Чым скончылася гісторыя выкладчыка БДУІР, які звяртаўся да Лукашэнкі наконт 87 рублёў заробку
БДУІР давядзецца аднавіць працоўныя адносіны з Дзмітрыем Аношкам паводле рашэння суда, піша devby.io.
Вясной Дзмітрый Аношка запісаў зварот да Лукашэнкі — расказаў пра канфлікты з адміністрацыяй БДУІР і «сабатаж дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі». Адміністрацыя БДУІРа звольніла яго пасля заканчэння кантракту («выправіла з хаты на мароз»), але праз недахоп кадраў дазволіла выкладаць на новых умовах. У выніку ягоны заробак за лістапад 2025 года склаў 87 рублёў.
8 чэрвеня на сваім ютуб-канале «Прэпод за edu» выкладчык паведаміў, што судовая калегія Мінскага гарадскога суда вынесла рашэнне на ягоную карысць. Суд абавязаў універсітэт аднавіць працоўныя адносіны з Дзмітрыем Аношкам з 1 лістапада 2025 года.
Фрагмент дакумента, апублікаваны Дзмітрыем Аношкам на яго канале на YouTube
— Высокі суд стаў на наш бок, — рэзюмаваў Дзмітрый Аношка.
Праўда, ёсць нюанс: выкладчык разам з юрыстам прааналізаваў дакументы, якія БДУІР прадаставіў яму на подпіс пасля рашэння суда, і застаўся незадаволены. На ягоную думку, універсітэт можа «заігрываць з заканадаўствам», «спрабуе нейкім чынам абысці і разыграць сітуацыю па-свойму».
Пра поўнае аднаўленне Дзмітрыя Аношкі на працы гаворкі пакуль нават не ідзе. Як сцвярджае выкладчык, на сёння ўніверсітэт не планіруе аднаўляць за ім дысцыпліны ў поўным аб’ёме.
На думку Аношкі, усё гэта парушае пераемнасць дысцыплін і спрыяе развалу спецыяльнасці.
Чытайце таксама:
87 рублёў заробку і асаблівыя ўмовы для некаторых студэнтаў. Выкладчык БДУІР звярнуўся да Лукашэнкі