БЕЛ Ł РУС

Вячорка: Калі Еўропа пачне здаваць перад Лукашэнкам, гэта аслабіць амерыканскія пазіцыі

8.06.2026 / 17:19

Nashaniva.com

У эфіры тэлеканала «Белсат» галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка закрануў пытанне перамоў Захаду з Аляксандрам Лукашэнкам. Па яго словах, амерыканцы працягваюць высілкі дзеля вызвалення палітвязняў, хоць у маі не адбыўся візіт у Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла, які ён перад тым сам і анансаваў.

Франак Вячорка. Фота: Lookby.media

«Амерыканцы настроеныя рашуча. І Коўл званіў Ціханоўскай, запэўніў, што ўсё ідзе, яно не спынілася. Ёсць пэўныя складанасці ў гэтых перамовах, перамовы з Лукашэнкам — гэта вельмі складана. Лукашэнка пастаянна мяняе правілы гульні, мяняе ўмовы», — сказаў Вячорка.

Па яго словах, Лукашэнка намагаецца праз ЗША «праціснуць» ЕС з тым, каб былі скасаваныя еўрапейскія санкцыі:

«У Лукашэнкі з'яўляецца адчуванне, што ён можа паламаць Еўропу. У яго спадзяванне, што ён праз Амерыку зможа зламаць цэласную пазіцыю Еўропы. І мне здаецца, што калі Еўропа пачне здаваць і пачне гэты трэк, гэта аслабіць амерыканскія пазіцыі.

Чаму Лукашэнка ўсё аддае Трампу? Таму што ён разумее, што ад Еўропы нічога не атрымае. І цяпер, магчыма, ёсць у Лукашэнкі спадзяванне, што калі Еўропа пахіснецца, калі зараз пачне развальвацца еўрапейскі фронт, то яму ўжо і амерыканцы будуць не патрэбныя».

Вячорка назваў важным, каб перамовы Вашынгтона з Мінскам працягваліся:

«Важна гэты амерыканскі трэк падтрымліваць, мы падтрымліваем, мы камунікуем, і мы спадзяемся, што ў гэтым годзе будзе больш вызваленняў, а ідэальна, каб усе выйшлі на волю».

Наконт імавернага візіту ў Мінск кіраўніка французскай разведкі Нікаля Лернэра, пра які раней пісаў палітычны актывіст Валерый Цапкала, Вячорка сказаў, што, па-першае, афіцыйных пацвярджэнняў гэтага не было, а па-другое, у такіх кантактах няма нічога незвычайнага:

«Лінія камунікацыі з Мінскам заставалася заўжды. З Мінскам сустракаюцца дэлегацыі еўрапейскіх краін, кожны год прыязджаюць на ўзроўні дырэктараў ці асобных аддзелаў міністэрстваў замежных спраў, па лініі спецслужбаў. І Польшча, калі займаліся вызваленнем Пачобута, таксама сустракаліся — і фізічна, і не толькі».

Такім чынам, як падкрэсліў дарадца Ціханоўскай, камунікацыя не перарывалася, і «калі нехта кажа, што няма дыялогу, Еўропа не размаўляла, то гэта няпраўда, усе шэсць гадоў быў дыялог».

«Праблема была з боку Мінску, што Мінск не хацеў вызваляць, не хацеў гаварыць пра палітвязняў, не хацеў спыняць рэпрэсій. Але зараз у Мінску сапраўды складаная сітуацыя, таму што прыбыткі змяншаюцца, вось гэты эканамічны бум пасля пачатку паўнамаштабнай вайны прасеў, эканоміка ў стагнацыі, цяпер ён чапляецца за кожную саломінку», — працягнуў Вячорка.

Акурат цяпер, паводле яго, на Лукашэнку варта аказваць большы ціск:

«Ён зараз хапаецца за кожную саломінку, каб зменшыць санкцыйны ціск, і гатовы нават вызваляць палітвязняў. У такія моманты слабасці Лукашэнкі не трэба змякчаць, а трэба, наадварот, патрабаваць больш, трэба аказваць яшчэ большы ціск. І я думаю, еўрапейская роля — гэты ціск аказваць. А амерыканцы, якія ўжо ўступілі ў трэк перамоваў, выстаўляць і класці на стол патрабаванні».

Чытайце таксама:

«Давераная асоба Макрона, якая прыедзе ў Мінск», аказалася адстаўным паслом, што пабывае на «Мінскім дыялогу»

Джон Коўл патлумачыў, чаму не паехаў у Мінск разам з прапаведнікам Грэмам

«Мы яшчэ не скончылі. Не страчвайце надзеі!» Джон Коўл адрэагаваў на словы Ціханоўскай пра 800 палітвязняў у Беларусі

Ціханоўская пракаментавала прапанову ЗША суседзям Беларусі зняць санкцыі на транзіт калію

Каментары да артыкула