У Люксембургу эксгумавалі прах колішняга кіраўніка АУН, яго перапахаваюць ва Украіне
У Люксембургу правялі эксгумацыю праху Андрэя Мельніка — другога кіраўніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), а таксама яго жонкі Сафіі. Пасля гэтага іх парэшткі накіравалі ва Украіну, дзе плануецца перапахаванне, піша Hromadske.ua.

Пра праведзеную эксгумацыю паведаміў цяперашні кіраўнік АУН Багдан Чэрвак. Паводле яго слоў, цырымонія прайшла ўрачыста і з пашанай — з кветкамі, сцягам арганізацыі, малітвай і жалобнымі спевамі. Ушанаванне адбывалася ад імя незалежнай Украіны, на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўкраінскіх дзяржаўных структур.
Напярэдадні стала вядома, што ўрад Украіны прыняў рашэнне перапахаваць Мельніка і яго жонку на Нацыянальных вайсковых могілках. Адзначаецца, што гэта важная гістарычная падзея, якая падкрэслівае значэнне нацыянальнай памяці, гонару і годнасці.
Андрэй Мельнік быў вядомым вайсковым і палітычным дзеячам ХХ стагоддзя. Ён служыў у войску Украінскай Народнай Рэспублікі і быў блізкім паплечнікам першага кіраўніка АУН Яўгена Канавальца. Пасля смерці Канавальца ў 1938 годзе менавіта Мельнік узначаліў АУН і кіраваў яе больш памяркоўным крылом — АУН (м), — у адрозненне ад больш радыкальнай групы Сцяпана Бандэры — АУН (б).
У розныя перыяды жыцця Мельнік перажыў арышт і зняволенне польскімі ўладамі, а таксама знаходзіўся ў нацысцкім канцлагеры Заксенхаўзэн. Пасля Другой сусветнай вайны ён займаўся аб’яднаннем украінскай эміграцыі і выказаў ідэю стварэння Сусветнага кангрэса ўкраінцаў.
Памёр Мельнік у 1964 годзе ў Люксембургу, дзе і быў пахаваны да сёння.
«Бацька наш Бандэра». Украінцы памянялі стаўленне да АУН-УПА — сацапытанне
Лукашэнка заявіў пра намер пераносіць у Беларусь парэшткі савецкіх салдат з еўрапейскіх краін
У архівах СБУ знайшліся дакументы, як савецкія спецслужбы завербавалі эмісара АУН, але ўкраінскае падполле гэта выкрыла і забіла здрадніка
Каментары