Часопіс «Ostland» быў прэміяльным прапагандысцкім выданнем, якое выпускалася ў Рызе апаратам рэйхскамісара. На крэйдаванай паперы побач з рапартамі пра поспехі вермахта змяшчаліся аб’ёмныя артыкулы пра гісторыю і культуру падкантрольных тэрыторый. Мэта была адна — абслугоўваць інтарэсы Трэцяга рэйха.

Найбольшы акцэнт у матэрыялах пра Беларусь выданне рабіла на культуры, спрабуючы стварыць ілюзію небывалага нацыянальнага адраджэння пад апекай нямецкай улады. Галоўным матывам стала супрацьпастаўленне: бальшавікі знішчалі ўсё нацыянальнае, а «новы парадак» яго вяртае і абараняе. Аднак за прыгожымі словамі і якаснымі фотаздымкамі хаваліся абсурдныя ідэалагічныя тэорыі.
Тэатральнае жыццё
У ліпеньскім нумары за 1943 год выходзіць велізарны артыкул старшыні Беларускага аб’яднання ў Латвіі Кастуся Езавітава пра гісторыю беларускага тэатра. Аўтар робіць падрабязны экскурс ад традыцыйнай батлейкі і твораў Дуніна-Марцінкевіча да прафесійных труп пачатку ХХ стагоддзя.

Паведамляецца і пра поспехі Наталлі Арсенневай, якая перакладае для мінскай сцэны «Севільскага цырульніка» і класіку Шылера.

Часопіс друкуе якасныя здымкі з культавых спектакляў 1920‑х гадоў: «Кастусь Каліноўскі», «На Купалле» і «Панскі гайдук». Чытачам нагадваюць, што стваральнікі беларускага тэатра — у тым ліку Уладзіслаў Галубок — былі фізічна знішчаныя савецкай уладай у 1930‑я гады. І ў гэтым няма хлусні.

Але разам са здымкамі спектакляў змешчаны яшчэ адзін, які выкрывае крывадушнасць нямецкіх акупантаў — гэта фотапартрэт Душэўскай, «любімай беларускай актрысы пецярбургскай трупы» пачатку ХХ стагоддзя.
Фота падпісана як G. Dusch-Duschewskaja, так што спачатку можна падумаць, што гаворка пра Ганну Дуж-Душэўскую, сястру Клаўдзія Дуж-Душэўскага, стваральніка бел-чырвона-белага сцяга, якая якраз мела акцёрскі досвед. Але, як паказала глыбейшае вывучэнне здымка з выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў, на фота не сястра, а жонка Клаўдзія Алена.
Літаральна праз месяц пасля выхаду гэтага нумара «Ostland», у жніўні 1943 года, гестапа ў Коўне арыштуе Алену і Клаўдзія Душэўскіх і кіне ў канцэнтрацыйны лагер Правянішкі. Іх віна палягала ў тым, што яны хавалі ў сваёй кватэры яўрэяў, ратуючы іх ад Халакосту.
За гэты подзвіг у 2004 годзе Душэўскія былі пасмяротна ўзнагароджаныя літоўскім дзяржаўным ордэнам — Крыжам выратавання гінучых.

Беларуская «каза» — ад вікінгаў!
Калі гаворка заходзіла пра этнаграфію, нямецкія даследчыкі спрабавалі рознымі шляхамі прывязаць мясцовыя традыцыі да арыйскіх ці германскіх каранёў. У снежні 1942 года Фрыдрых Аляксандр Рэдліх публікуе артыкул «Каляды ў Остландзе» (Weihnachten im Ostland). Апісваючы традыцыйны беларускі і балцкі абрад, калі калядоўшчыкі водзяць па дварах юнака, пераапранутага ў маску казы (Bocksmaske), аўтар робіць дзіўную выснову.

Пакуль сучасныя прарасійскія актывісткі ў Беларусі змагаюцца з традыцыйнай каляднай «казой», на поўным сур'ёзе бачачы ў ёй сімвалы Бафамета і сатанізм, нямецкія акупанты ў 1942 годзе ішлі па шляху культурнай апрапрыяцыі. Яны прыўлашчвалі мясцовы фальклор, спрабуючы разгледзець пад саламянай маскай казы… спадчыну суровых скандынаўскіх вікінгаў.
Звычайную беларускую казу Рэдліх спрабаваў упрэгчы ў калясніцу германскага бога Тора. У артыкуле сцвярджалася, што наша маска казы з'явілася «пад уплывам вікінгскіх сувязяў» і з'яўляецца сваяком шведскага каляднага казла (Julbock), каб хоць неяк апраўдаць прысутнасць старажытнагерманскага духу на славянскіх тэрыторыях.
Іронія лёсаў даследчыкаў-остфоршараў
Яшчэ далей у псіхалагічным аналізе ідзе доктар Эберхард Вольфграм (1908—1981), нямецкі славіст і адзін з так званых остфоршараў (Ostforscher), «даследчыкаў Усходу», якія ў час вайны з кабінетных навукоўцаў ператварыліся ў інтэлектуальную абслугу генацыду і каланізацыі.
У ліпені 1944 года Вольфграм апублікаваў грунтоўны артыкул «Беларуская народная песня» (Das weißruthenische Volkslied), абапіраючыся на захаваныя архівы разгромленага Інбелкульта.
Вольфграм даказвае нямецкаму чытачу, што беларусы кардынальна адрозніваюцца ад рускіх. Даследчык катэгарычна супрацьпастаўляе дзве культуры: рускую народную песню ён называе «бязмежнай плынню душы ў бясконцасць» і выбухам эмоцый, які «ламае ўсе межы». У супрацьвагу гэтаму беларуская песня, на яго думку, дэманструе «сціплую, амаль суровую ўпарадкаванасць» і глыбокую, практычную сувязь з рэальным сялянскім побытам.

Тут варта згадаць іронію лёсу самога даследчыка. Эберхард Вольфграм, які падчас вайны ў нацысцкім часопісе вывучаў «Остланд» і пісаў пра перавагу новага еўрапейскага парадку над бальшавізмам, пасля разгрому Трэцяга рэйха апынуўся ў савецкай зоне акупацыі. Ён застаўся жыць у ГДР, у Лейпцыгу, і з 1945 па 1956 год… афіцыйна працаваў у Таварыстве нямецка-савецкай дружбы!
Радыё без прыёмнікаў
Дзівіліся акупанты і таму, што пакінула ім таталітарная савецкая сістэма. У студзені 1943 года, робячы агляд радыёвяшчання, інтэндант Ганс Крыглер здзіўлена канстатуе: у беларусаў практычна няма індывідуальных радыёпрыёмнікаў, толькі правадныя радыёкропкі.
«У Беларусі эфірны прыём быў забаронены з самага пачатку, каб людзі не чулі праўды з-за мяжы», — піша нямецкі аўтар.
Насамрэч да вайны эфірныя прыёмнікі ў СССР прадаваліся, хоць і падлягалі строгай рэгістрацыі ў органах сувязі. Тое, што пабачылі немцы — гэта вынік агульнай беднасці і татальнай канфіскацыі радыёпрыёмнікаў, праведзенай НКВД 25 чэрвеня, на трэці дзень вайны.
Дарэчы, савецкая сістэма праваднога вяшчання немцам вельмі спадабалася — яны імгненна прыстасавалі яе для трансляцыі ўжо прамоваў Гітлера.
Чаму гітлераўцы не распусцілі калгасы
Як вядома, адным з галоўных прапагандысцкіх лозунгаў Германіі ў вайне супраць СССР было «вызваленне сялян ад бальшавіцкага прыгону» і вяртанне прыватнай уласнасці на зямлю. У Эстоніі, Латвіі і Літве нямецкая адміністрацыя сапраўды распусціла саўгасы, якія савецкая ўлада паспела стварыць усяго за год да нямецкага ўварвання. Але ў Беларусі было інакш.
У ліпеньскім нумары за 1943 год, у вялікім артыкуле высокапастаўленага чыноўніка, былога дзяржміністра Герберта Бакэ «Сяляне Еўропы працуюць для перамогі» (Europas Bauern arbeiten für den Sieg), аўтар хваліцца поспехамі нямецкай аграрнай палітыкі на захопленых тэрыторыях. Ён рапартуе, што сяляне нібыта з радасцю вызваляюцца ад калгаснай сістэмы на ўсёй тэрыторыі Остланда і Украіны, але тут жа робіць абмоўку: «…калгасная сістэма, аднак, часткова захавалася толькі ў беларускіх абласцях».
Гэты ж тэзіс пра захаванне калгасаў у Беларусі (Weissruthenien) слова ў слова паўтараецца і праз год, у артыкуле з ліпеньскага нумара 1944 года («Абавязак латышскага хатняга фронту…»).
Чаму ж нацысты, вырашылі пакінуць адзін з галоўных яго сімвалаў бальшавізму — калгасы — цэлымі і дзейнымі менавіта на нашых землях? Відаць, для бесперабойнага забеспячэння гіганцкай машыны вермахта прадуктамі патрабаваўся жорсткі, беспярэчны і цэнтралізаваны кантроль за зборам прадукцыі.
Нямецкай адміністрацыі, па сутнасці, нічога не трэба было мяняць у савецкай сістэме — дастаткова было толькі паставіць на чале гэтай сістэмы сваіх камендантаў і кіраўнікоў. Эканоміка Беларусі разглядалася немцамі выключна як рэсурсная база, і ідэалогія тут лёгка саступала месца практычнай выгадзе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары