«Жэня пагадзіўся на будоўлю, а не ваяваць. І толькі калі выйдзе з запою!»: як прадалі ў расійскую армію жыхара Лёзна. Ахвяра не адна
Яўген Сіманенкаў выйшаў з дому выпіць з гасцямі са Смаленска, а апрытомнеў ужо ў расійскай арміі. І так абышліся не толькі з ім. Перад тым як ісці ў мясны штурм, мужчына гаварыў з беларускай следчай і, імаверна, наўмысна здаўся ў палон, каб трапіць дадому. Падрабязнасці.

Раней «Наша Ніва» расказвала, што Аксана Анціпенка з Лёзна шукае свайго сужыцеля — Яўгена Сіманенкава, — які трапіў у расійскія штурмавікі пры нечаканых абставінах.
«Прыехалі двое армян са Смаленска да знаёмага, паклікалі нашага выпіць, той выйшаў — і больш не прыйшоў! Прымусам вывезлі і прадалі ў вайсковую часць у штурмавікі! Карткі забралі і карысталіся ягонымі грашыма», — абуралася яна ў інтэрнэце.
Неўзабаве пасля публікацыі стала вядома, што Сіманенкаў жывы і ўжо ў Расіі — ён трапіў пад абмен украінскім і расійскім бокам.
Калі Сіманенкаў вернецца ў Беларусь, невядома — кантракт з расійскім войскам то ў яго падпісаны. Але ўжо становяцца вядомыя іншыя падрабязнасці гэтай гісторыі, якая аформілася ў крымінальную справу супраць тых самых вярбоўшчыкаў.
Аказалася, што Яўген Сіманенкаў — не адзіная ахвяра жыхароў Смаленска Нікола і Ашота Алексанянаў.
Сваякі новаспечаных расійскіх вайскоўцаў лічаць, што чалавек, які падказваў армянам асобы мясцовых алкаголікаў, гэта Мікола Парынкін з Лёзна. Пры гэтым ён, лічаць у гарадку, сам не моцна наварыўся.

«Ён і Сашу Лазукова падставіў! За бутэльку гарэлкі армянам здаў!» — кажуць лёзненцы.
Аляксандр Лазукоў — 45‑гадовы ўраджэнец Лёзненскага раёна з трыма судзімасцямі. У тым ліку, як вынікае з базы Belpol, і за палавое злачынства.

А Мікола Парынкін — жывёлавод суседняй гаспадаркі. Яго ў свой час судзілі за тое, што разам з сабутэльнікамі пасярод белага дня ўжыў гвалт да суседа, каб трапіць да таго ў дом і скрасці нешта.

На гэты момант Парынкін на волі.
«Ідзе толькі як сведка. Даў паказанні, што Алексанян папрасіў яго знайсці людзей для работы на будоўлі ў Расіі. І ён чуў толькі, што Алексаняны прапаноўвалі Яўгену [Сіманенкаву] паехаць на будоўлю, на што Жэня пагадзіўся — але толькі калі выйдзе з запою! А яго ўсё роўна павезлі! Што пацвярджаецца запісамі камер на мяжы і іншым!» — расказваюць пра сітуацыю абазнаныя.
Пры гэтым Лазукоў да фронта не даехаў, хаця кантракт падпісаў. Цяпер ён адседжваецца ў нейкай расійскай ваеннай часці і запісвае шматлікія відэа да жонкі і беларускага Мінабароны. Ён просіць дапамагчы яму вярнуцца ў Беларусь і разарваць кантракт з расійскім войскам.
А таксама ўдакладняе, што не бачыў, што падпісваў, і думаў, што едзе працаваць на вахту. І толькі ў ваенкамаце, маўляў, зразумеў, што гэта ніякая не вахта.
Таксама Лазукоў просіць завесці крымінальную справу на ўжо згаданага Парынкіна і нейкага Дзмітрыя Міхайлоўскага.
«Каханая, кахаю, ад цябе толькі цяпер усё залежыць…» — запісвае кружочкі ў тэлеграме Лазукоў.

Вяртаючыся да Сіманенкава, адметна, што той паспеў даць паказанні беларускай следчай па відэасувязі з мабільніка іншага салдата адразу напярэдадні выхаду на штурм. Следчая пераканала яго, што справа расследуецца.
Мяркуючы па гэтай інфармацыі, гэты беларус жадання ваяваць не меў. Магчыма, ён наўмысна здаўся ў палон.
«Як нам патлумачылі, калі б Алексаняны атрымалі выплаты і да адзінага рубля перадалі іх родным, то тады б іх не было за што судзіць. А так, відавочна, гэта вярбоўка: Яўгена завербавалі, каб Алексаняны карысталіся грашовымі сродкамі байца ў асабістых мэтах! Тут артыкулаў ад пяці год!» — перакананая Аксана Анціпенка з Лёзна, якая спадзяецца пабачыць свайго сужыцеля жывым.
Каментары
якая дэмакратыя, выбары, правы чалавека ? калі табе цяжка на НН напісаць 7 слоў на тытульнай мове. Сашка ледзь ходзіць, яго дзеці кіраваць РБ(ВКЛ) не змогуць . Пераход да рэспубліканскай формы кіравання залежыць ад нас 10М Беларусаў, сёння пачнём размаўляць ў хаце роднай мовай, і заўтра ў нас будзе дэмакратыя і дабрабыт, праз ЭВАЛЮЦЫЮ
імерыя пылае, не глядзі зашмат РТ