БЕЛ Ł РУС

У клубным доме на Язмінавай прадаюць выдатную чатырохпакаёўку

10.06.2026 / 17:57

Лаўрын Кулеш

Квартал на вуліцы Язмінавай у Мінску — адзін з самых прэстыжных раёнаў сталіцы з малапавярховай забудовай, закрытымі дварамі побач са Сляпянскай воднай сістэмай. Цяпер там можна набыць чатырохпакаёвую кватэру плошчай 172,5 квадрата.

Фота тут і далей: Realt.by

Яшчэ паўтара дзясятка гадоў таму на месцы цяперашняй элітнай забудовы паміж лесам і Сляпянскай воднай сістэмай пасвіліся козы і каровы. Сітуацыя змянілася ў пачатку 2010-х, калі кампанія «Тапас» узвяла тут жылыя комплексы «Язмінавая-1» і «Язмінавая-2».

Жылы квартал па вуліцы Язмінавая

Праўда, у першыя гады жыхарам раёна не ставала звыклай гарадской інфраструктуры. Будаўніцтва па суседстве квартала «Маяк Мінска» вырашыла гэтую праблему.

Вуліца Францыска Скарыны. Справа размясціўся квартал малапавярховай забудовы, злева ўзвышаюцца шматпавярховікі «Маяка Мінска»

Цяпер побач ёсць усё для жыцця: ад школ і садкоў да гандлёвых цэнтраў Dana Mall і «Аляксандраў пасаж». Да метро «Усход» — хвілін 15 пешшу. Пры гэтым сам квартал захаваў адасобленасць, ён размешчаны каля лесу і Сляпянскага струменя.

Менавіта ў ім цяпер шукаюць купца на чатырохпакаёўку ў доме на вуліцы Язмінавай, 2Б. Яе плошча складае 172,5 квадратнага метра. Вышыня столяў — 3 метры.

Кватэру апісвае сайт Realt.by, яна размешчаная на трэцім паверсе шасціпавярховага дома, пабудаванага ў 2010 годзе. На кожным паверсе тут усяго па дзве кватэры, што забяспечвае дадатковую прыватнасць. Дом каркасна-блочны, з закрытай тэрыторыяй і сістэмай відэаназірання.

Паводле плана, кватэра мае чатыры жылыя пакоі агульнай плошчай 114,5 квадратнага метра і асобную кухню плошчай 16,5 квадратнага метра. Аднак уладальнікі адмовіліся ад часткі перагародак, таму кухня фактычна з'яднаная з гасцёўняй і сталовай зонай. У выніку цэнтрам кватэры стала адкрытая агульная прастора плошчай больш за 60 квадратных метраў.

Асаблівую ўвагу прыцягвае паўкруглая эркерная частка гасцёўні, якая робіць памяшканне больш светлым і візуальна павялічвае яго. З вокнаў адкрываецца від на зялёную зону і Нацыянальную бібліятэку.

На апублікаваным плане пазначаны толькі адзін санвузел плошчай 8 квадратных метраў.

Аднак на фотаздымках відаць як мінімум два асобныя санвузлы: адзін з душавой кабінай, другі — з ваннай і душам.

Таксама ў кватэры ёсць асобныя пральня і гардэробная, якіх у такім выглядзе на плане няма.

Інтэр'ер вытрыманы ў класічным стылі. У кватэры шмат дэкаратыўнай ляпніны, масіўных карнізаў, крыштальных люстраў і мэблі са светлымі фасадамі.

Кухня выкананая ў класічным дызайне з фрэзераванымі фасадамі і дэкаратыўнымі элементамі пад золата.

Інтэр'ер пабудаваны на кантрасце светлых і цёмных адценняў. Светлыя шпалеры з расліннымі ўзорамі, класічная мэбля і цяжкія шторы спалучаюцца з цёмнай падлогай пад дрэва.

Дзіцячы пакой аформлены ў больш спакойнай пастэльнай гаме.

У кватэры ёсць гаспадарская спальня з выхадам на лоджыю і яшчэ два асобныя спальныя пакоі.

У апісанні таксама згадваецца асобная каморка ў падвале.

За кватэру просяць 2,175 мільёна рублёў (каля 775 тысяч даляраў), што адпавядае прыкладна 4494 далярам за квадратны метр. Аднак канчатковая сума можа аказацца ніжэйшай: прадавец адзначае, што гатовы таргавацца.

Чытайце таксама:

Прадаецца «гатэль у беларускай Швейцарыі». Для інвестара-аматара

Самы дарагі дом у Мінскай вобласці прадалі за 1,2 мільёна даляраў

Самы дарагі дом у Беларусі ў маі прадалі за 1,8 мільёна даляраў

У Мінску прадаюць незвычайную аднапакаёўку

Каментары да артыкула