БЕЛ Ł РУС

Сілавікі прыходзяць да студэнтаў ЕГУ — і цяперашніх, і былых

2.06.2026 / 17:41

Nashaniva.com

«Нашай Ніве» стала вядома пра некалькі выпадкаў, калі сілавікі прыйшлі да выпускнікоў ЕГУ. Ператрусы і допыты ў людзей, звязаных з універсітэтам, праходзяць па ўсёй краіне.

Па факце супрацоўніцтва з ЕГУ распачалі крымінальную справу. «Вясна» паведаміла, што да дзейных студэнтаў прыходзяць сілавікі і пагражаюць крымінальным пераследам, калі чалавек не адлічыцца з установы. Пагражаюць крымінальнымі справамі і родным цяперашніх студэнтаў ЕГУ — маўляў, калі іх дзеці не адлічацца, то крыміналкі завядуць на іх сваякоў. Праваабаронцам вядома пра мінімум 12 чалавек, да якіх прыйшлі сілавікі.

Па якіх менавіта артыкулах распачалі крымінальную справу — пакуль невядома. Магчыма, за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні».

«Нашай Ніве» ў сваю чаргу вядомыя два выпадкі, калі прыходзілі да былых студэнтаў. Выпадкі, пра якія ідзе гаворка, мелі месца ў Мінску і ў адным з беларускіх райцэнтраў. Адзін з выпускнікоў, да якіх прыйшлі, скончыў ЕГУ ў 2019-м, другі — у 2025-м. Сілавікі праводзілі вобшук на падставе пошукаў «экстрэмісцкай сімволікі».

Беларускія ўлады абвясцілі ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» у красавіку 2026-га. Каля 100 студэнтаў пасля гэтага пакінулі ўніверсітэт.

Сілавікі сцвярджалі, што крымінальная адказнасць можа пагражаць тым беларусам, якія працягнуць выкладаць ці вучыцца ва ўніверсітэце пасля прызнання яго «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пры гэтым у канале, блізкім да Міністэрства адукацыі, казалі, што за старыя дыпломы чапаць нікога не будуць.

Чытайце таксама:

Пракуратура палохае, што за навучанне і працу ў ЕГУ можа пагражаць да шасці гадоў зняволення

Некалькі выкладчыкаў ЕГУ з прызнаннем універсітэта экстрэміcцкай установай спынілі супрацоўніцтва

Каля 100 студэнтаў пакінулі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй»

Каментары да артыкула