У Арменіі ЦВК адмовілася здымаць з выбараў галоўны прарасійскі блок
Цэнтральная выбарчая камісія Арменіі 6 чэрвеня, за дзень да парламенцкіх выбараў, адмовілася здымаць з іх апазіцыйны блок «Моцная Арменія», які ўзначальвае армяна-расійскі мільярдэр Самвел Карапецян. Пра гэта паведамляе Армянская служба «Радыё Свабода».
Мітынг «Моцнай Арменіі» ў Ерэване. Фота: Sputnik
Заяву аб дыскваліфікацыі палітычнага аб’яднання падала праеўрапейская партыя «Рэспубліка». Яе прадстаўнікі спасылаліся на крымінальныя справы, звязаныя з магчымым подкупам выбаршчыкаў і ўтойваннем маёмасных інтарэсаў падчас выбарчай кампаніі.
У сваю чаргу прадстаўнікі «Моцнай Арменіі» адхілілі ўсе абвінавачанні, назваўшы іх беспадстаўнымі. Паводле іх слоў, ніякіх даказаных парушэнняў выбарчага заканадаўства прадстаўлена не было.
Пасля двухгадзіннага разгляду ЦВК аднагалосна адхіліла патрабаванне аб скасаванні рэгістрацыі блока. У камісіі заявілі, што прадстаўленыя прыхільнікамі зняцця «Моцнай Арменіі» аргументы грунтуюцца пераважна на здагадках і не даюць дастатковых падстаў для такога рашэння.
Тым не менш, перад выбарамі вакол «Моцнай Арменіі» працягваюцца юрыдычныя праблемы. Паведамляецца, што шасцёра кандыдатаў ад блока былі арыштаваныя па абвінавачаннях у адмыванні грошай і іншых правапарушэннях. Акрамя таго, крымінальная справа была распачатая супраць лідара выбарчага спісу Нарэка Карапецяна, якога абвінавачваюць ва ўтойванні расійскага грамадзянства.
Парламенцкія выбары ў Арменіі адбудуцца 7 чэрвеня. Галоўным супернікам партыі прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна лічыцца менавіта блок «Моцная Арменія», які выступае за больш шчыльныя сувязі з Расіяй і падкрэслівае важнасць эканамічнага і вайсковага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Апошнія гады Арменія актыўна развівае адносіны з Еўрапейскім Саюзам. У пачатку 2025 года ўлады краіны запусцілі працэс, звязаны з магчымым уступленнем у ЕС. Аднак армянскае кіраўніцтва пакуль падкрэслівае, што афіцыйная заяўка на ўступленне яшчэ не пададзена і пытанне рэферэндуму па гэтай тэме пакуль не стаіць на парадку дня.
На фоне выбарчай кампаніі ў Еўракамісіі раней выказвалі занепакоенасць магчымымі спробамі знешняга ўплыву на палітычныя працэсы ў Арменіі. У сваю чаргу кіраўніцтва Еўрасаюза заяўляла пра падтрымку краіны ў яе супрацоўніцтве з еўрапейскімі структурамі.
Чытайце таксама:
У Арменіі пачалі раздаваць позвы на вайсковыя зборы тым, хто прыязджае з Расіі на выбары
Пашынян: Вырашым і выйдзем з АДКБ. Мы не дазволім, каб Лукашэнка зноў стаў нашым гарантам
ЕС абяцаў Арменіі 50 мільёнаў еўра эканамічнай дапамогі ў гандлёвай вайне з Расіяй
Пашынян паабяцаў фермерам выплаціць за ўраджай, які яны не змогуць паставіць у Расію