БЕЛ Ł РУС

Беларусам збіраюцца дазволіць паляваць яшчэ на адну жывёліну

4.06.2026 / 19:38

Nashaniva.com

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Казарэз паведаміў, што ў Беларусі найбліжэйшым часам плануюць дазволіць паляванне на янота-паласкуна, а таксама перагледзець памеры зон, дзе паляванне забаронена паблізу населеных пунктаў.

Янот-паласкун. Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Па словах чыноўніка, у краіне працягвае расці колькасць большасці відаў дзікіх жывёл. Так, на канец 2025 года ў Беларусі налічвалася 1289 мядзведзяў і 2556 рысяў, што прыкметна больш, чым годам раней.

Асаблівую занепакоенасць у спецыялістаў выклікае рост папуляцый лісаў і янотападобных сабак, асабліва ў заходніх рэгіёнах краіны. Гэтыя жывёлы могуць быць пераносчыкамі шаленства, небяспечнага як для людзей, так і для свойскіх жывёл. Таму дзяржава працягвае прымаць меры для рэгулявання іх колькасці.

Паколькі цікавасць паляўнічых да здабычы футра цяпер значна знізілася, для стымулявання палявання на гэтых драпежнікаў у асобных раёнах арганізуюць конкурсы і нават прадугледжваюць грашовыя ўзнагароды.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі таксама прапануюць скараціць памеры тэрыторый вакол населеных пунктаў, дзе паляванне цяпер забаронена. Гэта звязана з тым, што лісы ўсё часцей селяцца побач з людзьмі, знаходзячы там лёгкія крыніцы харчавання.

Што тычыцца спісу паляўнічых відаў, то істотных змен у іх не чакаецца. Раней абмяркоўвалася магчымасць уключэння ў яго тарпанападобнага каня і лебедзя, але гэтыя прапановы падтрымкі не атрымалі. Спецыялісты адзначаюць, што беларусы традыцыйна ўспрымаюць каня як памочніка чалавека, а лебедзя — як сімвал вернасці.

Затое ў спіс могуць уключыць янота-паласкуна. Гэты завезены від актыўна распаўсюджваецца па тэрыторыі Беларусі і можа выцясняць мясцовыя віды жывёл. Таму яго колькасць плануюць рэгуляваць з дапамогай палявання.

Чытайце таксама:

Яноціха Ясенія, якая нелегальна прыехала з ЗША, знайшла мужа ў Баранавічах

Англійскі ліс паўтарыў подзвіг янота Сені і цяпер асвойваецца ў Амерыцы

У Іўеўскім раёне фотапастка зафіксавала янота-паласкуна

«Лепш было б яго ўсыпіць». Заолаг расказаў, якая небяспека для Беларусі можа быць ад янота, якога знайшлі мытнікі ў кантэйнеры з ЗША

Каментары да артыкула