БЕЛ Ł РУС

Пуцін назваў «хамствам» адкрыты ліст Зяленскага. І адмовіўся ад сустрэчы з ім

5.06.2026 / 19:05

Станіслаў Покуць

Падчас выступлення на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме Уладзімір Пуцін пракаментаваў адкрыты ліст Уладзіміра Зяленскага, у якім украінскі прэзідэнт прапаноўваў яму асабістую сустрэчу і спыненне агню.

Уладзімір Пуцін. Фота: Kirill Kazachkov / Roscongress Foundation via AP

Пуцін паведаміў, што азнаёміўся з лістом пасля таго, як яму перадаў яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў. Прытым выказаўся пра ліст падкрэслена пагардліва. Маўляў, «Пяскоў учора паказаў мне ліст Зяленскага, я паглядзеў з раніцы гэту паперку». 

Каментуючы згадку ў гэтым лісце пра свой узрост, ён заявіў, што галоўнае для палітыка — не гады, а здольнасць эфектыўна працаваць і выконваць свае абавязкі.

На прапанову асабістай сустрэчы з Зяленскім Пуцін адказаў адмоўна. Паводле яго слоў, Украіна імкнецца спыніць расійскае наступленне, у той час як Расія зацікаўленая ў доўгатэрміновых дамоўленасцях, а не ў часовым перамір'і. Ён таксама адзначыў, што Масква не хоча паўтарэння пагадненняў, падобных да колішніх мінскіх.

Пуцін выказаў неразуменне наконт таго, чаму Кіеў не жадае бачыць адміністрацыю Дональда Трампа ў ролі гаранта магчымых будучых дамоўленасцяў. Пры гэтым ён падзякаваў Трампу за яго намаганні ў адносінах да выпраўлення «манераў» Зяленскага і дадаў, што праца ў гэтым кірунку яшчэ не завершаная.

Таксама расійскі кіраўнік заявіў, што нядаўна Зяленскі нібыта перадаваў яму просьбу аб асабістай сустрэчы праз расійскага бізнэсмена. Паводле слоў Пуціна, гэта адбылося 21 мая. Публічную дыскусію вакол гэтай тэмы ён назваў няправільнай, а тон ліста ахарактарызаваў як недапушчальны, бо ён, маўляў, утрымлівае «хамскія элементы».

Напрыканцы Пуцін заклікаў Зяленскага не баяцца ўдзельнічаць у выбарах і, звяртаючыся да расійскіх вайскоўцаў, сказаў: «Работайте, братья».

Чытайце таксама:

Макрон сказаў, што ліст Зяленскага дапаможа дабіцца мірнага ўрэгулявання

Міністр абароны Літвы пра ліст Зяленскага: Наіўна чакаць, што Пуцін проста возьме і адступіць

Пяскоў: Зяленскі можа прыехаць у Маскву, калі хоча сустрэцца з Пуціным

Трампа ўсцешыла перспектыва асабістай сустрэчы Зяленскага і Пуціна — «вельмі добрых людзей»

Навошта Зяленскі напісаў ліст Пуціну?

Уладзімір Зяленскі звярнуўся да Пуціна з адкрытым лістом, які нагадвае ўльтыматум

Каментары да артыкула