычным напрамкам сярод беларусаў. Выданне «Моцныя навіны» пагутарыла з Надзеяй, якая акурат нядаўна адпачывала на модным в'етнамскім курорце Данангу, і даведаліся пра самыя цікавыя нюансы побыту там.

Як дабрацца ў Дананг?

Надзея — не тыповая турыстка з турам «усё ўключана». У беларускі ёсць сваякі, якія пераехалі жыць у В’етнам, таму ў дзяўчыны была магчымасць паглядзець на краіну знутры і больш паглыбіцца ў яе.

«У В’етнам па працы пераехаў мой брат з сям’ёй 2,5 гады таму, яны жывуць у цэнтральнай частцы краіны ў Данангу. Дананг размешчаны на моры, гэта адзін з найбольшых гарадоў, горад-мільённік. Сваякі яго не выбіралі, там змяшчаўся офіс кампаніі, дзе працаваў брат, прапанавалі з аддаленкі перайсці ў офіс, вырашылі паспрабаваць.

За гэты час я была ў В’етнаме двойчы па месяцы, восенню ў 2024‑м і ўвесну гэтага года. У 2024‑м яшчэ можна было беларусам знаходзіцца ў В’етнаме без візы 45 дзён, а пасля новых дамоўленасцяў — 30 дзён», — тлумачыць Надзея.

Дзяўчына прызнаецца, што дабірацца было цяжка. Каб даляцець да Данангу, спатрэбіцца 3 пералёты — гэта каля сутак у дарозе. Першы раз беларуска лётала па маршруце «Мінск — Масква — Ганконг — Дананг», другі — «Мінск — Пекін — Ганконг — Дананг».

— Праз Пекін спадабалася больш, бо ёсць транзітная зона, нашмат хутчэй праходзіш кантроль у аэрапорце. Ніякай блытаніны, усё аператыўна. Канечне, прамым рэйсам дабірацца было б нашмат прасцей, — расказвае суразмоўца.

— А колькі каштуе такі пералёт?

— 700‑1000 даляраў у адзін бок. З багажом, канечне.

— Нічога сабе, як у Японію!

— Да Японіі там ужо блізка. Апошні раз мне брат сказаў, што я магла ў Мінску зрабіць візу і адтуль у Японію ірвануць, але я не думала, што я буду цалкам вольная.

«Думала, што ўся краіна ў рысавых палетках і джунглях…»

Ці ёсць у вас хоць якое ўяўленне пра В’етнам? Напэўна кожны з нас, узгадваючы заняткі па геаграфіі ў школе, уявіць рысавыя плантацыі. Магчыма, нехта прыгадае, што гэта краіна, дзе ядуць сабак. Прыкладна такія ж асацыяцыі былі і ў нашай гераіні.

«Думала, што ўся краіна ў рысавых палетках і джунглях, і гэта краіна трэцяга свету. Але зараз В’етнам развіваецца. Так, наступствы вайны яшчэ адчуваюцца. Вада тут дрэнная, ваду з-пад крана нельга піць, нават у бутэльках бывае горкай на смак.

Людзі ўсё яшчэ пакутуюць ад распыленага агента «оранж», як мы ад Чарнобыльскай катастрофы. У лясах нельга збочваць са сцежак, бо там могуць быць неразарваныя міны і гранаты з часоў вайны, у цэнтральным рэгіёне гэта асабліва актуальна.

Але ў горадзе ёсць патрэбнае для жыцця, ёсць сучаснае жыллё, сэрвісы дастаўкі і таксі, шмат кафэ на любы густ і што важна для беларусаў — цёплае мора! Пляж у Данангу мае доўгую берагавую лінію і дробны пясочак», — разбівае стэрэатыпы Надзея.

Беларуска лічыць, што мора — гэта цалкам крута, нават калі вы не аматар купацца. Можна прыехаць раніцай і паназіраць, што злавілі рыбакі, шукаць ракавінкі і каралы, дыхаць салёным паветрам ці зрабіць як мясцовыя: закапацца ў пясок і атрымліваць асалоду ад новага дня. А калі раптам засумуеце ў Данангу, дык не так далёка ад яго змешчаны парк у гарах Ба На Хілс (там той самы мост з гіганцкімі рукамі, што яго трымаюць), старажытныя гарады Хаян і Хюэ, руіны Мішон і, канечне, гара малпаў са статуяй багіні міласэрнасці і аглядным пунктам, адкуль адкрываецца шыкоўны краявід.

Родзічы дзяўчыны жывуць у нетурыстычным раёне Дананга, далекавата ад папулярнага пляжа, але з краявідам на раку і найдаўжэйшы мост горада. Блізка іншая марская набярэжная — заліў Дананга, куды ў асноўным ездзяць адпачываць мясцовыя жыхары.

Вядома, у дзяўчыны запыталіся, што найбольш за ўсё здзівіла і ўразіла падчас паездак. Надзея прызналася, што яна ўвогуле да гэтых падарожжаў не была ў Азіі. Таму шмат рэчаў дасюль падаюцца ёй нязвыклымі.

Напрыклад, у в’етнамцаў незвычайны распарадак дня. Яны вельмі рана прачынаюцца — у 4:00 ужо на набярэжнай робяць зарадку, бегаюць, танчаць. Удзень спяць, а ўвечары сядзяць у піўных. Звычайна там у асноўным мужчыны, але ў любы дзень да 23:00 у барах шмат наведвальнікаў.

«Не змагла палюбіць тое, што тратуар — гэта частка дарогі, паркоўка для байкаў, прастора для гандлю, для кафэ, для чаго заўгодна, але не для пешаходаў. Што на вуліцы заўжды шумна, усе байкі і машыны пастаянна бібікаюць, а святлафор — рэдкасць, ды і яго наяўнасць не азначае, што кіроўца будзе вас прапускаць пры адпаведным сігнале. Апроч таго, што тратуар заняты столікамі і байкамі, увечары трэба глядзець пад ногі, каб не наступіць на пацука ці бутэльку ад піва — у рэстаранах в’етнамцы прывыклі піць піва скрынямі і кідаць смецце пад стол», — расказвае беларуска.

Колькасць пацукоў тлумачыцца асаблівасцю мясцовых вераванняў. Па словах нашай гераіні, у Данангу каля 30 каталіцкіх касцёлаў, шмат будысцкіх храмаў, але большасць в’етнамцаў шануе культ продкаў і духаў памерлых. Таму на вуліцах можна ўбачыць шмат алтароў з кветкамі, садавіной і іншай ежай, якімі і харчуюцца грызуны. Алтары ёсць у большасці крамаў, гатэлях, ля дрэваў на вуліцы, у рэстаранах і сэрвісах. Радуе тут толькі адно — пацукі неагрэсіўныя.

Яшчэ адно цікавае назіранне — як жывуць звычайныя людзі. В’етнам, нагадаем, камуністычная дзяржава. У асноўным у в’етнамцаў вузкія двух-трохпавярховыя дамкі, дзе на першым паверсе які-небудзь бізнэс. Большасць людзей мае кафэ з адной-дзвюма стравамі ў меню альбо маленькую краму. Таксама гэта можа быць пункт, што аказвае паслугі масажу, цырульні, рамонту, рамесніцтва і іншае.

«У дробных кавярнях, калі прайсці ўглыб у прыбіральню, ты трапляеш у іх уласную прыбіральню, дзе вісяць рэчы, змешчаны душ. Дарэчы, паўсюль ёсць душ для падмывання, але не паўсюль туалетная папера.

Калі на першым паверсе няма бізнэсу, тады там месціцца драўляная канапа і тэлевізар, вентылятары. Дзверы адчыненыя, бо горача, увечары ўся сям’я збіраецца і сядзіць на падлозе альбо канапе, есць локшыны і глядзіць тэлебачанне. Вентылятары тут усюды, а ў тых, хто багацейшы, — кандыцыянеры.

На двары вельмі горача і дужа вільготна. Гэта было самае першае ўражанне, калі ў верасні выходзіш з аэрапорта, як у лазню. Тэлефон паказваў +37 градусаў, а па адчуваннях +43, вільготнасць пад 90%», — успамінае Надзея.

Якая небяспека можа чакаць у В’етнаме

Мы ўжо закранулі тэму ваенных мін у джунглях, бруднай вады, дарожнай абстаноўкі і пацукоў на тратуарах. Даведаліся таксама, ці трэба неяк спецыяльна рыхтавацца да паездкі і што яшчэ можа быць небяспечным у В’етнаме.

Наконт прышчэпак Надзея выказалася так — не рабіла, бо рашэнне аб паездцы прымалася хутка, не было сэнсу ставіць.

«З важнага трэба ведаць, якія насякомыя небяспечныя. Прусакі лётаюць, але не кусаюцца, камары кусаюцца, але рэдка. І ёсць яшчэ тамкаты. Тамкат — драпежнік, які есць паразітаў на рысе, яго не цікавіць чалавек, але прываблівае святло. А ягоная гемалімфа атрутная, можна параўнаць з сокам баршчэўніка.

Дык вось небяспека ў тым, што можна рэфлектыўна раздушыць яго на сабе, і тады ад раздушанага жука на скуры з’явяцца апёкі, якія доўга зажываюць. Тамкаты запаўзалі да нас у кватэру некалькі разоў, альбо мы прыносілі іх з вуліцы, і калі заўважалі, акуратна здымалі іх пры дапамозе паперы і выкідалі», — тлумачыць дзяўчына.

Але і гэта яшчэ не самае экстрэмальнае. Сапраўдным «трэшачком» Надзея назвала жаночыя пракладкі з ментолам:

«Кажуць, прызвычаіцца можна. І, магчыма, яны розныя, бо я першую спрабавала там, і яна была нічога, нямоцная, ды і пры спёцы не так адчувалася. А потым тут у Беларусі паспрабавала і не зайшло — вытрымала 5 хвілін. Жонка брата мяне адразу папярэдзіла, каб мы не куплялі, бо яна не ведала, і ў яе ўсё гарэла».

Што спатрэбіцца для камфортнага знаходжання

Каб спакойна арыентавацца ў горадзе, Надзея раіць афармляць сім-картку ў офісе Viettel. Каштуе яна прыкладна 7 даляраў на месяц — толькі інтэрнэт, 6 гігабайтаў у дзень.

Таксі можна выклікаць, усталяваўшы праграму Grab альбо Xanh SM. Беларуска карысталася толькі першым варыянтам, картка «Прыёрбанка» прывязалася, і аплата праходзіла заўсёды. Можна выклікаць машыну, але танней рухацца на байку — тады паездкі ў краму ці на пляж абыходзяцца ў даляр-два, але добрым тонам лічыцца даць чаявыя, бо кіроўцы байкаў зарабляюць вельмі мала. На аўто таксама нядорага, асабліва калі ехаць удвух ці кампаніяй. Да таго ж Надзея адзначае камфорт, цішыню і прахалоду ў салоне. Мясцовыя таксісты амаль ніколі не ўключаюць музыку.

У прадуктовых крамах Winmart+ і GO! працавала картка «Альфабанка» ў беларускіх рублях, ёю ж атрымалася скарыстацца ў краме канцылярыі, H&M і некаторых кавярнях. Ва ўсіх астатніх месцах даводзіцца карыстацца наяўнымі — у большасці кафэ, на рынках, у дробных крамах, музеях.

Мяняць грошы Надзея раіць у ювелірных крамах. Прыблізны курс: 1 далар — да 26 000 донгаў, можна зноў адчуць сябе мільянерам.

«Шукала сабак, але ніводнага разу не бачыла смажанага…»

Ну і на канец закранем самую смачную тэму. Можна ўявіць, колькі экзатычных страў ёсць магчымасць пакаштаваць у далёкай азіяцкай краіне. Але не ўсё можа спадабацца.

«Я не надта імкнуся каштаваць усё экзатычнае, бо маю слабы страўнік, але ў першы ж дзень выпадкова набыла марозіва з дурыянам. Якая дрэнь! У нас цяпер ёсць марозіва са смакам «беларускага драніка», але там прысмак сушанай цыбулі з плоскіх чыпсаў. Дурыян жа, на маю думку, чыста зялёная цыбуля і на смак, і па водары. Каштавала пазней і сухі, і свежы — меркаванне не змянілася. Я не люблю цыбулю, то і дурыян туды ж», — падзялілася гераіня.

Што да іншых экзатычных пладоў, на думку Надзеі яны збольшага вельмі салодкія і не маюць выражанага смаку. Затое ў В’етнаме вельмі смачныя і сакавітыя ананасы, прыемныя салодкія трошкі вяжучыя маленькія бананы, смачны драганфрут у ягоны сезон (падобны на салодкі вараны бурак і ківі), лічы і мангасцін. І, вядома, манга.

«На вуліцы шмат дзе стаяць вазкі, дзе можна ўзяць свежавыціснуты сок. Мне падабалася браць манга-маракуя за 1 даляр ці апельсінавы. Трысняговы сок таксама неблагі. Праз тое, што на вуліцы горача, добра заходзіць кава з лёдам, гарачая сустракаецца радзей. Чорнай гарбаты няма амаль нідзе, а меню кавы і фруктовай гарбаты дужа шырокае.

Мая любімая кава — з яйкам і салёная. Яйка ўзбіваецца са згушчонкай ў салодкі крэм і наліваецца паверх кавы, а салёная — мае знізу слой фільтр кавы, а зверху — узбітыя вяршкі з соллю. Любая кава каштуе ад 0,5 да 3 даляраў», — дае рэкамендацыі Надзея і дадае, што часта ў кавярнях смачнейшай за заказаны напой аказвалася бясплатная і безлімітная зялёная гарбата, што стаіць у вялікіх чайніках альбо тэрмасах — проста зялёная, альбо з лотасам ці язмінам.

З ежы беларуска каштавала традыцыйныя супы, локшыны, бліны ў фрыцюры (бань сео), нэмы, краба і крэветак, васьміногаў, іншыя дробныя ракавінкі, суп фо бо і фо га. Любімая вулічная ежа — сэндвіч у багеце бань мі. Традыцыйна ў разрэзаны малы багет кладуць паштэт і розную вяндліну, зеляніну, а пасля падсушваюць багет у грылі. Надзея звяртае ўвагу, што калі не любіце вострае, трэба прасіць нявостры. Морапрадукты ўсюды вострыя, а вось са шматлікімі астатнімі стравамі чылі падаецца асобна.

«Я ўпарта шукала сабак, але так ніводнага разу і не бачыла смажанага. Аднак ведаю, што іх яшчэ гатуюць, мае сваякі бачылі. З мяснога тут звычайнай стравай лічацца смажаныя жабкі. Я пакаштавала — нармальна, сапраўды як курыца, але апроч ног есці там няма чаго, хрыбет з дробных костак, мяса амаль няма. Ідзе як адна з закусак пад піва. Да чаго я не змагла прывыкнуць, дык гэта да салодкай каўбасы і іншых мясных страваў. В’етнамцам падабаецца спалучэнне цукра з мясам, а вось садавіну часта ядуць з соллю», — падсумоўвае дзяўчына.

Надзея дакладна рэкамендуе адкрыць для сябе такі азіяцкі горад, як Дананг. Ён не такі вялізны, як сталіца Ханой. Дананг — горад мастоў. Наяўнасць шырокай ракі Хан дадае маляўнічасці, увечары прыемна прайсціся па нябярэжнай ці схадзіць паглядзець на шоу на мосце Цмока. Ёсць музеі, прыгожыя кавярні з бетона і металу, ёсць нетурыстычныя рынкі, дзе можна знайсці літаральна ўсё, недарагія масажныя салоны. В’етнамцы дужа ветлівыя і прыязныя людзі, вітаюцца на вуліцы, усміхаюцца, спрабуюць дапамагчы, узровень злачыннасці ў горадзе нізкі.

Чытайце таксама:

У аэрапорце Бангкока злавілі сцюардэсу, якая спрабавала правезці пад адзеннем 30 чарапах

У В'етнаме знайшлі пячору з вадаспадам вышынёй 350 метраў

Чартарную праграму ў в'етнамскі Дананг адмянілі не пачаўшы

Адпачынак у В'етнаме за $500 у суткі. Беларусы расказалі, што расчаравала за такія грошы

Каментары да артыкула