Госць з Расіі ў Мінску ўзяў у арэнду машыну — ганяў так, што штрафаў пакінуў ажно на 1215 рублёў
Уладальніца сэрвісу арэнды прызнаецца: такі выпадак не адзіны, а лісты ў ДАІ яна дасылае пачкамі.
Volkswagen Jetta. Фота з сайта is-car.by
Пра абуральны выпадак у Threads распавяла Ірына Капінос — уладальніца сэрвісу арэнды аўтамабіляў Is car. Яна апублікавала фотаздымкі чатырох «лістоў шчасця» ад ДАІ, якія прыйшлі пасля чарговага арандатара Volkswagen Jetta.
Аматар паганяць ездзіў з хуткасцю 125—141 кіламетр за гадзіну (зафіксаваны перавышэнні на 35—51 кіламетр за гадзіну). Кошт такіх прыгод агулам склаў 1215 рублёў.
Ірына дадала, што суткі арэнды гэтага аўтамабіля каштавалі ўсяго 160 рублёў.
Каментатары адразу адгадалі нацыянальнасць госця-гоншчыка: «Сябры з Расіі на выходных. Класіка!». Нехта пажартаваў і спытаў, ці не сляпы чалавек быў за рулём. Ірына адказала: «Па дакументах даведка і акуляры не былі патрэбныя. Проста грамадзянін Расіі ў Беларусі».
Людзі спрабавалі знайсці варыянты таго, каб такіх выпадкаў у будучыні можна было б пазбягаць. Адны патрабуюць за аналагічныя парушэнні даваць пажыццёвую забарону на ўезд у Беларусь, другія раяць абмяжоўваць максімальна магчымую хуткасць у арэндных машынах 90 кіламетрамі за гадзіну.
Ірыне парэкамендавалі пісаць заяву ў ДАІ, каб там ужо самі шукалі гоншчыка і разбіраліся з ім. Жанчына ж прызналася, што так і робіць — «пачкамі лісты ў ДАІ дасылаю».
Чытайце таксама:
«Адгукнуўся на 95% аб'яў — і ўсе адмовілі». Расіяніну не хочуць здаваць кватэру ў Гродне
Хітры расіянін Яўген з жонкай і малым прыдумалі, як бясплатна пажыць у кватэры беларускі