Грамадства66

«Крутыя лекцыі», але «жыве ў свеце, які сам і стварыў». Студэнты расказалі пра выкладчыка БДУІР, які запісаў зварот да Лукашэнкі

«Выкладчык, якому не ўсё роўна» — так называе сябе Дзмітрый Аношка на сваёй старонцы ў ВК. Яго адкрыты відэазварот да Лукашэнкі за тры дні сабраў 80 тысяч праглядаў і 1,5 тысячы каментарыяў. Што расказваюць пра выкладчыка яго былыя студэнты, піша Devby.io.

Дзмітрый Аношка

«Такіх выкладчыкаў, як ён, было вельмі мала»

Марк (імя зменена) паступіў на факультэт камп'ютарных сетак і сістэм БДУІР у 2018 годзе. Ён вучыўся па спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій»:

— Дзмітрый Аношка вёў у нас самыя важныя прадметы па праграмаванні першыя тры семестры, гэта значыць, да сярэдзіны другога курса. У першым семестры быў прадмет з базавым увядзеннем у праграмаванне, алгарытмамі і г.д. Усё гэта выкладалася на прыкладзе Delphi, каб быў нізкі парог уваходу пасля школьнага Pascal. Другі семестр быў ужо больш складаны: мы вывучалі, як усё працуе на нізкім узроўні. Асноўнымі тэмамі было вывучэнне Асэмблер x16 (FASM), архітэктура выканання інструкцый у працэсары, канвеер выканання, нізкаўзроўневыя аптымізацыі і звязаныя з гэтым рэчы. І, нарэшце, трэці семестр быў прысвечаны мове C (звычайны C, без плюсаў).

На фоне іншых выкладчыкаў Дзмітрый Аношка вылучаўся. Ён сапраўды даў вельмі важныя фундаментальныя веды Computer Science, а не проста расказаў па старой метадычцы. Вельмі шмат расказваў ад сябе, адчуваўся вялікі практычны досвед.

Такіх выкладчыкаў, як ён, было вельмі мала. За ўсе чатыры гады майго навучання — максімум чалавек 10-20, большасць проста чыталі курс па старой метадычцы. Зараз такіх, хутчэй за ўсё, засталіся ўвогуле адзінкі.

Памятаю, ён нават праводзіў дадатковыя лекцыі па-за раскладам для тых, хто хацеў атрымаць больш глыбокія веды.

Мне вельмі падабаліся яго лекцыі. Але я, хутчэй, быў выключэннем. У многіх аднакурснікаў было меркаванне, што Дзмітрый Аношка залішне «душыць» на экзаменах і заліках. Я гэтага меркавання не падзяляў. Тут, хутчэй, справа ў тым, што ў мой час многія паступалі проста таму, што беларускі ІТ на той час быў на піку. Не ўсе разумелі, што праграмаванне — гэта не так проста. Я ж прыйшоў ва ўніверсітэт ужо з практычным досведам, пісаў простыя праграмы і ботаў для невялікага кам'юніці ў Telegram, трохі займаўся алімпіядным праграмаваннем у школе.

За час вучобы я не чуў пра яго канфлікты з адміністрацыяй БДУІР. Але і атмасфера ў БДУІР тых гадоў была зусім іншая. ІТ было «на хайпе», дзяржава вельмі слаба ўмешвалася ў працэс ІТ-адукацыі. Ужо пасля 2020—2022 года вельмі шмат добрых людзей, у тым ліку з кіраўніцтва, звольніліся альбо былі звольненыя.

У 2020‑м я быў на трэцім курсе, Аношка ў той момант ужо нічога не вёў у майго патоку. Наколькі я чуў, унутры ўніверсітэта яго погляды мала праяўляліся. Асноўныя палітычныя выказванні Аношкі былі на яго старонцы ў ВК.

Гэтыя запісы дагэтуль захаваліся — там ёсць наезды на платформу, якая збірала фатаграфіі бюлетэняў, на незалежныя медыя, «паралелі» паміж дзеяннямі апазіцыі і генацыдам у Руандзе, крытыка актывістаў і ўдзельнікаў пратэсту, расказы пра «метадычкі ўкраінскіх майданаў», рэпосты прапагандыстаў.

У мяне тады выклікала дысананс, што такі добры выкладчык і спецыяліст можа мець такія дзіўныя палітычныя погляды і перакананні.

«На яго лекцыях заўсёды былі дыскусіі, і было вельмі цікава»

Дзяніс (імя зменена) вучыўся ў Дзмітрыя Аношкі паўтара года. Гэта было некалькі гадоў таму:

— Дзмітрый Яўгенавіч вельмі цікава і глыбока выкладаў свае прадметы. Але і патрабаваў на экзаменах адпаведна. Яго прадметы былі ўводнымі, базавымі для разумення праграмавання ў цэлым. На іх закраналіся як пачатковыя тэмы, так і прасунутыя. З ім можна было заўсёды абмеркаваць што-небудзь падчас альбо пасля заняткаў.

Асноўны яго падыход заключаўся ў тым, каб мы разглядалі не столькі канкрэтную мову праграмавання, колькі тое, як выглядаюць пэўныя падыходы ў напісанні кода, як уладкаваныя «ўнутранасці» моў і платформаў праграмавання. На яго лекцыях заўсёды былі дыскусіі і было вельмі цікава. Вядома, калі студэнт хацеў атрымаць карысць ад такіх заняткаў.

На экзаменах і заліках звычайна былі тэарэтычныя пытанні і нескладаныя задачы з зацверджаных білетаў. Ён нікога не валіў. Наадварот, часта ішоў насустрач і даваў шанец падумаць яшчэ. Ці падштурхоўваў да разважанняў у патрэбны бок, і студэнт разам з ім прыходзіў да адказу.

З цікавага ўзгадваецца яшчэ мерапрыемства «Блінчыкі», якое ён ладзіў: студэнты маглі прадэманстраваць самастойна напісаныя на Асэмблеры праграмы, дэмасцэны. Ён усяляк дапамагаў і кураваў такія праекты.

Дзмітрый Яўгенавіч гарэў жаданнем навучаць, асабліва «зараджаных» студэнтаў. А тым, хто не хацеў вучыцца, усё роўна прыйшлося гэта рабіць, бо здаць экзамен без ведаў у яго было немагчыма. Водгукі пра яго ў асноўным былі вельмі пазітыўныя. Мне яшчэ да паступлення рэкамендавалі «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» у тым ліку праз яго як выкладчыка.

Ніякіх канфліктаў паміж ім і адміністрацыяй БДУІР я ў той час не памятаю. Нічога негатыўнага, прынамсі, не выносілася на публіку.

«Жыве ў тым сусвеце, які сам і стварыў»

Сяргей (імя зменена), як і папярэднія апавядальнікі, вучыўся ў Дзмітрыя Аношкі на першым і другім курсах.

— Ён быў вельмі харызматычны. Для першакурснікаў ён быў тады аўтарытэтам, па-сапраўднаму цікавым выкладчыкам, з пастаяннымі прыколамі і дасціпнымі жартамі на лекцыях. У яго заўсёды было шмат цікавых гісторый. І ўражанне Аношка ствараў такое, натхняльнае. На кафедры і ў дэканаце яго любілі, як такога маладога выкладчыка, за якім нібыта будучыня кафедры і ўніверсітэта.

Здаваць яму залік/экзамен — гэта было нервова і страшна. Але праводзіліся яны з павагай, дакопвацца ён мог па сутнасці, а не праз асабістае стаўленне.

Канешне, было ў ім нешта такое, снобскае, як ад выкладчыка, які лічыць сябе геніем. Але не такім геніем, які пойдзе за ўсімі. Напрыклад, частка выкладчыкаў працавала ў ІТ-кампаніях, і працавалі ва ўніверсітэце альбо ў якасці адпрацоўкі за магістратуру/аспірантуру, альбо таму, што проста не маглі без выкладання. А Аношка пайшоў супраць большасці і супрацоўнічаў не з ІТ-кампаніямі, а з нейкімі незразумелымі дзяржаўнымі праектамі ў галінах грамадскай бяспекі, энергетыкі.

У ім заўсёды адчуваўся «нетакуся». Тыя не маюць рацыі, гэтыя не маюць рацыі, большасць не мае рацыі, а ён адзін д'Артаньян. Вось гэтая ягоная адмова ад усяго папулярнага і прывяла яго ў скептычнае стаўленне да кавіду і на пралукашэнкаўскія пазіцыі. У 2020 годзе ён скардзіўся ў дэканат менавіта на мяне за тое, што я клікаў сваіх аднагрупнікаў і аднапаточнікаў на пратэсныя акцыі ва ўніверсітэце.

Дэканаў [з тых часоў] змянілі, выкладчыкаў пазвальнялі, а ён усё заставаўся. Вось цяпер ён і жыве ў тым сусвеце, які сам і стварыў.

«Вось лухтой пазаймаліся — і давайце вучыцца»

Дзмітрый (імя зменена) вучыўся па спецыяльнасці ПЗІТ на факультэце КСіС БДУІРа з 2018 года:

— Дзмітрый Яўгенавіч вёў у нас першыя тры семестры, даваў увядзенне ў праграмаванне, Дэлфі, C і Асэмблер. Як выкладчык ён быў вельмі добры, вельмі моцна вылучаўся на фоне іншых лектараў.

Шмат выкладчыкаў ва ўніверсітэце — альбо людзі навукі з фантастычнымі ведамі, але пакутуюць ад цяжкасцяў з перадачай гэтых ведаў з-за розніцы ва ўзроўнях разумення студэнта і прафесара, альбо выкладчыкі-рэтраграды, якія адмаўляюцца ад любых іншаўвядзенняў у прынцыпе і выкладаюць па метадычках ~ 20‑гадовай даўніны. Дзмітрый Яўгенавіч жа вёў свае прадметы жыва, заўсёды адказваў на пытанні, быў вельмі ўцягнуты на лекцыях, ладзіў для ахвотных нешта накшталт алімпіяды па Асэмблеры і ў цэлым выглядаў вельмі зацікаўленым у тым, каб нас чаму-небудзь навучыць.

Ён патрабаваў, хутчэй, разумення сваіх прадметаў, а не тупога завучвання азначэнняў, што нас тады вельмі радавала. Яго залікі/экзамены, хоць і былі складанымі, здаць было цалкам рэальна. У тым ліку і таму, што можна было дэманстраваць разуменне, а не зубрэнне. Я ў яго ўсё закрыў без пераздач, хоць і перенерваваўся.

У 2020 ён не абвінавачваў нас у «здрадніцтве радзімы», але даваў зразумець, што пратэсты студэнтаў лічыць у найлепшым выпадку моладзевай дурасцю, што ніякіх падстаў для пратэстаў няма, што нас ўводзяць у зман. Перадаваў думку «вось лухтой пазаймаліся — і хопіць, пара вучыцца». На сваёй асабістай старонцы VK ён быў значна больш жорсткі і яркі.

Для многіх з нас гэта аказалася шокам, бо Дзмітрый Яўгенавіч ствараў уражанне жывога, чалавечнага выкладчыка, зацікаўленага не ў фармалізме, а ў ведах.

Каментары6

  • Док
    24.04.2026
    За что боролся на то и напоролся. Теперь только и остаётся что причитать. Товарищ Сталин, произошла чудовищная ошибка.
  • Exhibit A
    24.04.2026
    Самы ініцыятыўны лукашыст праадчуваў на сябе сістэму якую ён абараняў
  • Проста жыхар
    24.04.2026
    А, дык ён звычайны ябацька, аказваецца. Ну, тады сапраўды, за што біўся, аб тое і прабіўся. Падчас апошніх рэпрэсій былі разбураныя рэшткі механізмаў грамадскага кантролю над сістэмай адміністравання, і цяпер ніякія публічныя заклікі не дапамогуць яму дамагчыся праўды.

Цяпер чытаюць

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол2

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам мужчына наступіў на асу і памёр3

Беларускі прараб вырашыў дапамагчы падначаленаму таджыку — і выпадкова наткнуўся на расійскага паліцэйскага, які не ўзяў хабар1

«17 стабальнікаў у аднаго настаўніка». Віцебская гімназія пабіла рэкорд Ліды3

Амерыканскі экіпаж збітага верталёта Apache упершыню ў гісторыі выратавалі з дапамогай беспілотнага катара

Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтам Чэхіі3

Алесь Бяляцкі стварыў уласны фонд9

Дачніка на прабежцы суправаджаў мядзведзь

У Брэсце з'явіліся незвычайныя дарожныя арыенціры для турыстаў3

Мазаічныя вітражы, унікальныя люстры. Як рэстаўруюць галоўны ЗАГС Мінска

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол2

Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць