БЕЛ Ł РУС

«Яны хацелі б быць дома». Парэшткі лідара АУН Мельніка і яго жонкі перапахавалі ва Украіне

25.05.2026 / 11:42

Nashaniva.com

Парэшткі лідара Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), палкоўніка арміі Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) Андрэя Мельніка і яго жонкі Сафіі Федак-Мельнік 25 мая перапахавалі на Нацыянальных вайсковых мемарыяльных могілках у Кіеўскай вобласці. На цырымоніі прысутнічалі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, кіраўнік Офіса Кірыла Буданаў, кіраўнік МЗС Андрэй Сібіга і шэраг украінскіх палітыкаў і вайскоўцаў, піша «Суспільне». 

Цырымонія перапахавання лідара АУН Андрэя Мельніка і яго жонкі на Нацыянальных вайсковых мемарыяльных могілках, Кіеўская вобласць, Украіна, 25 мая 2026 г. Фота: Суспільне Новини / Вікторыя Пухальская

Паводле слоў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, улады Украіны шмат гадоў спрабавалі вярнуць дадому выбітных украінскіх палітычных дзеячаў і герояў.

«Людзей, якія маглі быць з розных частак палітычнага спектра і чый лёс не быў простым, але каго аб’ядноўвалі вера ва Украіну, сіла біцца дзеля яе і прага бачыць Украіну незалежнай. Такіх велічных постацяў, якія сёння спачываюць не дома, а воляй гістарычнай несправядлівасці раскіданыя па свеце. […] І ўсе яны заслугоўваюць і дакладна хацелі б быць дома», — сказаў ён.

Зяленскі адзначыў, што зараз ідзе праца над перапахаваннем іншых выбітных украінскіх дзеячаў.

Ён падзякаваў усім, хто працаваў над вяртаннем украінскіх герояў дадому.

«Зараз з Кірылам Буданавым і камандай Офіса прэзідэнта, Міністэрствам замежных спраў, з урадам Украіны і з усімі, хто далучаны, мы напаўняем вялікім зместам слова, якое часта гучыць і павінна гучаць паўнавартасна. Слова — павага. Павага да ўкраінскіх герояў. Слава кожнаму ўкраінскаму герою!» — рэзюмаваў Зяленскі.

Андрэй Мельнік быў вядомым вайсковым і палітычным дзеячам ХХ стагоддзя. Ён служыў у войску Украінскай Народнай Рэспублікі і быў блізкім паплечнікам першага кіраўніка АУН Яўгена Канавальца. Пасля смерці Канавальца ў 1938 годзе менавіта Мельнік узначаліў АУН і кіраваў яе больш памяркоўным крылом — АУН (м), — у адрозненне ад больш радыкальнай групы Сцяпана Бандэры — АУН (б).

У розныя перыяды жыцця Мельнік перажыў арышт і зняволенне польскімі ўладамі, а таксама знаходзіўся ў нацысцкім канцлагеры Заксенхаўзэн. Пасля Другой сусветнай вайны ён займаўся аб’яднаннем украінскай эміграцыі і выказаў ідэю стварэння Сусветнага кангрэса ўкраінцаў.

Памёр Мельнік у 1964 годзе ў Люксембургу, дзе і быў пахаваны да сёння. Напярэдадні там эксгумавалі ягоны прах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула