БЕЛ Ł РУС

Заўтра на кніжным кірмашы ў Варшаве будуць сустрэчы з Фядутам і Бабарыкам

30.05.2026 / 21:21

Nashaniva.com

У нядзелю, 31 мая, будзе заключны дзень сёлетняга Міжнароднага кніжнага кірмаша ў Варшаве, падчас якога запланаваныя некалькі цікавых беларускіх мерапрыемстваў. Сярод іншага запланаваныя сустрэчы з былымі палітвязнямі, літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам і былым банкірам ды палітыкам Віктарам Бабарыкам.

Аляксандр Фядута. Фота: «Белсат»

Сустрэча з літаратуразнаўцам, палітолагам і аўтарам кнігі «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім» Аляксандрам Фядутам, напісанай у следчым ізалятары КДБ, будзе прысвечаная не толькі беларускай літаратуры, але і досведу зняволення, лёсу інтэлектуала ва ўмовах аўтарытарызму і культуры як прасторы ўнутранай свабоды.

Яна адбудзецца ў 12:00 (Forum B).

Віктар Бабарыка. Фота: Lookby.media

Праз гадзіну, у 13:00, там жа запланаваная «Насуперак турме» — сустрэча вакол кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі».

Сустрэча будзе прысвечаная гісторыі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года, мецэната культуры і былога палітвязня. Размова закране падзеі 2020 года, механізмы палітычнага пераследу і ўнутраную стойкасць чалавека ва ўмовах турмы і рэпрэсій.

Пасля таго на 14:00 на беларускім стэндзе кірмаша (Salon «Wolna Białoruś» — стэнд 11/D5) запланаваная аўтограф-сесія Віктара Бабарыкі.

Акрамя таго, у гэты дзень на беларускім стэндзе пройдуць яшчэ тры прэзентацыі кніг:

13.00. «Норадрэналін», Яўген Анашкін (Gutenberg).

15.00. «Імёны Свабоды. Частка 1», Уладзімір Арлоў (Kamunikat).

16.00 «Вячэра з чужым каханкам», Валянціна Аксак (Kamunikat).

Чытайце таксама:

Ціханоўская наведала беларускі стэнд на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве

Арыштаваная і ўратаваная: Фядута выдаў кнігу пра галоўны твор беларускай літаратуры

Праграма беларускага стэнда на кніжным кірмашы ў Варшаве

Каментары да артыкула