БЕЛ Ł РУС

У Беларусі запускаюць першы завод з поўным цыклам вытворчасці віскі

9.06.2026 / 16:30

Nashaniva.com

У Фаніпалі Дзяржынскага раёна рыхтуецца да запуску першая ў краіне дыстылерыя поўнага цыклу па вытворчасці віскі — «Саюз». Прадпрыемства плануюць увесці ў эксплуатацыю да канца чэрвеня 2026 года, піша Tochka.by.

Фота: fanipol.by

Віскі будуць вырабляць паводле класічнай шатландскай тэхналогіі з выкарыстаннем беларускага ячменю, вырашчанага ў Дзяржынскім раёне. Вытворчасць будзе ўключаць усе этапы: ад перапрацоўкі зерня і закісання да перагонкі, вытрымкі ў дубовых бочках і разліву гатовай прадукцыі.

На заводзе ўжо паставілі два медныя перагонныя кубы — аламбікі, якія атрымалі назвы «Казімір» і «Барбара». Лічыцца, што менавіта медзь дапамагае ачышчаць спірт ад непажаданых дамешкаў і фарміраваць характэрны водар напою.

Фота: fanipol.by

Пасля запуску вытворчасці для наведвальнікаў арганізуюць экскурсіі. Госці змогуць убачыць увесь працэс стварэння віскі, даведацца пра асаблівасці вытрымкі ў дубовых бочках, а таксама пра ўплыў сыравіны на смак і водар напою.

Для паўналетніх наведвальнікаў прадугледжаныя дэгустацыі. На другім паверсе прадпрыемства ўжо абсталявалі лекторый для адукацыйных праграм і сустрэч.

Праект рэалізуе кампанія «ДГ-Цэнтр», вядомая таксама вытворчасцю чорнай ікры пад брэндам Admiral Husso. Таму экскурсію на дыстылерыю можна будзе сумясціць з наведваннем асятровага комплексу, размешчанага побач.

Паведамляецца, што школьнікаў на вытворчасць запрашаць не плануюць, аднак для студэнтаў профільных спецыяльнасцяў такія экскурсіі могуць выкарыстоўвацца ў адукацыйных мэтах.

Чытайце таксама:

12 чэрвеня не будуць прадаваць алкаголь

Беларуская гарэлка пагоршыла свае пазіцыі ў сусветным рэйтынгу алкаголю

У Расіі забаранілі армянскі каньяк

Каментары да артыкула