БЕЛ Ł РУС

Вы таксама часта чуеце гул у вушах, якога іншыя не чуюць? Навукоўцы знайшлі тлумачэнне

6.06.2026 / 08:30

Nashaniva.com

Нізкачастотны шум, падобны да працы дызельнага рухавіка, не дае спакойна жыць сотням мільёнаў людзей па ўсім свеце. Самае дзіўнае ў гэтым тое, што сваякі і партнёры гэтых людзей нічога не чуюць. Каманда еўрапейскіх даследчыкаў узялася разгадаць гэтую таямніцу, праверыўшы дзве самыя папулярныя гіпотэзы.

Ілюстратыўная выява, згенераваная Gemini

Уявіце сабе: вы часцяком чуеце нізкачастотнае гудзенне, пульсацыю або бурчанне, медыяна частаты якога складае каля 50 герц. У англамоўнай прэсе гэты феномен часта называюць проста «гул» (The Hum), ён сустракаецца ў 2-4% людзей у розных кутках свету. 86% такіх людзей адзначаюць, што гэты гук выклікае ў іх моцны стрэс і перашкаджае жыць.

Доўгі час у навуковым свеце існавалі дзве асноўныя версіі таго, што адбываецца: альбо ў гэтых людзей проста фенаменальны слых да нізкіх частот і яны сапраўды чуюць далёкі прамысловы шум, альбо іх уласнае ўнутранае вуха само генеруе гэты гук у якасці пабочнага эфекту фізіялагічных працэсаў.

Каб паставіць кропку ў гэтым пытанні, група навукоўцаў на чале з Баніфацам Баўманам і Маркусам Дрэксэлем (з даследчых цэнтраў Германіі і Нарвегіі) правяла дэталёвае даследаванне, вынікі якога апублікаваў аўтарытэтны часопіс PLOS One.

Для эксперыменту яны адабралі 28 чалавек, якія стала пакутуюць ад гулу, і параўналі іх паказчыкі з кантрольнай групай людзей з нармальным слыхам. Навукоўцы выкарыстоўвалі звышдакладнае абсталяванне для падрабязнага вымярэння парогаў чутнасці ў нізкачастотным дыяпазоне.

Першая гіпотэза пра суперслых, можна сказаць, правалілася. Навукоўцы зрабілі аўдыяметрыю з высокім разрозненнем і высветлілі, што большасць людзей, якія чуюць гул, маюць абсалютна звычайны слых. Іх парогі ўспрымання нізкіх частот практычна нічым не адрозніваліся ад паказчыкаў кантрольнай групы.

Сярод падыспытных знайшліся два чалавекі з анамальна высокай адчувальнасцю (іх слых быў на 20‑30 дэцыбел вастрэйшы за норму), але для пераважнай большасці наяўнасць рэальнай знешняй крыніцы гуку не пацвердзілася.

Другая гіпотэза гучала яшчэ больш экзатычна і называецца спантаннай отаакустычнай эмісіяй. Гэта рэальная фізіялагічная з'ява, калі вонкавыя валасковыя клеткі ўнутранага вуха пачынаюць самі выпраменьваць гукавыя хвалі.

Даследчыкі ўставілі ў вушы падыспытных высокаадчувальныя падвойныя мікрафоны, каб паслухаць гукі ў іх вушах, аднак і тут іх чакала расчараванне. Ніводнага нізкачастотнага шуму, які б зыходзіў з вушэй пацыентаў, зарэгістраваць не ўдалося. Больш за тое, высветлілася, што ў чалавечым вуху ў прынцыпе не ўдаецца зафіксаваць такія эмісіі на частаце ніжэй за 900 герц.

То што ж гэта тады, калі не містыка і не рэальны шум? Аўтары даследавання прыйшлі да высновы, што ў большасці выпадкаў загадкавы гул з'яўляецца нізкачастотным суб'ектыўным тынітусам — адчуваннем звону ў вушах, якое сустракаецца ў вялікай часткі людзей і не мае аніякай знешняй крыніцы.

Узнікненне суб'ектыўнага тынітусу з'яўляецца вынікам унутранага збою ў працы слыхавой сістэмы і звязана са складанымі ўзаемадзеяннямі на ўсіх яе ўзроўнях, ад унутранага вуха і слыхавога нерва да слыхавой кары галаўнога мозгу. У такіх выпадках звычайна людзі чуюць высокі піск, але насамрэч гэты ўнутраны гук можа мець самыя розныя формы, у тым ліку гучаць на вельмі нізкіх частотах як гул або вібрацыя.

І паколькі чалавеку ад прыроды вельмі складана вызначаць крыніцы нізкіх частот нават з рэальнымі шумамі, гэты збой слыхавой сістэмы аўтаматычна маскіруецца мозгам. Менавіта таму здаецца, што гук ідзе звонку, а не знутры.

Чытайце таксама:

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў

Радыеактыўны імплант у мозгу страхуе ад вяртання ракавай пухліны. Людзі выжываюць часцей

Хочаце, каб дзіця было разумнейшым? Магчыма, дапаможа вітамін D падчас цяжарнасці

Каментары да артыкула