У Італіі беларуса падазраюць ва ўдзеле ў злачыннай групе
У Італіі затрымалі беларуса, якога падазраюць у прыналежнасці да супольнасці, што займалася махлярствам у турыстычнай сферы. Пра гэта паведамляе рымскае рэгіянальнае ўпраўленне Фінансавай гвардыі, піша сайт «Беларусь и мир».
Фота: Фінансавая гвардыя Італіі
Італьянскія праваахоўнікі выканалі распараджэнне суда аб прымяненні мер стрымання ў дачыненні да 17 асоб, якія на гэты момант знаходзяцца пад следствам па розных пунктах абвінавачванняў — удзеле ў злачыннай групе, выкарыстанні кланаваных крэдытных карт, анлайн-махлярстве і самастойным адмыванні сваіх даходаў.
А менавіта: папярэдняе заключэнне пад варту двух грамадзян Італіі і аднаго грамадзяніна Беларусі, хатні арышт грамадзяніна Італіі і грамадзяніна Польшчы, а таксама прадпісанне шасці грамадзянам Італіі заставацца па месцы жыхарства і прадпісанне шасці грамадзянам Італіі з'яўляцца ў паліцыю. Адначасова былі праведзеныя ператрусы ў дамах гэтых асоб.
Згодна з данымі расследавання, група дзейнічала ў двух населеных пунктах — Анцыа і Нетуна, курортных гарадах на ўзбярэжжы Тырэнскага мора недалёка ад Рыма.
Сцвярджаецца, што ў перыяд з 2022 па 2025 год яна здзейсніла больш за 1 600 махлярскіх дзеянняў у дачыненні да грамадзян Італіі і іншых краін на агульную суму каля 575 000 еўра, падарваўшы давер спажыўцоў да анлайн-транзакцый і парушыўшы працу мясцовага турыстычнага рынку.
Складаныя схемы, якія выкарыстоўваліся групай, былі пабудаваныя на няісных аб'ектах размяшчэння турыстаў. Прымяняліся два асноўныя спосабы.
Па-першае, махляры спусташалі рахункі кланаваных крэдытных карт шляхам фіктыўных плацяжоў, якія здзяйсняліся праз 43 POS-тэрміналы, зарэгістраваныя на 29 няісных аб'ектаў размяшчэння.
Па-другое, яны напрамую прымалі грошы банкаўскімі пераводамі і папаўненнямі ад людзей, якія нічога не падазравалі, за браніраванне месцаў у няісных аб'ектах размяшчэння, рэкламуючы іх у сацсетках.
Затым незаконна атрыманыя сродкі адмываліся праз сетку з 15 падстаўных асоб, якія мелі 38 банкаўскіх рахункаў, выводзіліся наяўнымі і ішлі на куплю аўтамабіляў, ювелірных вырабаў і прадметаў раскошы, у тым ліку за мяжой.
Удакладняецца, што разбіральніцтва знаходзіцца на стадыі папярэдняга расследавання і што ў дачыненні да падазраваных дзейнічае прэзумпцыя невінаватасці.