Ціханоўская пракаментавала прапанову ЗША суседзям Беларусі зняць санкцыі на транзіт калію
Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Радыё Свабода пракаментавала нефармальны ліст, які Дзяржаўны дэпартамент ЗША накіраваў уладам Літвы, Польшчы і Украіны. Гутарка адбылася падчас міжнароднай канферэнцыі па пытаннях бяспекі GLOBSEC у Празе.

— Мы павінны разумець, што гэты ліст — не інструкцыя для кіравання палітыкай. Гэта можа быць прапанова. Але, вядома ж, нашы амерыканскія партнёры добра разумеюць, што кожная краіна сама прымае рашэнне, як камунікаваць ці не камунікаваць з Лукашэнкам, бо тут вельмі шмат інтарэсаў закранута. Гэта перш за ўсё бяспека.
Вядома ж, наша пазіцыя ў тым, што зараз ніякім чынам не час паслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ні ва Украіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы. Бо калі ў Беларусі дагэтуль працягваюцца рэпрэсіі, дагэтуль саджаюць людзей, то ні пра якія сістэмныя змены, якіх мы дабіваемся, гаворкі быць не можа.
Бяспечная і вольная Беларусь таксама ў інтарэсах нашых суседзяў. Яны не наіўныя і яны таксама разумеюць, што пакуль там Лукашэнка, балёны лятаюць над Літвой, у Беларусі дэманструюць «Арэшнік» і ядзерную зброю, праводзяць вучэнні. Здымаць тут санкцыі — гэта не падыход.
— Аднак ЗША ўжо знялі санкцыі ўласна з «Беларуськалія». І калі прадстаўнік прэзідэнта Трампа Джон Коўл прыязджае ў Беларусь і размаўляе з Лукашэнкам, ён гаворыць пра магчымасць зняць санкцыі ў абмен на вызваленне палітвязняў. Ці значыць гэта, што вы больш падтрымліваеце падыход Еўрасаюза, што з рэжымам не варта размаўляць і варта захоўваць санкцыі?
— Мы вельмі ўдзячныя за намаганні ЗША вызваляць людзей, бо людзі ў турмах паміраюць, людзі ў вельмі цяжкім стане. Я ўпэўнена, што ў Злучаных Штатах Амерыкі дастаткова моцы, каб вызваліць усіх людзей.
Гэта і персанальная сіла прэзідэнта Трампа, і яго інструменты, якімі ён карыстаецца.
— Але калі для гэтага трэба будзе зняць і транзітныя санкцыі Літвы, Украіны і Польшчы?
— Гуманітарны трэк вызвалення людзей — гэта амерыканскі трэк. Мы павінны разумець, што краіна можа прапаноўваць нейкія крокі іншым краінам, але не павінна аказваць ціск. І гэта таксама пазіцыя ЗША. Мы пра гэта шмат разоў размаўлялі з Амерыкай, з Джонам Коўлам, з [намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША] Крысам Смітам. І таму павінна дзейнічаць формула, якую мы выпрацавалі, што амерыканскія санкцыі дзеля вызвалення людзей, а еўрапейскія дзеля вызвалення краіны.
Цяпер адбываецца нават большая эскалацыя з боку рэжыму — немагчыма нават разглядаць такую магчымасць зняцця санкцый. Нашы еўрапейскія партнёры добра гэта разумеюць. Мы, вядома ж, падымем гэтае пытанне падчас сустрэч ва Украіне, але я ўпэўнена, што там не будзе ніякага апетыту на зняцце санкцый, бо вось толькі нядаўна ўводзіліся новыя. І Украіна, як ніхто іншы, разумее, што толькі сістэмным ціскам на беларускі рэжым, на Расію можна іх спыніць у іх агрэсіўных дзеяннях.
Таму кожная краіна выбірае свой шлях. Я ўдзячная Еўропе за іх прынцыповасць, за іх сістэмнасць і за іх добрае разуменне сітуацыі вакол Беларусі.
Злучаныя Штаты папрасілі Літву, Польшчу і Украіну зняць санкцыі з беларускага калію, каб дазволіць транзіт гэтай прадукцыі праз іх тэрыторыю. Пра гэта сведчыць нефармальны зварот Дзяржаўнага дэпартамента ЗША да трох сталіц, з якім азнаёмілася Радыё Свабода.
У аднастаронкавым дакуменце, які паходзіць з Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, гаворыцца:
«Цяпер, калі Злучаныя Штаты знялі амерыканскія санкцыі з «Беларуськалія», амерыканскія кампаніі зацікаўленыя ў набыцці і транспартаванні беларускага калію. Для гэтага спатрэбіцца транзіт праз краіны ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, або праз Украіну, каб пазбегнуць транспартавання праз Расію».
У звароце таксама адзначаецца, што «Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў вывучэнні патэнцыйных маршрутаў для транзіту беларускага калію з мэтай змякчэння глабальнага дэфіцыту праз Польшчу, Літву або Украіну і чакаюць будучых абмеркаванняў гэтай тэмы з вамі».
Міністэрства замежных спраў Украіны пацвердзіла Радыё Свабода, што атрымала гэты ліст. Міністэрствы замежных спраў Польшчы і Літвы пакуль не адказалі на запыты.
Цяпер чытаюць
Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу
Каментары
Ёсць такое адчуванне, што пані Ціханоўская не бачыць тыя таргі палітвязнямі, што вядзе Лука і ЗША. Мы ўжо не раз бачылі такія таргі, і яны заўсёды вялі да лібералізацыі. Зразумела, што тых, каго Лука лічыць ворагамі, ён у краіну не пусціць, але ж спыненне рэпрэсій як было ўжо не раз, чакаць можна. Можа не да ўзроўня 2019 года, але ж хоць нейкае грамадскае жыццё можа пачаць адраджацца.