БЕЛ Ł РУС

Што Расія бамбіла балістычным «Арэшнікам» у Белай Царкве?

24.05.2026 / 14:45

Nashaniva.com

У ноч на 24 мая расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па Украіне, прымяніўшы балістычную ракету «Арэшнік». На гэты раз пад удар гіпергукавой зброі патрапіў горад Белая Царква, размешчаны за 70 кіламетраў на поўдзень ад Кіева.

Гаражы, што гарэлі ў Белай Царкве

Паводле звестак украінскага камандавання ВПС, ракета была запушчана з палігона Капусцін Яр у Астраханскай вобласці.

Расія заявіла, што ўсе цэлі былі паражоны. Што ж РФ атакавала ў Белай Царкве?

Украінскія ратавальнікі а 7 ранку паведамілі, што ў Белай Царкве гарэлі тры гаражы.

Пракуратура Кіеўскай вобласці напісала, што ў Белацаркоўскім раёне пашкоджаны гаражны кааператыў і будынкі цывільнага прадпрыемства.

Расійскія каналы сцвярджаюць, што ўдар быў нанесены па аэрадроме. Доказаў гэтаму не прыводзіцца, і пацверджанняў пакуль няма. 

Гэта ўжо трэці выпадак прымянення Расіяй ракетнага комплексу «Арэшнік». Раней РФ ударыла ў лістападзе 2024 года па заводзе «Южмаш», у студзені 2026 года — па Львове.

Прынцып дзеяння «Арэшніка», створанага на базе праекта РС-26 «Рубеж», заключаецца ў падзеле галаўной часткі на 6 асобных блокаў, кожны з якіх выпускае яшчэ па 6 суббоепрыпасаў.

У выніку на цэль адначасова абрушваюцца 36 ударных элементаў.

Паколькі ракета выкарыстоўвалася ў неядзерным варыянце, разбурэнні выкліканы велізарнай кінетычнай сілай падзення пустых металічных балванак на хуткасці звыш 12 000 км/г, якую практычна немагчыма перахапіць сучаснымі сістэмамі СПА.

Мінабароны РФ назвала гэтую атаку «ўдарам адплаты». Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі жорстка адрэагаваў на здарэнне, назваўшы расійскае кіраўніцтва неадэкватным за выкарыстанне стратэгічнага ўзбраення супраць школ і аб'ектаў водазабеспячэння, і падкрэсліў, што такія дзеянні Крамля не павінны застацца без наступстваў з боку міжнароднай супольнасці.

Начная атака, у якой акрамя «Арэшніка» былі задзейнічаны яшчэ 89 ракет іншых тыпаў і 600 дронаў, забрала жыцці двух чалавек у Кіеве, больш за 50 жыхароў сталіцы атрымалі раненні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула