У беларускім каршэрынгу ездзяць аўто на расійскіх нумарах. Гэта ўвогуле нармальна?
У навіне пра аварыю з удзелам каршэрынгавага VW Polo седан можна заўважыць, што машына мае расійскія рэгістрацыйныя нумары.
Мінскі каршэрынг з маскоўскімі нумарамі
Нягледзячы на тое, што машына мае расійскую рэгістрацыю, яна здаецца ў Мінску, пра што сведчаць налепкі з надпісам «Мінск» на пярэдніх дзвярах.
Чаму каршэрынг беларускі, а нумары расійскія?
Рэч у тым, што каршэрынг Anytime мае адны карані з расійскім «Дэлімабілем», прычым карані гэтыя нават не расійскія, а італьянскія.
З'яўленне ў беларускім парку машын з расійскімі нумарамі найхутчэй тлумачыцца тым, што для расійскіх мегаполісаў VW Polo sedan — надта стары аўтамабіль. Таму дажываць свой век яго адправілі ў Беларусь.
Аўтамабіль з навіны акурат мае 799‑ы рэгіён на нумарах, што азначае прыналежнасць да Масквы.
Машыны на расійскіх нумарах у Anytime пачалі з'яўляцца з мінулага лета. Пры гэтым важна адзначыць, што, хоць яны і маюць расійскую прапіску, паехаць на такім аўто ў Расію нельга. Як і машыны на беларускіх нумарах, яны прызначаны выключна для выкарыстання на тэрыторыі Беларусі.
А сам па сабе факт выкарыстання машын, зарэгістраваных у Расіі, цалкам законны.
Арганізацыі ў Беларусі могуць выкарыстоўваць аўтамабілі на расійскім уліку, аформіўшы лізінг або арэнду (у тым ліку ўнутрыхолдынгавую — у галаўной кампаніі з Расіі).
І паколькі перарэгістрацыя аўто — гэта дадатковыя целарухі і выдаткі, гэтыя машыны працягваюць працаваць са старымі нумарамі, толькі ў іншай краіне.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Іншы важны момант, чаму кампанія не змяняе прапіску, можа быць у тым, што машыны ў Расіі ў цэлым каштуюць даражэй, чым у Беларусі, ды і рынак там большы, таму кампаніі пасля будзе прасцей і выгадней прадаць гэтае аўто ў Расіі.
Не толькі ў Беларусі працуюць аўто з замежнай рэгістрацыяй
Падобная практыка з выкарыстаннем аўто на замежнай рэгістрацыі з'яўляецца распаўсюджанай у Еўрасаюзе.
Напрыклад, у суседняй Літве можна ўбачыць каршэрынгавыя аўто на латвійскіх і нават эстонскіх нумарах. А ў дастаўцы літоўскай крамы можна ўбачыць мікрааўтобусы, зарэгістраваныя ў Польшчы.