Здароўе

Радыеактыўны імплант у мозгу страхуе ад вяртання ракавай пухліны. Людзі выжываюць часцей

Пласцінка памерам з паштовую марку, калі яе ўжывіць у мозг адразу пасля выдалення пухліны, дазваляе пазбегнуць перапынку паміж аперацыяй і прамянёвай тэрапіяй. Даследаванне паказала, што такая методыка істотна зніжае рызыку вяртання пухліны і амаль удвая павялічвае выжывальнасць пацыентаў.

Стандартнае лячэнне метастазаў у мозгу прадугледжвае прамянёвую тэрапію пасля аперацыі. Новы імплант GammaTile дазваляе пачаць апрамяненне непасрэдна пасля выдалення пухліны. Скрын відэа: GammaTile / YouTube

Метастазы ў мозгу застаюцца адным з самых цяжкіх ускладненняў анкалагічных захворванняў. Пасля выдалення пухліны пацыентам звычайна даводзіцца чакаць некалькі тыдняў, пакуль арганізм адновіцца настолькі, каб можна было пачаць прамянёвую тэрапію. За гэты час ракавыя клеткі могуць зноў пачаць расці, а лячэнне асноўнага захворвання ў іншых органах нярэдка прыпыняецца.

Як піша The Wall Street Journal, амерыканскія навукоўцы прапануюць спосаб пазбегнуць гэтага небяспечнага перапынку. Вынікі новага даследавання паказалі, што невялікі радыеактыўны імплант GammaTile, які ўсталёўваюць непасрэдна падчас аперацыі, можа значна знізіць рызыку рэцыдыву і павялічыць працягласць жыцця пацыентаў.

GammaTile дазваляе пачаць апрамяненне адразу пасля выдалення пухліны. Імплант уяўляе сабой тонкую пласцінку памерам прыкладна з паштовую марку. Пасля выдалення пухліны нейрахірург выкладвае такімі пласцінкамі сценкі ўтворанай паражніны. Пры неабходнасці іх можна падразаць так, каб яны адпавядалі яе контурам.

Пласцінкі складаюцца з калагену і ўтрымліваюць радыеактыўны матэрыял, які паступова выпраменьвае высокую дозу радыяцыі менавіта ў тых тканках, дзе з найбольшай імавернасцю могуць застацца адзінкавыя ракавыя клеткі. Праз некалькі тыдняў радыеактыўнасць практычна знікае, а сам матэрыял рассмоктваецца ў арганізме. Пры гэтым устаноўка імпланта павялічвае працягласць аперацыі ўсяго на некалькі хвілін.

Радыеактыўны імплант GammaTile. Скрын відэа: GammaTile / YouTube

Эфектыўнасць метаду ацанілі ў рандамізаваным даследаванні з удзелам 230 чалавек. Амаль дзве трэці пацыентаў, якім усталявалі GammaTile, былі жывыя праз два гады пасля лекавання. У групе са стандартнай пасляаперацыйнай прамянёвай тэрапіяй гэты паказчык склаў прыкладна адну трэць.

Асабліва прыкметнай аказалася розніца ў частаце вяртання пухліны ў месцы аперацыі. Сярод пацыентаў з імплантамі рэцыдыў зафіксавалі толькі ў 1% выпадкаў. Пры традыцыйным падыходзе пухліна вярталася ў 12% пацыентаў.

Згодна з вынікамі даследавання, агульны ўзровень бяспекі новага метаду быў супастаўны са стандартнай прамянёвай тэрапіяй. Разам з тым даследчыкі заўважылі некаторае павелічэнне колькасці выпадкаў распаўсюджвання ракавых клетак у спіннамазгавую вадкасць (9,7% супраць 3%), аднак гэтая розніца не была прызнана статыстычна значнай і не паўплывала на агульную пазітыўную ацэнку метаду медыцынскай супольнасцю.

Спецыялісты адзначаюць, што адной з галоўных пераваг тэхналогіі стала магчымасць пазбегнуць працяглага чакання пасля аперацыі. У гэты перыяд пацыенты часта вымушаныя спыняць хіміятэрапію, таму рак у іншых частках арганізма можа працягваць развівацца без належнага кантролю.

Нягледзячы на абнадзейлівыя вынікі, шырокае распаўсюджанне методыкі можа заняць час. Імпланты GammaTile ужо дазволеныя да выкарыстання ў ЗША. Неабходнасць цеснай каардынацыі паміж рознымі аддзяленнямі бальніцы называюць базавай умовай для паспяховага ўжывання тэхналогіі.

Пры гэтым даследаванні тэхналогіі працягваюцца. Цяпер навукоўцы вывучаюць яе эфектыўнасць у пацыентаў з гліябластомай — адной з самых агрэсіўных формаў раку мозгу, якая развіваецца непасрэдна ў тканках мозга, а не ўзнікае ў выніку распаўсюджвання пухліны з іншых органаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп асабіста папрасіў Сі Цзіньпіна паўплываць на Пуціна, каб спыніць вайну ва Украіне2

Расія ўначы нанесла масіраваны ўдар па Украіне. Чысты тэрор: 73 ракеты па гарадах і 656 беспілотнікаў4

Якія фігуры людзі насамрэч лічаць найбольш прывабнымі?19

Пасольства Польшчы ў Мінску змяніла парадак падачы заявы на візу па карце паляка6

Мільёны на «правільных» апытаннях. Як жонка галоўнага прыдворнага сацыёлага Крамля купаецца ў раскошы10

У Полацку паставілі новыя ўязныя знакі. Усе на рускай мове23

Беларус аплаціў дзяўчыне вініры, а пасля раставання запатрабаваў грошы. Што кажа закон?9

ШІ-гігант Anthropic падаў заяўку на IPO, апярэдзіўшы OpenAI

Затрыманы топ-менеджар Мінабароны РФ па забеспячэнні войска7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца9

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць