Грамадства11

Беларус расказаў, як яго спрабавалі ўцягнуць у ценявы бізнэс па пастаўцы люксавых аўто з Польшчы ў Расію

Польская паліцыя выкрыла злачынную групу, якая ў абыход санкцый паставіла ў Расію і Беларусь каля 600 люксавых аўтамабіляў. Толькі ў Польшчы затрымана ўжо 20 чалавек, а наогул схема дзейнічала ў многіх краінах Еўропы, у тым ліку ў Чэхіі, Літве і Германіі. Most знайшоў аднаго з беларусаў, якому прапаноўвалі паўдзельнічаць у такім «бізнэсе», і распытаў, як ён быў уладкаваны.

Фота ілюстрацыйнае

Ягор (імя зменена) жыве ў Польшчы больш за тры гады. Да эміграцыі ён 13 гадоў займаўся аўтабізнэсам — прыганяў з Еўропы машыны і прадаваў іх у Беларусі.

Узімку 2024 года былыя «калегі», якія, як і ён, шмат гадоў займаліся продажам аўтамабіляў у Беларусі, прапанавалі яму паўдзельнічаць у справе. Гэтых «калег» мужчына апісвае так: у хлопцаў еўрапейскія дазволы на жыхарства, у 2011 годзе яны ўдала ўклалі сродкі ад продажу аўто ў крыптавалюту, валодаюць нерухомасцю ў Беларусі і еўрапейскіх краінах, працягваюць жыць і весці бізнэс у Беларусі.

Нейкім чынам яны даведаліся, што Ягор асталяваўся ў Польшчы, і прапанавалі яму «падпрацоўку» — шукаць польскія фірмы і аўтасалоны, гатовыя прадаваць машыны на экспарт у Грузію, Арменію і Казахстан. Кампанію цікавілі пераважна новыя BMW у топавай камплектацыі — мадэлі, кошт якіх у Расеі быў на 50‑60 тысяч еўра вышэйшы, чым у Польшчы.

У Расію забаронена ўвозіць аўтамабілі коштам звыш 50 тысяч еўра, а таксама з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, электрамабілі і гібрыды. У 2024 годзе аналагічныя санкцыі былі ўведзеныя і ў дачыненні да Беларусі, галоўным чынам для прадухілення рээкспарту. Тады ж у спіс дадалі аўтамабілі з клірансам 165 мм і вышэй — каб дадаткова адсекчы красоверы і пазадарожнікі, якія часта ішлі транзітам у Расію.

Фармальна ў пастаўках такіх машын у Грузію, Арменію і Казахстан не было нічога незаконнага. Але многія пастаўшчыкі адмаўляліся ад такіх здзелак, разумеючы, што, хутчэй за ўсё, рэальных пакупнікоў там няма, а машыны ўрэшце апынуцца ў Расіі.

Як замяталі сляды

Ягор расказвае, што каб замаскаваць шлях аўто, яго прадавалі некалькі разоў — інакш «магло прыляцець ад падатковай». Часам аўтамабіль мяняў двух-трох уладальнікаў, перш чым урэшце яго экспартавалі, а выплачаны ПДВ вяртаўся прадаўцу.

Машына выязджала ў Румынію або Балгарыю, а адтуль накіроўвалася ў Грузію паромам альбо аўтавозам — праз Турцыю.

Рахунак-даведка выпісвалася на грамадзяніна трэцяй краіны. Пошук фізічных асоб таксама цікавіў людзей, якія займаліся гэтым бізнэсам.

З Грузіі, па звестках Ягора, машына выязджала для наступнага размытнівання на тэрыторыю Беларусі — гэта было яшчэ да таго, як аўтамабільныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі гарманізавалі. Мытны кошт часта заніжалі, напрыклад, замест 100 тысяч еўра пазначалі 80 тысяч еўра.

Аплата — 2,5‑3 тысяч еўра за адзін аўтамабіль

Знаёмыя не ўводзілі Ягора ў зман: адразу сказалі, што гаворка ідзе пра продаж люксавых аўто ў Расію і Беларусь. І што на гэтым яны зараблялі 5% ад кошту. Мужчыну прапанавалі 2, 5‑3 тысяч еўра за адзін аўтамабіль.

Ягор адмовіўся ад такой прапановы, бо не знайшоў патрэбных кантактаў. Ён абтэлефанаваў і аб'ехаў некалькі аўтасалонаў, дзе прадаваліся патрэбныя аўтамабілі. Афіцыйныя дыстрыб'ютары адразу адмовіліся ад такой прапановы. А неафіцыйныя — не адразу, але, ператэлефанаваўшы яму праз нейкі час, усё ж паведамілі, што не будуць з ім супрацоўнічаць.

Ягор не выключае, што некаторыя з іх ужо мелі пастаянных кліентаў для такіх здзелак. Ён зрабіў такую выснову, таму што гэтыя салоны яму рэкамендавалі тыя самыя знаёмыя, якія прапаноўвалі «падпрацоўку».

«Шчыра кажучы, дома мне б гэта не даравалі. Жонка пасля 2020 года ўцягнутая ў ініцыятывы падтрымкі палітвязняў, мы разам ходзім на акцыі салідарнасці. Для яе любое супрацоўніцтва, якое хоць неяк звязана з Расіяй ці Беларуссю, — чырвоная ануча. Яна не стала б нават слухаць, колькі маглі заплаціць: сам факт прапановы мог бы паставіць кропку ў нашых адносінах. Таму, напэўна, я і рады, што не атрымалася нічога знайсці», — дадае Ягор.

Каментары1

  • Аўтааматар
    24.09.2025
    Вось уся сутнасць гэтых перакупаў (ах, прабачце, аўтабізнэсмэнаў!): сквапнасць і беспрынцыпнасць. Калі б кантрагенты згадзіліся працаваць, то ён бы не паглядзеў на меркаванне жонкі і тое, што яму "дома не прабачаць".

Цяпер чытаюць

Чаму ў Мінску так шмат рэкламы анлайн-казіно?

Чаму ў Мінску так шмат рэкламы анлайн-казіно?

Усе навіны →
Усе навіны

Максім Вінярскі: Смешна чуць, што пратэсты 2020‑га адбыліся спантанна4

У Іўеўскім раёне фотапастка зафіксавала янота-паласкуна1

Маскоўскі кіроўца з «дзявяткай» на падробленых беларускіх нумарах спрабаваў выдаць сябе за беларускага спецслужбіста3

Арастовіч заявіў, што аддаў бы Расіі чатыры вобласці і Крым50

Іван Краўцоў напісаў кнігу з успамінамі пра выбары-202018

Іна Мацыенка знайшлася1

«Турма многіх робіць лепшымі. Ніхто не дакажа мне адваротнае». Палітвязень Гунь адказаў Паўлючэнку41

Вы дакладна здзівіцеся: у Мінск хадзіў аўтобус з сапраўднымі ложкамі для пасажыраў1

Кіроўца збіў у Оршы 85‑гадовую жанчыну і спрабаваў яе адцягнуць з дарогі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму ў Мінску так шмат рэкламы анлайн-казіно?

Чаму ў Мінску так шмат рэкламы анлайн-казіно?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць