На Шчучыншчыне сталі прамыслова выпускаць грыбную расаду
У Беларусі пачалі прамысловую вытворчасць субстрату з міцэліем для вырошчвання шампіньёнаў. Новы камбінат адкрыўся ў вёсцы Янчукі Шчучынскага раёна, піша Times.by.
Фота: Банк развіцця
Прадпрыемства будзе выпускаць так званую «грыбную расаду» — спецыяльны пажыўны субстрат, заселены міцэліем шампіньёнаў, які затым пастаўляецца на грыбаводчыя фермы для далейшага вырошчвання грыбоў.
Вытворчасць арганізаваная па прынцыпе замкнёнага цыклу. Для прыгатавання субстрату выкарыстоўваюцца мясцовая салома і адкіды птушкагадоўлі, якія перапрацоўваюцца ў арганічнае ўгнаенне. Пасля ў пажыўнае асяроддзе ўводзіцца міцэлій, у выніку чаго атрымліваецца гатовая аснова для вырошчвання шампіньёнаў.
Тэхналагічны працэс патрабуе строгага кантролю тэмпературы і стэрыльнасці. Па словах распрацоўшчыкаў праекта, гэта дазваляе знізіць рызыку страты ўраджаю і павысіць эфектыўнасць працы грыбаводчых гаспадарак.
Плануецца, што прадпрыемства будзе адгружаць каля 360 тон гатовага субстрату штотыдзень, або прыкладна 19 тысяч тон за год.
Праект рэалізаваны пры ўдзеле прыватнага інвестара і з дзяржаўнай падтрымкай. Для працы новага комплексу створана 25 пастаянных працоўных месцаў. Вытворчасць мае высокі ўзровень аўтаматызацыі.
Чытайце таксама:
«Будзе вільгаць — будуць грыбы». Пад Гроднам ужо збіраюць лісічкі
Пад Мінскам знайшлі першыя грыбы
«Нешта ў грыбы сёлета расхацелася». Пад Барысавам на полі пабачылі адразу пяць мядзведзяў
Беларусь сёлета была топавым рынкам збыту для многіх расійскіх прадуктаў. Што ў спісе?