Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў
У Астане 29 мая журналісты спыталі Аляксандра Лукашэнку наконт заяў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў бок Беларусі. Каментуючы гэта, Лукашэнка заўважыў і візіт прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай у Кіеў. Словы Лукашэнкі на гэты конт яго прэс-служба апублікавала з затрымкай у двое сутак.
— Нашых «ціхушак-лахушак», кажуць, запрасіў [Уладзімір Зяленскі] і іншае. Я рады, што ён іх запрасіў, — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ён глядзеў інфармацыю пра візіт дэмакратычных сіл ва Украіну па расійскім прапагандысцкім тэлебачанні.
— І дзякуй расіянам, якія гэта заўважылі — тэлевізіёншчыкі, я чуў на РТР гэтую перадачу. Добра, што яны паглядзелі на нашую так званую апазіцыю, — сказаў ён і не даў рады нервам. —
Ніякая гэта не апазіцыя. Гэта бандыты. І яны разлічваюць, што там яны падрыхтуюць баевікоў з ліку беларусаў, украінцаў, палякаў і яшчэ літоўцаў, і яны рушаць і захопяць нейкі раённы цэнтр [на тэрыторыі Беларусі].
Лукашэнка прыгразіў на гэты конт: «Не дай бог з нейкай тэрыторыі будзе ажыццёўлена ваенная атака на тэрыторыю Беларусі — вайна атрымае зусім іншую якасць ва Украіне. Не буду канкрэтызаваць, сам разумееш (звяртаючыся да журналіста. — НН), пра што я».
Чытайце таксама:
Лукашэнка адказаў Зяленскаму наконт 500 цэлей у Беларусі, намечаных Украінай
Кіт Келаг: Калі Лукашэнка ўступіць у вайну з Украінай — гэта будзе яго канец