«Закуліссе»: 20‑гадовы ютубер без кіношнай адукацыі зняў фільм, які ўсе абмяркоўваюць і ламаюць галаву над разгадкай
Гэта як сны архітэктара пры тэмпературы 39. Крыповы мем, створаны падлеткам, стаў хорарам, які ўсе абмяркоўваюць. Галівуд агаломшана назірае, як пакаленне зумераў нясе грошы на гісторыю пра бясконцыя пустыя калідоры з жоўтымі шпалерамі, што вырасла з інтэрнэт-мема. Гэта таксама прыклад таго, што маглі б здымаць і таленавітыя беларусы.
Кларк (Чыветэл Эджыяфар) у Закуліссі. Кадр з фільма
Усё пачалося яшчэ ў 2019 годзе на ананімным форуме 4chan. Адзін з карыстальнікаў апублікаваў трывожны фотаздымак пустога памяшкання з жоўтымі шпалерамі і непрыемным флуарэсцэнтным святлом, дадаўшы подпіс пра тое, што, калі неасцярожна «выпасці з рэальнасці», можна апынуцца ў бясконцым жоўтым лабірынце.
Здымак, як высветлілі інтэрнэт-даследчыкі, быў зроблены ў 2003 годзе падчас рамонту крамы цацак у амерыканскім Вісконсіне, але міф пачаў жыць сваім жыццём і абрастаць фанацкімі тэорыямі.
Рэжысёр Кейн Парсанс стаў самым маладым рэжысёрам у гісторыі, чый фільм стаў лідарам пракату
У пачатку 2022 года шаснаццацігадовы падлетак Кейн Парсанс намаляваў у праграме Blender кароткаметражку ў стылі знойдзенай плёнкі і выклаў яе на YouTube. Відэа стала вірусным, сабраўшы дзясяткі мільёнаў праглядаў, а таленавітым хлопцам зацікавілася знакамітая незалежная студыя A24.
Пры смешным для сучаснага кіно бюджэце 10 мільёнаў даляраў поўнаметражнае «Закуліссе» (Backrooms) сабрала 118 мільёнаў за першыя выхадныя. Парсанс стаў самым маладым рэжысёрам у гісторыі, чый фільм узначаліў пракат. Больш за тое, малабюджэтны хорар пакінуў далёка ззаду фільм «Мандалорац і Грогу» ад Disney.
Амерыканскія аналітыкі ўжо параўноўваюць гэтую сітуацыю з 1960‑мі гадамі, калі Галівуд у паніцы перад тэлебачаннем здымаў раздзьмутыя і непаваротлівыя эпікі, а моладзь ішла ў кіно на танныя, але дзёрзкія фільмы контркультуры. Сёння моладзь гэтак жа галасуе рублём за «кіно для нас і пра нас», пакідаючы карпаратыўныя франшызы пенсіянерам.
Лімінальная эстэтыка офіснага чыстца
Сюжэт знаёміць нас з Кларкам (Чыветэл Эджыяфар, вядомы па фільме «12 гадоў рабства»), уладальнікам дэпрэсіўнай мэблевай крамы і архітэктарам-няўдачнікам. Ён перажывае развод, змагаецца з алкагалізмам і ходзіць на сеансы да псіхатэрапеўткі Мэры (Рэнатэ Рэйнсве, зорка драмы «Найгоршы чалавек на свеце»), якая сама мае траўму ад знішчэння роднага дома дзяцінства. Сумны побыт Кларка перарываецца, калі электрык знаходзіць у падвале крамы тры дзіўныя тумблеры, усталяваныя пад вуглом і ні да чаго не падключаныя. Неўзабаве Кларк заўважае шчыліну ў сцяне, якая свеціцца, і літаральна правальваецца скрозь яе ў іншае вымярэнне — тое самае Закуліссе.
Кларк у Закуліссі. Архітэктура гэтага месца пазбаўлена якой-небудзь логікі. Кадр з фільма
Для архітэктара, чые амбіцыі абмежаваліся продажам таннай мэблі і імітацыяй хатняй утульнасці ў гандлёвай зале, гэтае месца робіцца персанальным прафесійным пеклам. Гэта архітэктура, пазбаўленая чалавечнасці і логікі, бясконцая прастора, збудаваная, як трапна заўважае ў фільме сам герой, «будаўнікамі пад кіслатой» — здзек з яго мараў нешта пабудаваць.
Тое, што бачыць Кларк, нагадвае офісны чысцец з серыяла «Раздзяленне». Эстэтыка гэтага месца цалкам пабудаваная на феномене лімінальных прастораў. Гэты тэрмін апісвае пераходныя зоны — пустыя калідоры, закінутыя гандлёвыя цэнтры, падземныя пераходы. Яны створаныя для таго, каб людзі праз іх праходзілі, але калі гэтыя прасторы пазбаўленыя людзей, чалавечая псіхіка пачынае адчуваць глыбокі жах.
Псіхатэрапеўтка Мэры (Рэнатэ Рэйнсве) таксама знаходзіць у прасторах Закулісся адлюстраванне траўмаў свайго дзяцінства і страху перад уласным вар’яцтвам. Кадр з фільма
Гэта свайго роду «злавесная даліна» ад архітэктуры — месца выглядае знаёмым, але пад гэтым мёртвым офісным святлом няма сапраўднага жыцця.
Калі ў фільме Крыстафера Нолана «Пачатак» архітэктары праектавалі ў снах максімальна праўдападобныя гарады, каб ахвяра не здагадалася пра ілюзію, то Закуліссе з’яўляецца вынікам чыёйсьці хворай архітэктурнай фантазіі. Інтэр’ер знарочыста няправільны: незамкнутыя памяшканні, шчыліны паміж сценамі, у якія не прасунуць і пальца, выступы без усялякага сэнсу, лазы і хаатычна расстаўленая мэбля.
Гэтая архітэктура магла нарадзіцца толькі ў наш лічбавы час. Вымярэнне выглядае так, быццам яно было наспех злепленае ў камп'ютарнай праграме.
Паварот рэчаў па восях тут не прыводзіць да таго, што яны падаюць, яны проста наскрозь зліваюцца са сценамі і падлогамі. Няправільна зададзеная вышыня паверха прыводзіць да таго, што вокны і перагародкі часткова выступаюць вышэй за перакрыцце, а арка можа быць прарэзана праз вугал памяшкання.
Усё гэта нагадвае пясочніцу студэнта-архітэктара, які не стварае прастору для жыцця, а эксперыментуе з прасторай унутры праграмы, каб намацаць межы яе магчымасцей.
Чым пужае фільм «Закуліссе»
У гэтым бясконцым лабірынце Мінатаўра ёсць свае жыхары і пачвары. Гэта не іншапланетнікі, не пякельныя дэманы, гэта няправільныя «ўспаміны» самога Закулісся пра тое, што ў яго трапляе, як пірат-султан — маскот мэблевай крамы Кларка.
Механізм нагадвае фільм Алекса Гарленда «Анігіляцыя», дзе анамальная зона «Мігаценне» працавала як прызма, скажона пераламляючы ДНК усяго, што трапляла ў яе межы. Закуліссе робіць тое ж самае з людзьмі і матэрыяльнымі рэчамі.
Асістэнтка Кэт і яе хлопец Бобі бяруцца дапамагчы Кларку ў даследаванні Закулісся. Кадр з фільма
Каб задакументаваць існаванне анамаліі, Кларк бярэ з сабой сваіх падначаленых: асістэнтку Кэт (Лукіта Максвел, вядомая па серыяле «Тэрапія») і яе хлопца Бобі (Фін Бенет, «Спраўдны дэтэктыў», «Рыцар Сямі Каралеўстваў»). Менавіта праз іхнія відэакамеры мы бачым значную частку жахаў.
Шумы, перашкоды і расплывістыя сілуэты здымкі на камеру не дазваляюць адразу разгледзець пагрозу. Гэта пакідае мозгу значна больш прасторы для трывожных дадумак, чым любыя жахі ў фармаце Full HD. Трывогу нагнятае і бесперапынны гул паўсюдных флуарэсцэнтных лямпаў, які цісне на слых.
Фільм вельмі пераканаўча імітуе гарачкавыя сны пры тэмпературы 39, у якіх прастора вакол цябе губляе ўсялякую логіку, дзе ты спрабуеш збегчы ад невядомай небяспекі па бясконцых калідорах, лесвіцах і анфіладах памяшканняў, пазбаўленых сэнсу ў сваім размяшчэнні. У такіх снах немагчыма схавацца, як і ў Закуліссі, але і дагнаць цябе не могуць, бо ты неадкладна прачнешся. Але ў Закуліссі — не. Менавіта на такім узроўні патаённых, дзіцячых страхаў і працуе гэты хорар.
Любы шлях да выхаду з Закулісся можа быць проста «ўспамінамі» Закулісся пра тыя месцы, адкуль прыйшлі героі. Кадр з фільма
Пясочніца без адказаў
За тым, што адбываецца ў Закуліссі сочыць інстытут Async, які пасылае даследаваць прастору навукоўцаў у засцерагальных касцюмах, каб зразумець прыроду феномена. Але, як можна зразумець, безвынікова.
Узаемасувязь гэтага месца з персанажамі дазваляе зрабіць дзясяткі розных здагадак, ніводная з якіх не будзе мець канчатковага пацвярджэння. Любыя адказы, якія даюць або дадуць стваральнікі фільма ў будучыні, могуць літаральна нічога не значыць, быць памылковымі або састарэлымі.
Алагічнасць месца дае глебу для мноства працягаў, бо ў свеце, які не падпарадкоўваецца правілам, ні адна разгадка не вядзе да раскрыцця яго галоўнай таямніцы.
Крытыкі сустрэлі гэты інды-фільм з захапленнем, адзначыўшы, што жанр хорара нарэшце адварочваецца ад таннай крыві і прымітыўных скрымераў у бок іншых, больш амбіцыйных наратываў.
А зумеры ў сацсетках літаральна шалеюць ад таямніц сусвету Закулісся, спрабуючы па дробных дэталях і словах саміх герояў зразумець, што там адбываецца і ці з’яўляецца фінал фільма рэальным.
Як кажуць у вядомым інтэрнэт-меме: калі б мы ведалі, што гэта такое, але мы не ведаем, што гэта такое. Зумеры ўжо вынеслі свой вердыкт грашыма, паказаўшы Галівуду, што іх мала цікавяць маньякі з бензапіламі ці праклятыя лялькі. Іншая справа крыху няправільны, бясконцы офіс, у якім можна правесці ўсё жыццё — што можа быць больш жудасным і жыццёвым сёння?