Нерухомасць33

Прадаецца «гатэль у беларускай Швейцарыі». Для інвестара-аматара

У Лагойскім раёне прадаецца турыстычны праект каля Сілічаў з гатовым бізнэс-планам і разліковай акупнасцю за 8—10 гадоў.

Так выглядае гатэльны комплекс на рэндарах праекта. Тут і далей фота: Realt.by

Лагойскі раён называюць беларускай Швейцарыяй. Узгоркі, лясы і блізкасць да Мінска зрабілі яго адным з галоўных цэнтраў загараднага адпачынку ў краіне. Менавіта тут размешчаны гарналыжны цэнтр «Сілічы», а да нядаўняга часу працаваў і комплекс «Лагойск».

Цяпер у гэтым рэгіёне на продаж выставілі незвычайны аб'ект — не дом і не базу адпачынку, а праект будучага гатэльна-рэстараннага комплексу на высокай стадыі гатоўнасці.

Комплекс размешчаны побач з трасай М3 Мінск — Віцебск пры павароце на вёску Верагі. Праз дарогу — запраўка «Беларуснафта». Да рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра «Сілічы» каля 1,5 кіламетра. На машыне ад МКАД дарога зойме каля 25 хвілін.

Паводле інфармацыі Realt.by, гатэльна-рэстаранны комплекс размясціўся на ўчастку плошчай 1,98 гектара, які знаходзіцца ў доўгатэрміновай арэндзе да 2112 года. Разам з нерухомасцю прадаецца і кампанія, на якую аформлены праект.

Асноўны будынак мае тры паверхі і агульную плошчу 1933 квадратныя метры. У абвестцы годам пабудовы пазначаны 2021-шы. Унутранай аздобы пакуль няма, але асноўныя будаўнічыя работы ўжо выкананыя.

Паводле прадаўцоў, завершанае ўзвядзенне каробкі будынка, мантаж даху, пастаўленыя вокны на ўсіх паверхах і закрыты цеплавы контур. Да комплексу падведзены газ, а водазабеспячэнне плануецца ажыццяўляць з дзвюх уласных артэзіянскіх свідравін — асноўнай і рэзервовай.

Таксама ўжо ўсталяваныя чатыры рэзервуары для чыстай вады аб'ёмам па 50 кубаметраў, сістэма ачышчэння гаспадарча-бытавых сцёкаў і газавая кацельня. На момант публікацыі абвесткі працягваліся работы па аздабленні фасадаў, закупленыя металаканструкцыі для мантажу летняй веранды рэстарана.

Згодна з праектам, комплекс павінен уключаць гатэль на 30 нумароў і рэстаран на 75 месцаў. Аднак гэтым магчымасці не абмяжоўваюцца. Прадаўцы адзначаюць, што тэрыторыя дазваляе пашырыць комплекс за кошт будаўніцтва катэджаў, SPA-зоны, дадатковых пляцовак для адпачынку і іншых турыстычных аб'ектаў.

Асобна падкрэсліваецца, што праект ужо прайшоў дзяржаўную экспертызу, а для яго распрацаваны бізнэс-план з фінансавай мадэллю, ацэнкай рызык і прагнозам акупнасці. Прадаўцоў завабліваюць абяцаннем, што інвестыцыі могуць акупіцца за 8—10 гадоў.

Гатэльны комплекс на рэндарах праекта

Яшчэ адзін аргумент для патэнцыйнага купца — праект уключаны ў праграму льготнага крэдытавання інвестыцыйных праектаў ў сферы турызму. Стаўка па крэдыце ў рамках прадуктаў Банка развіцця («Турыстычны патэнцыял») складае 6% гадавых на тэрмін да 15 гадоў. Адзначаецца, што праект рэалізуецца пры падтрымцы мясцовых уладаў.

Гатэльны комплекс на рэндарах праекта

Праўда, будучаму купцу давядзецца ацэньваць праект ужо ў новых умовах. Калі яго распрацоўвалі, адным з аргументаў была блізкасць адразу да двух гарналыжных цэнтраў — «Сілічаў» і «Лагойска». Цяпер апошні спыніў працу, таму поспех будучага комплексу ў большай меры будзе залежаць не толькі ад лыжнікаў, але і ад здольнасці прыцягваць гасцей цягам усяго года — праз загарадны адпачынак, карпаратыўныя мерапрыемствы, SPA-паслугі і іншыя фарматы турызму.

Гатэльны комплекс на рэндарах праекта

На жаль, у Беларусі пакуль прыклады паспяховых праектаў турыстычных комплексаў побач з аўтамагістралямі толькі адзінкавыя. Найбольш вядомы — Westa на трасе М1 каля Дзяржынска. За некалькі дзесяцігоддзяў з гатэля комплекс ператварыўся ў вялікі шматфункцыянальны цэнтр адпачынку і аздараўлення.

Гатэльны комплекс на рэндарах праекта

За комплекс каля павароту на Верагі разам з кампаніяй просяць 8,1 мільёна рублёў, або каля 2,9 мільёна даляраў. За такую суму ў прыгарадзе Мінска можна купіць паўтара дзясятка дамоў ці некалькі раскошных катэджаў. Але ў гэтым выпадку гаворка ідзе не пра загарадную нерухомасць, а пра вялікі турыстычны праект, які пры разумным гаспадаранні можа прыносіць добры прыбытак.

Каментары3

  • Dfr
    09.06.2026
    Уже точно лет 7 или 8 этот недострой возле трассы стоит.... подлатали и решили збагрить бизьнес и Беларусь.... ну ну....
  • цягам купцоў
    09.06.2026
    .
  • You can't ever leave
    09.06.2026
    Вэлкам у беларускую Швайцарыю
    Such a lonely place, such a lonely place

Цяпер чытаюць

Вучэбка ў Пскове, абяцанне ануляваць крэдыты і судзімасці, але ні слова пра самае важнае. Як беларусаў вярбуюць на вайну1

Вучэбка ў Пскове, абяцанне ануляваць крэдыты і судзімасці, але ні слова пра самае важнае. Як беларусаў вярбуюць на вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Што колер вашых валасоў можа сказаць пра ваша здароўе

Загінуў адміністратар вядомага Z-канала, у якім смакуюць расійскія ўдары па цывільных аб'ектах8

Кубракоў загадаў падначаленым актыўней змагацца з матацыклістамі3

Прапагандыст Баравік да Дня Расіі напісаў надзвычай бяздарны верш з яе праслаўленнем17

Якія прадуктовыя сеткі з'явіліся і зніклі ў Беларусі ў апошнія гады? Такіх нямала2

«Ён сапраўды дапамог украінскай арміі». Ва Украіне запусцілі насмешлівы флэшмоб пра Макса Каржа29

Расія будуе каля межаў з Нарвегіяй, Фінляндыяй і краінамі Балтыі вайсковыя базы на 115 тысяч салдат7

У Індыі будаўніцтва гіганцкай сонечнай электрастанцыі спыніла рэдкая птушка2

У Кобрыне дарожныя службы заасфальтавалі завулак Будаўнічы. Аказалася, што толькі на паперы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучэбка ў Пскове, абяцанне ануляваць крэдыты і судзімасці, але ні слова пра самае важнае. Як беларусаў вярбуюць на вайну1

Вучэбка ў Пскове, абяцанне ануляваць крэдыты і судзімасці, але ні слова пра самае важнае. Як беларусаў вярбуюць на вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць