«Калі шандарахне па цягніку, хто будзе лідарам дэмсіл?» Два дні з дэлегацыяй Ціханоўскай у Кіеве — што засталося за кадрам
Рэпартаж «Нашай Нівы» з візіту Ціханоўскай ва Украіну.

Вечарам на трэцім пероне вакзала ў польскім Перамышлі амаль не было людзей. Ніякага натоўпу, шуму ці адчування вялікай міжнароднай падзеі, толькі некалькі журналістаў, украінскія чыгуначнікі і спеццягнік на Кіеў, якога нават не было ў раскладзе. Ён стаяў трохі ўбаку, нібы не хацеў прыцягваць да сябе ўвагу.
Менавіта так і пачынаўся візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну — без афіцыйнай пампезнасці.

Украінская чыгунка выдзеліла беларускай дэлегацыі асобны вагон. На дзвярах кожнага купэ — раздрукаваныя імёны тых, хто едзе. У акне — бел-чырвона-белы сцяг з «Пагоняй».
— О, «Пагоня»! Тут трэба абавязкова сфатаграфавацца, — адразу ажывілася Святлана Ціханоўская, заўважыўшы сцяг у акне вагона.
За гэтыя два дні было цікава назіраць, як хутка Ціханоўская пераключаецца паміж дзвюма сваімі ролямі.
У побыце яна часта выглядае вельмі непасрэднай. Можа засмяяцца з жарту, узрадавацца «Пагоні» ў акне вагона, сказаць журналістам: «Вы мяне бянтэжыце». Але варта размове зайсці пра працу — і адбываецца імгненнае пераключэнне.

Украінскі праваднік Мар’ян, невысокі мужчына гадоў 45, папрасіў сфатаграфавацца з Ціханоўскай.
— А вы яе ведаеце?
Мар’ян нават крыху здзіўляецца:
— Вядома, ведаем. Ва Украіне яе ўсе ведаюць.
Потым Мар’ян усю дарогу будзе зазіраць у купэ, нібы клапатлівы сваяк:
— Вам нічога не трэба? Можа, чаю? Вады? Кавы?

Перад адпраўленнем цягніка нехта жартам кідае:
— Ну, калі шандарахне па цягніку, хто тады будзе лідарам дэмсіл?
Пасмяяліся. Але смех нейкі занадта хуткі.
За некалькі дзён да гэтага Расія нанесла па Кіеве адзін з самых маштабных удараў за апошнія месяцы. Даты візіту трымаліся ў сакрэце да апошняга. Нават многія ўнутры дэлегацыі не да канца разумелі, як будзе арганізаваны маршрут, бяспека і што будзе далей.
Уначы цягнік ідзе праз цемру ў бок украінскай мяжы. Вагон падобны да беларускага. Тыя ж вузкія калідоры, тое ж прыглушанае святло, цяжкія дзверы купэ, якія трэба трохі з высілкам адсоўваць убок.
На маленькіх століках стаялі стаканы з гарбатай у падшклянніках, хтосьці ўжо расклаў зарадкі і ноўтбукі, хтосьці спрабуе заснуць. Ціханоўская кладзецца адной з апошніх.
А раніцай, калі вагон толькі пачынае прачынацца, яна ўжо цалкам сабраная — макіяж, прычоска, блакітны касцюм з жоўтай блузай — у колерах украінскага сцяга.
Кіеў сустракае сонцам, цяплом і каштанамі, якія ўжо амаль адцвілі. На вуліцах шмат людзей, хтосьці спяшаецца на працу, праносяцца кур’еры на роварах. І адначасова паўсюль бачыш вайну. Раскурочаная вайсковая тэхніка на плошчы, вялізны мемарыял памяці на Майдане Незалежнасці, дадатак «Паветраная трывога» у кожным тэлефоне.


Украінцы, здаецца, навучыліся жыць так, быццам вайна — гэта проста яшчэ адзін пласт гарадской рэальнасці, як надвор’е або заторы.
З вакзала дэлегацыя амаль адразу едзе ў Чарнобыльскую зону. І як толькі машыны пакідаюць Кіеў — пачынаецца паветраная трывога.

Па дарозе ў Чарнобыль даганяем пахавальны картэж. Вязуць загінулага ўкраінскага вайскоўца. Уздоўж дарогі раскіданыя кветкі. На ўзбочыне стаяць тры пажылыя жанчыны, адна трымае маленькі ўкраінскі сцяжок. Яны маўчаць і глядзяць услед машынам.
Наш картэж не абганяе пахавальны. Усе едуць з той жа хуткасцю. У гэтым ёсць нейкая негалосная этыка вайны: нават калі ты вельмі спяшаешся, перад смерцю трэба прытармазіць. Потым нашы дарогі разыходзяцца.
Чым бліжэй да зоны адчужэння, тым больш пейзажы нагадваюць постапакаліптычнае кіно. Закінутыя хаты, дрэвы растуць проста праз дахі. Зарослыя шпіталі і адміністрацыйныя будынкі, якія лес ужо амаль праглынуў. Усё гэта выглядае так, нібы чалавек проста раптам знік з гэтых мясцін, а прырода пачала хутка вяртаць сабе тэрыторыю.



І раптам — шыльда «Gamma Travel». Гэта кампанія да поўнамаштабнай вайны арганізоўвала туры ў Чарнобыльскую зону. Экскурсіі сюды, дарэчы, цяпер паступова вяртаюцца, хаця сама зона яшчэ застаецца небяспечнай з-за вайны.
На самой станцыі паказваюць саркафаг над чацвёртым рэактарам, водзяць па тэрыторыі, распавядаюць пра працу людзей, якія і цяпер працягваюць кантраляваць зону.



У Прыпяці мясцовая жыхарка Наталля праводзіць Святлане экскурсію, паказвае фотаздымкі сваёй маладосці.

Вось тут была школа. Вось тут яны танцавалі. Цяпер жа тут толькі пустыя вокны, дрэвы і вецер.

У нейкі момант пісьменнік Саша Філіпенка, які таксама быў у дэлегацыі, прыносіць і паказвае гільзу.
— Глядзі, што знайшоў. Зраблю сабе талісман.

Ахоўнік Ціханоўскай Аляксандр, вялікі мужчына з вельмі спакойнымі вачыма, адразу тлумачыць:
— Гэта стандартныя гільзы для заходняй зброі НАТА. Ёй украінцы выбівалі расіян адсюль.
У 2022 годзе расійскія войскі занялі ЧАЭС, а ўкраінскія сілы пасля выбівалі іх з гэтай тэрыторыі. Таму ў Прыпяці цяпер пад нагамі — сляды новай вайны.

У Кіеве вайна ўвогуле пастаянна прабіваецца ў побыт. На Міхайлаўскай плошчы — сцяна памяці з фотаздымкамі загінулых у вайне. Сотні партрэтаў. Імёны. Сцягі падраздзяленняў. Людзі падыходзяць, кладуць кветкі, стаяць моўчкі.
Тут жа стаіць разбітая расійская тэхніка — скрыўленыя танкі, спаленыя БТРы, жалеза, якое яшчэ нядаўна павінна было браць Кіеў «за тры дні».
У гэтым месцы Святлану з дэлегацыяй сустракае міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
— Гэта як разбураны міф пра ўсёмагутнасць расійскай арміі, — кажа Сібіга, праводзячы для Ціханоўскай імправізаваную экскурсію.


Пасля ўскладання кветак каля сцяны памяці мы ідзём у будынак МЗС, там — выстава ўкраінскіх дронаў.

У холе стаяць беспілотнікі розных памераў: ад амаль маленькіх FPV да вялікіх ударных апаратаў.

Побач — боты ўкраінскага салдата пад шклом і надпіс: «Дэмакратыя трымаецца, бо трымаецца ўкраінская пяхота».

Гэта, магчыма, самая дакладная фармулёўка таго, чым сёння жыве Украіна.
Падчас закрытай сустрэчы ў МЗС прыходзіць навіна: Расія пагражае зрабіць абстрэлы Кіева сістэматычнымі і раіць замежнікам пакінуць горад.
Гэтым разам ужо ніхто не жартуе. Потым журналісты супакойваюць самі сябе: маўляў, учора ўжо ўсё адстралялі, сёння наўрад ці будзе новы масіраваны ўдар.
На прэс-канферэнцыю з Ціханоўскай прыходзіць натоўп украінскіх журналістаў. Адных толькі тэлекамер трынаццаць — шчыльны лес штатываў, мікрафонаў і лагатыпаў украінскіх каналаў. І гэта ўжо само па сабе было паказальным. Яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было ўявіць такую ўвагу да беларускай тэмы ва Украіне.

Вядомасць Ціханоўскай добра адчувалася і на сустрэчы са студэнтамі. У вялікай зале сабралася каля 150 чалавек. Студэнты сапраўды ведалі, што адбываецца ў Беларусі. Пытанні былі вельмі канкрэтныя і дарослыя: ці ёсць шанец у беларускай мовы — ці Беларусь асуджаная заставацца часткай «рускага свету»? Ці згас агонь пратэстаў 2020 года? Ці будуць магчымыя новыя пратэсты і ці застануцца яны мірнымі? Наколькі рэальная пагроза новага наступу з тэрыторыі Беларусі?
І калі слухаеш гэтыя пытанні, разумееш: вайна зрабіла маладых украінцаў значна больш уважлівымі да таго, што адбываецца вакол.
Святлана Ціханоўская адказвала па-беларуску і па-англійску. І калі гаварыла пра 2020 год, у яе ўпершыню за ўвесь дзень у голасе з’явілася нешта вельмі жывое і эмацыйнае.
— Агонь не згас, — сказала яна. — Проста трэба злавіць момант.
Мерапрыемствы першага дня сканчаюцца вельмі позна. Кіеў перад каменданцкай гадзінай, якая пачынаецца ў 23:00, выглядае нечакана ўтульным. Моладзь сядзіць на тэрасах, людзі спяшаюцца ў метро, па цёплых вуліцах едзе транспарт. І ад гэтага горад выглядае яшчэ больш жывым — амаль упарта жывым.
Каля поўначы ў тэлефоне раптам успыхвае паведамленне для ўсёй дэлегацыі ад Франака Вячоркі:
«Калі будзе трывога сёння (могуць быць шахеды і балістыка паміж 2‑4 раніцы) — усе ідуць у УКРЫЦЦЁ!!! Пастаўце сабе дадатак «Повітряна тривога».
І гэты кантраст паміж ціхім цёплым горадам і пастаяннай магчымасцю смерці, напэўна, галоўнае адчуванне ад сучаснага Кіева.
Шахеды да Кіева ў гэтую ноч не даляцелі.
З самай раніцы другога дня дэлегацыя ехала па месцах, звязаных з беларусамі, што загінулі за Украіну. Мемарыялы, помнікі — увесь маршрут выглядаў як спроба сабраць у адну карту беларускую прысутнасць у гэтай краіне і гэтай вайне.
Дэлегацыя наведала і помнік Уладзіміру Караткевічу. Каля яго Павел Латушка ў паўжартоўнай манеры заўважыў:
— Спадарыня прэзідэнт, можа, зробіце мяне паслом ва Украіне, калі прыйдзе наш час?
У бусіку з журналістамі пастаянна жартавалі. Гэта быў ужо нейкі асобны спосаб трымацца.
За картэжам дэлегацыі ехала хуткая дапамога.
— Гэта таму, што ў дэлегацыі ёсць чалавек за шэсцьдзесят, — сур’ёзна сказаў Анатоль Лябедзька. — Так што вам пашанцавала са мной.
Дзяніс Кучынскі, дарадца Ціханоўскай, у нейкі момант выдаў, здаецца, галоўны жарт усёй паездкі:
— Ведаеце, у чым розніца паміж пратаколам і Талібанам? З Талібанам можна дамовіцца.
— Дзяніс — гэта пратакол. А вось я — Талібан, — падхоплівае жарт Лябедзька.
Сустрэча з Уладзімірам Зяленскім была закрытай. Пра яе загадзя амаль нічога не паведамлялі, і нават унутры дэлегацыі да апошняга захоўвалася напружанне вакол бяспекі і лагістыкі. У Кіеве да такіх візітаў увогуле ставяцца вельмі сур’ёзна: маршруты мяняюцца, дэталі не агучваюцца, усё адбываецца хутка і амаль без паўзаў.

Але сама па сабе гэтая сустрэча ўжо выглядала сімвалічнай мяжой. Яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было ўявіць кадры, дзе прэзідэнт Украіны прымае беларускую дэлегацыю ў Кіеве.

Падчас візіту бакі па традыцыі абмяняліся дыпламатычнымі падарункамі. Святлана Ціханоўская перадала Уладзіміру Зяленскаму і яго жонцы Алене падарункі, звязаныя з беларускай і ўкраінскай традыцыяй. Украінскі бок у сваю чаргу падрыхтаваў для беларускай дэлегацыі два асаблівыя падарункі.
Першы быў пратакольны, але вельмі сімвалічны. Святлана Ціханоўская атрымала брошку ў выглядзе птушкі. Птушка — адзін з самых пазнавальных і кранальных сімвалаў украінскай культуры. Яна часта асацыюецца з воляй, домам, вяртаннем і жыццём насуперак вайне.
Разам з брошкай украінскі бок перадаў Ціханоўскай і копіі ўнікальных архіўных дакументаў, звязаных з Беларускай Народнай Рэспублікай, якія захоўваюцца ва ўкраінскіх архівах.
Для беларускай дэмакратычнай супольнасці гэта сапраўды каштоўны падарунак. Значная частка архіваў БНР была страчаная, раскіданая па розных краінах або проста недаступная ў самой Беларусі. Таму любыя новыя дакументы, звязаныя з гісторыяй беларускай дзяржаўнасці, маюць асаблівую вагу.
Асобнай часткай другога дня стала сустрэча і ўзнагароджанне беларускіх добраахвотнікаў.
Многія з іх хавалі твары пад балаклавамі і акулярамі. Хтосьці пазіраваў толькі бокам. Хтосьці прасіў не называць пазыўны. Нават падчас агульных фота адчувалася гэтая пастаянная напружанасць чалавека, які жыве паміж дзвюма пагрозамі — вайной з Расіяй і беларускім рэжымам, які можа дастаць яго родных дома.
Фіналам дня стала адкрыццё місіі дэмсіл у Кіеве.
Напярэдадні адзін з украінскіх тэлеканалаў паставіў у эфіры чырвона-зялёны сцяг як ілюстрацыю Беларусі. Ціханоўская, якая ўжо ледзь трымалася ад стомы, раптам ажывілася і папрасіла журналістаў не выкарыстоўваць сімволіку Лукашэнкі.
— Не выкарыстоўвайце, калі ласка, гэты сцяг. Людзі гінуць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, — сказала яна.
У нейкі момант да Ціханоўскай падыходзіць добраахвотнік і просіць выйсці на вуліцу.
— Там хлопцы хочуць сфатаграфавацца. Яны непублічныя, але вельмі б хацелі фота з вамі.
Святлана адразу ж ідзе за ім.
На вуліцы сустракаем Настассю «Север» Махамет. Сярод іншага яна распавядае гісторыю:

— Мяне неяк спыталі, ці мне не страшна. А я адказала: паглядзі на мае чаравікі. Як думаеш, у чым яны выпацканыя?
Потым робіць паўзу.
— У крыві Волата (загінулы беларускі добраахвотнік. — НН). Так што мяне цяжка чымсьці напужаць.

На вакзал дэлегацыя прыязджае ўжо позна ўвечары. На платформе адбываецца вельмі цёплае развітанне з украінскай часткай каманды і аховы. Нехта абдымаецца. Нехта жартуе. Частка аховы едзе далей з дэлегацыяй, частка застаецца ў Кіеве.
— Прыязджайце яшчэ, — кажуць яны на развітанне і цёпла ўсміхаюцца.
У Кіеве хутка прывыкаеш да думкі, што бяспека — гэта не нешта абстрактнае. Яна мае канкрэтныя твары. У нашым выпадку — твары людзей з аховы. Высокія, моцныя мужчыны, якія заўсёды былі недзе побач. Яны ведалі, дзе знаходзіцца бліжэйшае ўкрыццё, што адбываецца ў паветры, якія рызыкі ёсць на маршруце. І менавіта таму, калі ў горадзе пачыналася паветраная трывога, панікі не было. Побач былі людзі, якія выглядалі так, нібы ўжо прадумалі некалькі варыянтаў дзеянняў наперад. Цікава, што ў перапынках паміж сустрэчамі гэтыя ж людзі лёгка пераходзілі да жартаў. Саша Філіпенка нават паразмаўляў з адным з іх пра жыццё, вайну і каханне і, як пасля сам сказаў, за паездку сабраў матэрыял на дзве кнігі.
Уначы цягнік ідзе назад у Польшчу. Большая частка дэлегацыі збіраецца ў адным вагоне — абмяркоўваюць паездку, успамінаюць пэўныя моманты, жартуюць.
Усе, акрамя Ціханоўскай.
Яна застаецца ў сваім купэ. Пераапранаецца, заколвае валасы і нарэшце нібы дазваляе сабе знікнуць з публічнай ролі.
А каля пятай раніцы, ужо на ўкраінска-польскай мяжы, начальнік украінскай аховы стукае ў кожнае купэ, каб асабіста з усмешкай з усімі развітацца.
Яшчэ тры гады таму такі візіт быў бы амаль немагчымы. У 2022 годзе ўкраінцы глядзелі на Беларусь праз дым расійскіх танкаў, якія ішлі на Кіеў з поўначы. У першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання многія ва Украіне не хацелі і не маглі аддзяляць беларусаў ад Лукашэнкі. Іх можна зразумець. Для людзей у Бучы ці Ірпені не існавала тонкіх палітычных нюансаў — існавала тэрыторыя, з якой прыйшла смерць.
Цяпер сітуацыя іншая. За гэтыя гады ва Украіне пабачылі беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за Бахмут і Лісічанск. Пабачылі беларускіх валанцёраў, медыкаў. Пабачылі людзей, якіх у Беларусі саджаюць у турмы за данаты Украіне, за антываенныя пасты, за жоўта-блакітныя стужкі. І самае галоўнае — вайна стала страшнай штодзённасцю. На гэтым фоне з’явілася больш месца для складаных адценняў і разумення, што паміж Лукашэнкам і Беларуссю ёсць вялікая розніца.
Жанчыны ў ахове і браняваны картэж. Як Украіна арганізавала бяспеку візіту Ціханоўскай у Кіеў
Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся
Што сімвалізуюць падарункі, якія Ціханоўская перадала Зяленскаму і яго жонцы
Ціханоўская і Зяленскі правялі ў Кіеве перамовы за закрытымі дзвярыма
Зяленскі ў прысутнасці Ціханоўскай патроліў Лукашэнку ВІДЭА
Каментары