Вучэбка ў Пскове, абяцанне ануляваць крэдыты і судзімасці, але ні слова пра самае важнае. Як беларусаў вярбуюць на вайну
У мясцовых чатах у вайберы рассылаюць прапановы падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расіі — за гэта аўтаматам абяцаюць 35 тысяч даляраў на рукі, а таксама ануляванне крэдытаў і судзімасцяў.
Скрыншоты з адной з лакальных суполак, дзе і з’явілася прапанова пра найміцтва для беларусаў
Прапановы рассылаюць з беларускага нумара, падпісанага «Міхаілам». Да згаданага ў «вакансіі» тэлефона прывязаны профіль ва УКантакце жыхара Віцебскай вобласці Анатоля Багданава. На яго старонцы нумар дагэтуль пазначаны як кантакт для сувязі. Раней жа ён быў зарэгістраваны на грамадзянку Ганну В.
Па інфармацыі, якую «Наша Ніва» атрымала ад «Белпола», ураджэнец Полацка Багданаў меў судзімасць па артыкуле 380 КК (падробка дакументаў).
Анатоль Багданаў. Фота са старонкі ва УКантакце
У перапісцы з журналістам «Нашай Нівы» так званы «Міхаіл» расказаў, што прадстаўляе сайт easykontrakt.com і што Міністэрства абароны Расіі мае патрэбу ў цэлым букеце спецыялістаў — па яго словах, «ад стралкоў, снайпераў, сапёраў, механікаў, кіроўцаў, радыётэлефаністаў да кладаўшчыкоў, санітараў і тых, хто будзе кідаць гранаты». Для ўсіх гэтых кірункаў прадугледжваецца навучанне, якое адбываецца ў Пскове.
«Пачаць праходзіць медкамісію можна хоць сёння. Пражыванне, харчаванне, транспарт і супрацоўніка (суправаджаючага — НН) мы выдзяляем, — удакладніў суразмоўца. — Кантракт вы падпішаце ў пункце адбору».
Расцэнкі за службу па кантракце на сайце easykontrakt.com. Для службы прыдатныя кандыдаты ва ўзросце ад 18 да 64 год
На просьбу паказаць узор кантракта «Міхаіл» адмовіў.
Калі мы мужчыну пазванілі голасам, ён зноў прадставіўся Міхаілам, абазначыўшы, што ён а-ля менеджар у справе пастаўкі беларусаў у Расію. Праца гэтая была распачатая ім «паўгода таму».
«Гэта не нейкі Вася ці Валера з Украіны, гэта дзяржаўны кантракт, усё сур’ёзна».
На пытанне пра ўсведамленне адказнасці патэнцыйнага адпраўлення беларусаў на вайну, суразмоўца адпрэчыў, што «ніхто ж нікога не прымушае, усё добраахвотна». А таксама дадаў, што «не хоча палітычных размоваў». На гэтым дыялог скончыўся.
Кантакт менеджара ад Мінабароны Расіі ў тэлеграме
У аб’яве пішуць, што прапанова «не з’яўляецца наёмніцтвам». Аднак у крымінальным кодэксе Беларусі пакаранне за ўдзел у баявых дзеяннях за мяжой рэгулюецца двума асноўнымі артыкуламі — 133 і 361‑3 — і прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі, калі мэтай мелася фінансавая ўзнагарода.
Аналіз адкрытых звестак паказвае, што тэрмін жыцця ў расійскіх штурмавых падраздзяленнях складае ад двух тыдняў да пары месяцаў. Страты расійскай арміі вельмі вялікія. Па стане на 5 чэрвеня былі вядомыя імёны 225 019 расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі. Статыстыка спраў аб спадчыне дае падставы меркаваць, што агульная колькасць забітых перавысіла 352 тысячы чалавек. Пра гэта вярбоўшчыкі, у тым ліку і Міхаіл, не кажуць.
Вось нядаўнія рэальныя гісторыі беларусаў, якія завербаваліся на вайну ва Украіну:
На вайне ва Украіне загінуў мінскі амапавец
19‑гадовы курсант Акадэміі МУС набіў сабе на лбе мішэнь і паехаў штурмаваць Запарожжа
18‑гадовы курсант Вайсковай акадэміі з Ляхавіч нікому нічога не сказаў, забраў дакументы і паехаў ваяваць за Расію. Цяпер па ім плачуць
Малады смаргонскі шчыпач звольніўся з «Кранаспана» і паехаў штурмаваць Купянск — цяпер маці шукае, як атрымаць магільныя
Памятаеце беларуса-небараку, якога армяне прадалі на фронт? Украінцы выменялі яго
Чытайце таксама:
Ціханоўская ў Кіеве паразмаўляла з палоннымі беларусамі, якія ваявалі на баку Расіі