БЕЛ Ł РУС

Як выглядала акцёрка Ганна Душэўская, сястра стваральніка бел-чырвона-белага сцяга, чый твар быў схаваны пад нікабам

7.06.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

Доўгі час заставалася загадкай, як у рэальным жыцці выглядала Ганна Душэўская — перакладчыца, акцёрка і родная сястра архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Яе сапраўдны твар і невядомыя факты біяграфіі адшукаліся толькі цяпер.

Ганна Душэўская ва ўборы, падобным да нікаба, які закрывае ўвесь твар акрамя вачэй. Фота: БДАМЛМ

Хто такая Ганна Душэўская?

Адукацыя Ганны Душэўскай пачалася ў Віленскай жаночай гімназіі, а ў 1917 годзе яна ўжо вучылася на гісторыка-філалагічным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Гэты лінгвістычны досвед дапамог ёй стаць адной з укладальніц манументальнага «Сямімоўнага слоўніка» (нямецка-польска-расійска-беларуска-літоўска-латышска-яўрэйскага), які пабачыў свет у Лейпцыгу ў 1918 годзе.

Ганна выкладала ў Віленскай беларускай гімназіі і працавала ў дабрачынных таварыствах. Яе артыстычныя здольнасці раскрыліся на сцэне Віленскай беларускай драматычнай дружыны, дзе яна бліскуча грала ў п’есах Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка.

Як прафесійная музыка і спявачка (выпускніца Берлінскай кансерваторыі), яна шмат перакладала на беларускую мову іншамоўныя оперы і рамансы — у тым ліку творы Пятра Чайкоўскага і Томаса Мура. Захаваліся і яе ўласныя вершы, а таксама пераклад верша польскага пісьменніка Віктара Гамуліцкага «На Беларусі» (надрукаваны ў газеце «Гоман» у 1918 годзе).

Партрэт у нікабе

Дагэтуль быў вядомы толькі адзін фатаграфічны партрэт, што прыпісваецца Ганне Душэўскай і захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Праўда, на ім твар жанчыны схаваны пад чорным нікабам. Адкрытымі застаюцца толькі вочы, што не дае поўнага ўяўлення пра яе знешнасць.

Улічваючы, што Ганна іграла ў Віленскай беларускай драматычнай дружыне, знаўцы слушна лічаць, што такі экзатычны ўбор на ўсходні манер — гэта не больш чым сцэнічны вобраз.

Знайшоў яе невядомы раней здымак я выпадкова — пішучы артыкул пра тое, як аб Беларусі пісалі на старонках нямецкага друку часоў акупацыі.

Алена Душэўская, жонка Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Праз месяц пасля гэтай публікацыі ў часопісе «Ostland» гестапа кіне Алену разам з мужам у канцлагер Правянішкі за выратаванне яўрэяў. Фота: «Ostland»

У ліпені 1943 года ў прадстаўнічым нямецкім часопісе «Ostland» выйшаў вялікі артыкул Кастуся Езавітава, прысвечаны гісторыі беларускага тэатра. Сярод ілюстрацый быў і жаночы партрэт у беларускім строі, падпісаны па-нямецку «Самая любімая беларуская актрыса пецярбургскай трупы каля 1910 г. Г. Душ-Душэўская» (G. Dusch-Duschewskaja).

Па гэтым подпісе лагічна было падумаць, што гаворка пра Ганну Дуж-Душэўскую, сястру Клаўдзія Дуж-Душэўскага, якая, як мы пісалі ўжо, мела акцёрскі досвед. Але, як паказала глыбейшае вывучэнне здымка з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў, на фота не сястра, а жонка Клаўдзія — Алена. Не да канца ясна, ці Езавітаў пераблытаў дзвюх жанчын з Душэўскіх, ці ініцыял «G.» азначаў варыянт імя Алены — Гэлена. 

Высвятленне прыналежнасці здымку запатрабавала вывучэння біяграфіі гэтых дзяячак і тым самым вывела на сапраўды партрэт Ганны.

Партрэт Ганны Душэўскай, узноўлены і каларызаваны з дапамогай нейрасетак на аснове здымка, змешчанага ў анкеце на ўезд у Эстонію

Эстонская віза

Шукаючы дадатковыя біяграфічныя звесткі і рэальныя здымкі сястры архітэктара, мы звярнуліся да генеалагічных сайтаў. На партале MyHeritage знайшоўся профіль Anna Duschewskaja (Duševskaja) з фотаздымкам, а таксама датай нараджэння — 1893 год, якая супадала з датай нараджэння нашай гераіні. Поўны доступ да дакументаў быў закрыты без прэміум-падпіскі, якая каштуе неадэкватна дорага, але, на шчасце, профіль дубляваў запісы, выкладзеныя на бясплатным сайце Geni World Family Tree.

Любыя генеалагічныя дрэвы, якія ствараюцца аматарамі, патрабуюць строгай праверкі. Але ў гэтым выпадку аўтары профілю на Geni (відаць, сваякі эстонскай галіны сям'і) прымацавалі да яго лічбавыя копіі дакументаў з Нацыянальнага архіва Эстоніі (фонд ERA.957.16.1152).

Гэта былі матэрыялы эстонскай паліцыі аб выдачы дазволаў на ўезд за лістапад 1921 года. Менавіта на нямецкамоўнай анкеце (Fragebogen) захаваўся пашпартны фотаздымак маладой Ганны Душэўскай.

Анкета, запоўненыя Ганнай Душэўскай пры ўездзе ў Эстонію да сваякоў у 1921 годзе. Фота: ra.ee

У дакуменце, запоўненым ад рукі, Ганна пакінула вычарпальныя і вельмі дакладныя звесткі пра сябе:

Фотаздымак Ганны Душэўскай з анкеты. 1921 г. Фота: ra.ee

Эстонскія сваякі

Дакументы з эстонскага архіва раскрываюць таксама біяграфію іншай сястры Душэўскіх — Ядзвігі (1889—1966), якая выйшла замуж за эстонца Рудольфа Ёханеса Рэймана (1884—1946).

Рудольф Ёханес Рэйман. Фота: Geni

Рэйман быў вядомым эстонскім вайскоўцам, які ў 1918 годзе стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнага эстонскага войска і фактычным стваральнікам інтэнданцкай службы маладой рэспублікі. Удзельнічаў у Вызваленчай вайне (1918—1920), выкладаў у Вайсковай школе і ўваходзіў у Вайсковую раду. У 1934 годзе Рудольф Рэйман атрымаў званне генерал-маёра. Ён здолеў пазбегнуць савецкіх рэпрэсій і памёр сваёй смерцю ў Таліне ў 1946 годзе.

Ядзвіга Рэйман з Душэўскіх. Фота: ra.ee

У Ядзвігі і Рудольфа нарадзілася дачка Алаізія-Марыя, якая ў замужжы насіла прозвішчы Вырк і Тыік. У міжваенны перыяд з Ядзвігай, мяркуючы па анкеце Ганны, таксама жыла іхняя маці Ева (памерла ў 1930). Як вынікае з біяграфіі Ганны, у 1925—1927 гадах яна таксама жыла ў Таліне разам з сям'ёй Ядзвігі, а ўжо потым перабралася ў Коўна, дзе працавала настаўніцай музыкі.

Цікава, што ў эстонскім архіве захаваўся ліст палкоўніка Рэймана да эстонскай паліцыі ад 15 лістапада 1921 года з просьбай выдаць візу Ганне. У сваім хадайніцтве эстонскі афіцэр апісвае сваячку як «настаўніцу, па нацыянальнасці польку і грамадзянку Польшчы» (rahvuse poolest poolakas ja Poola riigi kodanik). Пры гэтым сама Ганна ў асабістай анкеце, наадварот, ідэнтыфікавала сябе як беларуску з літоўскім пашпартам.

Оперныя арыі ў Вільні

Доўгі час у гістарыяграфіі лічылася, што пасля перыяду жыцця ў Берліне, Таліне і Коўне сляды Ганны Душэўскай канчаткова губляюцца ў канцы 1920‑х гадоў.

Нататка пра вечар памяці Тараса Шаўчэнкі. «Беларускі звон» №10 за 18 сакавіка 1932 года

Аднак, як выявіў раней літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч, яе творчая дзейнасць працягвалася і ў наступным дзесяцігоддзі. У газеце «Беларускі звон» (№10 за 18 сакавіка 1932 года) была апублікаваная нататка пра вечар памяці Тараса Шаўчэнкі, зладжаны віленскай украінскай калоніяй. У тэксце пазначана:

«На канцэрце выступала беларуская сьпявачка грам. Ганна Душэўская, адэптка Бэрлінскае Консэрваторыі».

Даследчыкамі і энтузіястамі былі выяўленыя і іншыя сведчанні. Так у часопісе «Шлях моладзі» (№4 за 1931 год) паведамлялася пра святкаванне 13‑х угодкаў БНР у Вільні, дзе Ганна дэманструе свае вакальныя таленты:

«Грамадзянка Ганна Душэўская прыгожа прапяяла тры народныя беларускія песьні і арыю з опэры «Гугеноты».

Гэта бясспрэчны доказ таго, што на пачатку 1930‑х гадоў Ганна бывала ці жыла ў Вільні, не выпадала з нацыянальнага культурнага кантэксту і паспяхова выкарыстоўвала сваю нямецкую адукацыю на сцэне.

Дажыла да 1970-х 

Як заўважыў гісторык Дзмітрый Дрозд, далейшы лёс Ганны вядомы з пратаколу допыту Клаўдзія Дуж-Душэўскага ад 8 сакавіка 1952 года. На пытанне пра сваякоў архітэктар адказвае:

«У цяперашні час у мяне ў жывых маюцца дзве сястры: Душаўскайце Ганна, дачка Сцепаса, 62—63 гадоў, незамужняя, пражывае ў горадзе Каўнасе, знаходзіцца на маім утрыманні. Да гэтага яна пражывала ў гор. Вільні, працавала настаўніцай…»

Маладая Алаізія-Марыя Рэйман, дачка Ядзвігі і пляменніца Ганны і Клаўдзія Душэўскіх. Уся сям’я пахаваная на адных Петрашунскіх могілках у Коўне. Фота: ra.ee

Гэта значыць, што Ганна перажыла і савецкую акупацыю, і Другую сусветную вайну. Больш за тое, па звестках, якія былі адшуканыя даследчыцай Аленай Кароўчанкай, Ганна (пад літоўскім імем Ona Duševskaitė) пражыла доўгае жыццё і памерла 8 красавіка 1971 года ў 78 гадоў. Яе сястра Ядзвіга Рэйман таксама перабралася ў Літву і памерла ў 1966 годзе (а не ў Таліне, як лічылася раней).

Сёстры пахаваныя побач са сваім славутым братам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім на Петрашунскіх могілках (Petrašiūnų) у Коўне. Там жа спачывае і дачка Ядзвігі — Алаізія-Марыя са сваім мужам Акселем Выркам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула