Некалькі выкладчыкаў ЕГУ з прызнаннем універсітэта экстрэміcцкай установай спынілі супрацоўніцтва
«Студэнты і выкладчыкі з’яўляюцца найбольш уразлівымі групамі ўніверсітэта», — расказаў у інтэрв'ю БАЖ рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Вілюс Шадаўскас, каментуючы сітуацыю ва ўніверсітэце пасля прызнання яго беларускімі ўладамі «экстрэмісцкай арганізацыяй».
«Ведаеце, пагрозы, звязаныя з прысваеннем гэтага статусу, пачаліся ў 2024 годзе. Больш сур’ёзныя рэчы адбыліся ў жніўні 2025-га, калі нашыя сацсеткі сталі «экстрэмісцкімі». І ўжо ў мінулым верасні мы страцілі некалькіх студэнтаў, якія пасля абмеркаванняў з блізкімі вырашылі пакінуць ЕГУ.
Два выкладчыкі сышлі з ЕГУ восенню 2025 года праз гэтае рашэнне беларускіх уладаў», — расказаў рэктар.
Паводле яго слоў, пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» за адзін месяц — з 14 красавіка па 14 мая — каля сотні студэнтаў пакінулі ўніверсітэт.
«На жаль, мы не думаем, што гэта канчатковая лічба. Мяркую, што любы дадатковы від пагрозы ў гэтым узмацненні пераследу выкліча дадатковы адток студэнтаў. І, вядома, мы ўсведамляем, што некаторыя студэнты плануюць скончыць семестр і шукаць іншае месца навучання», — мяркуе Вілюс Шадаўскас.
«Пакуль мы рыхтаваліся да гэтай падзеі — прысваення статусу — мы ацэньвалі розныя сцэнары. На жаль, яны ўвасабляюцца ў жыццё. Напрыканцы акадэмічнага года мы будзем дакладна ведаць, колькі студэнтаў вырашаць не працягваць сваю адукацыю ў ЕГУ. Большасць выкладчыкаў ужо некалькі гадоў жывуць у Літве, таму тут іншы парадак лічбаў. І ўсё ж яшчэ два лектары вырашылі не працягваць супрацоўніцтва.
Пэўны адсотак нашых супрацоўнікаў быў на частковай занятасці ў сферы IT: яны сышлі адразу, але гэта не такое рэзкае скарачэнне, як у выпадку са студэнтамі», — кажа ён.
«Што да пераследу выпускнікоў, студэнтаў пасля рашэння ўладаў, то можам пакуль казаць пра допыты, апытанні, візіты. Хоць мы не можам ведаць, як будуць развівацца падзеі пасля», — мяркуе спадар Шадаўскас.
Вілюс Шадаўскас, фота БАЖ
Ён кажа, што адносна пераводу як студэнтаў, так і выкладчыкаў у іншыя ВНУ Літвы, ЕГУ знаходзіцца ў камунікацыі з іншымі ўніверсітэтамі.
«Але як у выпадку студэнтаў, так і выкладчыкаў, універсітэты будуць ужываць свае крытэры адбору. Так што, калі студэнт хоча перавесціся, ён павінен адпавядаць стандартам праграмы гэтай установы. Таксама і з выкладчыкамі: калі ёсць вакантныя пазіцыі і конкурс, яны могуць падавацца. ЕГУ ў гэтым стаўленні да выкладчыкаў быў унікальным, бо некалькі гадоў у нас былі ініцыятывы падтрымкі навукоўцаў, якія знаходзяцца пад пагрозай рознага роду. Мы прымалі выкладчыкаў — беларускіх, украінскіх, расійскіх, каб яны маглі праводзіць даследаванні і выкладаць, выкарыстоўваючы статус навукоўца пад пагрозай. Іншыя ўніверсітэты, аднак, будуць ужываць акадэмічныя стандарты», — мяркуе рэктар Шадаўскас.
Чытайце таксама:
Каля 100 студэнтаў пакінулі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй»
ЕГУ не будзе адмаўляцца ад набору
Пракуратура палохае, што за навучанне і працу ў ЕГУ можа пагражаць да шасці гадоў зняволення
ЕГУ запрашае на адукацыйную праграму «Еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм»